Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

На тэрыторыі Беларусі выяўлены выпадкі незаконнага абароту гарэлкі расійскай вытворчасці

Алкагольныя вырабы абкладаюцца адмысловым падаткам – акцызамі. Памер ставак замацаваны Падатковым кодэксам і штогод пераглядаецца. За адзінку абкладання прымаецца 1 літр бязводнага (стоадсоткавага) этылавага спірту, які ўтрымліваецца ў гатовай прадукцыі. На алкагольныя вырабы з аб’ёмнай доляй спірту 7 і болей адсоткаў (акрамя вінаў) стаўка акцызу на 2013 год складае 104500 рублёў. Падатак выплачвае вытворца прадукцыі і ўлічвае яго ў складзе сабекошту гатовай прадукцыі. Алкагольныя напоі таксама абавязкова павінны мець акцызную марку. Марка наклейваецца альбо вытворцам прадукцыі, альбо імпарцёрам.

Абарот алкагольнай прадукцыі знаходзіцца пад пільнай увагай як праваахоўных, так і падатковых органаў. Так, падатковыя органы вядуць улік арганізацый, якія маюць ліцэнзіі на права вытворчасці і гандлю алкагольнымі вырабамі, на падставе дэкларацый вытворцаў і імпарцёраў вядуць баланс аб вытворчасці і рэалізацыі гандлёвым арганізацыям алкагольных вырабаў. Таксама праводзяцца і кантрольныя мерапрыемствы. Трэба адзначыць, што колькасць правапарушэнняў у гэтай сферы зменшылася, але ж усё роўна такія парушэнні існуюць. Гэта звязана з тым, што незаконны гандаль алкагольнымі вырабамі дастаткова прыбытковы. Але прыбытак гэты заснаваны на горы і няшчасці, таму ніякіх апраўданняў яму не можа быць.
Апошнім часам на тэрыторыі нашай краіны выяўлены выпадкі незаконнага абароту гарэлкі расійскай вытворчасці, прычым фальсіфікаванай. Аб гэтым сведчаць наступныя факты: нумары спецыяльных марак Расійскай Федэрацыі паўтараюцца; нізкі кошт (амаль у два разы ніжэй за аналагічны прадукт беларускай вытворчасці. Дарэчы, рознічны кошт гарэлкі ў Расіі ўстаноўлены не ніжэй 170 расійскіх рублёў). У асноўным на этыкетках канфіскаванай гарэлкі пазначана, што яна выраблена ТАА “Курант”, ТАА ПКФ “Бярозка”. Згодна інфармацыі Федэральнай службы РФ па рэгуляванню алкагольнага рынку ліцэнзія на вытворчасць гарэлкі, якая была выдадзена ТАА “Курант”, ануліравана ў траўні 2011 года, а ТАА ПКФ “Бярозка” такой ліцэнзіі ніколі не мела.
За парушэнні заканадаўства, якое рэгулюе абарот алкагольных вырабаў, прадугледжана адказнасць як арганізацый, так і грамадзян. Напрыклад, перавозка, захоўванне фізічнымі асобамі, якія не з’яўляюцца індывідуальнымі прадпрымальнікамі, болей за 5 літраў алкагольных напояў, не маркіраваных акцызнымі маркамі Рэспублікі Беларусь альбо 15 літраў алкагольных напояў без дакументаў, якія пацвярджаюць легальнасць іх набыцця, могуць аблегчыць кішэнь парушальніка ад 10 да 100 базавых велічынь з канфіскацыяй гэтых напояў.
Міхаіл ЦІМАШОЎ, начальнік
падатковай інспекцыі

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 168 queries