Трагедыя адбылася ў суседнім раёне, але ўсхвалявала да глыбіні душы. На жніве загінуў зусім малады камбайнер адной гаспадаркі з Маладзечаншчыны. Вядома, што напярэдадні ён паспяхова прайшоў інструктаж па тэхніцы бяспекі, паказаў добрыя веды. Ды і «зялёным» навічком у хлебаробскай справе не быў – тры гады працаваў механізатарам у гаспадарцы. Па папярэдніх даных, у час трагедыі ён быў цвярозы. Дык што ж стала прычынай непапраўнага? На гэта пытанне пасля праверкі, якая зараз праводзіцца, адказ дасць Следчы камітэт. Урэшце, якім бы ні быў той адказ, маладога чалавека ўжо не вернеш. Яго жыццё абарвалася на ўзлёце, не даўшы збыцца планам і надзеям. Крыўдна і балюча. . .
На пасяджэнні райвыканкама ў мінулым месяцы галоўным пытаннем было надзвычайна важнае – аб стане вытворчага траўматызму і арганізацыя працы ў раёне за першае паўгоддзе бягучага года. З дакладам выступіў начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Віктар Сярко. Уважліва паслухала выступленне і зрабіла пэўныя занатоўкі. Пазнаёмлю чытачоў з імі.
Траўмы на вытворчасці
У першым паўгоддзі ў раёне быў адзін выпадак са смяротным зыходам – загінуў грузчык ДУП «Вілейская ЖКГ». Прычыны трагедыі ўстанаўліваюцца, вядзецца спецыяльнае расследаванне раённым аддзелам Следчага камітэта. Аднак ужо цяпер вядома, што на момант трагедыі чалавек быў у стане алкагольнага ап’янення. Хто вінаваты, што нецвярозы чалавек знаходзіўся на рабоце? Адказ на пытанне будзе, і нехта, безумоўна, панясе пакаранне.
Вясной гэтага года зарэгістраваны выпадак вытворчага траўматызму ў ААТ «Новая Вілія». Там па асабістай неасцярожнасці, выходзячы з фермы, пацярпела даярка, якая ўпала і моцна траўмавала нагу.
Няшчасныя выпадкі, якія не адносяцца да катэгорыі цяжкіх, адбыліся таксама ў СГУП «Усходні агра» і ў ААТ «Новая Любанія», дзе людзі на працы атрымалі колатую рану ступні і рэзаную рану перадплечча. Няхай сабе і не лічуцца гэтыя выпадкі цяжкімі, але падставы задумацца і зрабіць пэўныя вывады ёсць і ў кіраўнікоў гаспадарак, і ў спецыялістаў па ахове працы.
Прафілактыка
У адпаведнасці з заканадаўствам, усе выпадкі з цяжкім зыходам разглядаюцца на пасяджэнні камісіі па прафілактыцы вытворчага траўматызму і прафесійнай захворваемасці пры райвыканкаме. З пачатку года адбыліся тры яе пасяджэнні, на якіх, сярод іншых, якраз і разглядаліся вышэйназваныя выпадкі. Для аказання практычнай і метадычнай дапамогі ў забеспячэнні захавання заканадаўства аб ахове працы ў арганізацыях раёна, выяўленні і ўхіленні парушэнняў нормаў і правілаў па ахове працы, якія ствараюць пагрозу здароўю і нават жыццю працуючых, распараджэннем старшыні райвыканкама ад 21 красавіка 2016 года № 148 створана мабільная група, у склад якой уваходзяць намеснікі старшыні райвыканкама, прадстаўнікі адпаведных службаў. За першае паўгоддзе гэтай групай праведзены 73 абследаванні арганізацый, выдадзены 964 абавязковыя да выканання рэкамендацыі.
Праводзіцца работа па навучанню спецыялістаў па ахове працы, іх веды правяраюцца. У бягучым годзе прайшло пяць семінараў па ахове працы, на якіх прысутнічала 226 спецыялістаў і кіраўнікоў. Праверку ведаў па пытанням аховы працы прайшлі 44 чалавекі, з іх 27 – кіраўнікі.
Трэба адзначыць, што не ва ўсіх арганізацыях раёна ёсць спецыялісты па ахове працы. Яшчэ адна праблема– недастатковы ўзровень іх кваліфікацыі. Таму да кіраўнікоў даводзіцца інфармацыя аб перападрыхтоўцы гэтых спецыялістаў. У некаторых калектывах яшчэ не надаецца належнай увагі пытанню правядзення перыядычных медыцынскіх аглядаў працуючых. Хоць гэта, думаецца, самае галоўнае. Так, у мінулым годзе падчас медаглядаў у 205 работнікаў упершыню выявіліся захворванні, пра якія людзі не ведалі. Адной са складаемых прафілактыкі хвароб у працуючых з’яўляецца вакцынацыя супраць грыпу, якую некаторыя чамусьці ігнаруюць.
Парушылі? Адказвайце
У бягучым годзе за парушэнне патрабаванняў аб ахове працы да адміністратыўнай адказнасці прыцягнута 17 службовых асоб на суму звыш 29 мільёнаў недэнамінаваных рублёў. Усё гэта за парушэнні, выяўленыя ў раёне праверкамі Маладзечанскага міжраённага аддзела Мінскага абласнога ўпраўлення Дэпартамента дзяржінспекцыі працы. Работнікі інспекцыі нагляду і прафілактыкі Вілейскага РАНС пасля праведзеных праверак арганізацый і прадпрыемстваў накіравалі іх кіраўніцтву для выканання 234 мерапрыемстваў.
Па выніках нагляднай дзейнасці прапанавана да выканання 1857 мерапрыемстваў. Да адміністратыўнай адказнасці прыцягнуты 42 кіраўнікі і 16 службовых асоб.
Як падрыхтаваліся да жніва?
Да ўборачнай кампаніі 2016 года кіраўнікі некаторых сельгаспрадпрыемстваў так і не падрыхтаваліся належным чынам. Так, не створаны ўмовы для захавання правілаў асабістай гігіены (сталовыя ААТ «Новая Вілія», «Алая зара» і «Сцешыцы»). У шэрагу гаспадарак работы з пестыцыдамі, аграхімікатамі і мінеральнымі ўгнаеннямі праводзяцца без станоўчага заключэння тэрытарыяльнага органа дзяржагляду. Несвоечасовая камплектацыя медыцынскіх аптэчак, дрэнныя санітарна-бытавыя ўмовы, адсутнасць ці недастатковасць рукамыйнікаў, адсутнасць халадзільнікаў, ігнараванне сродкаў індывідуальнай аховы – гэта праблемныя пытанні, якія выяўляюцца пры аглядах будаўнічых пляцовак. І асноўная прычына гэтага – адсутнасць належнага кантролю з боку адказных службовых асоб, ухіленне іх ад выканання сваіх абавязкаў. Па выніках выяўленых парушэнняў санітарна-эпідэміялагічнага заканадаўства ў гэтым годзе вынесена 45 пастаноў у адносінах вінаватых у адміністратыўных парушэннях, накіравана 21 прадпісанне, 39 рэкамендацый аб ухіленні недахопаў, 18 хадайніцтваў аб прыцягненні вінаватых да дысцыплінарнай адказнасці.
Прадбачу, што хтосьці з чытачоў можа незадаволена заўважыць: «Зноў пра гэтыя прапісныя ісціны, пра патрабаванні ды праверкі…» Маўляў, не дзеці, усё добра ведаем. Але ці выконваем? А калі і выконваем, то як? Адкажыце шчыра сабе, задайце гэтыя пытанні сваім падначаленым, калегам, сябрам. Памятайце, што любая недапрацоўка, кожнае ігнараванне правілаў у любы момант можа абярнуцца непапраўным. Як гэта здарылася нядаўна ў суседнім раёне.
Падрыхтавала Ірына БУДЗЬКО