Поліўкай на Беларусі называлі ўсе супы, акрамя тых, што мелі ўласную назву: капуста, боршч і г.д. Зрэшты, і поліўкі былі розныя – поліўка з піва называлася граматкай, з гусінай ці свіной крыві – чорнай поліўкай.
А вось рэцэпт грыбной вілейскай поліўкі.
50 г. жытняга хлеба, 25 г. сушаных грыбоў, 1 морквіна, 1 цыбуліна, 1 ст. лыжка тлушчу, 1,2 л. мяснога булёну, 0,5 шклянкі смятаны, соль.
Загадзя замочаныя грыбы адварыць. Адвар працадзіць праз складзеную ўдвая тканіну, грыбы накрышыць. Жытні хлеб нарэзаць лустачкамі, падсушыць у печы, скрышыць, заліць невялікай колькасцю гарачага булёну, накрыць, пачакаць, пакуль астыне. Потым хлебную масу працерці праз сіта, змяшаць з рэштай булёну, уліць грыбны адвар. Абсмажыць на тлушчы дробна парэзаныя моркву і цыбулю, пакласці ў кіпячы булён. Дадаць падрыхтаваныя грыбы, соль. Варыць 7 – 10 хвілін. Падаваць поліўку са смятанай.
Смачна есці!