Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Наяўнасць чэка – гэта гарантыя правоў пакупніка на вяртанне няякаснага тавара

Падатковыя органы пры правядзенні кантрольных мерапрыемстваў асаблівую ўвагу надаюць адлюстроўванню суб’ектамі гаспадарання выручкі ад рэалізацыі тавараў, паслуг. Разам з другімі паказчыкамі дзейнасці выручка з’яўляецца аб’ектам падаткаабкладання. І калі ў сферы безнаяўных разлікаў спробы ўтойвання выручкі носяць адзінкавыя выпадкі, то пры разліках наяўнымі грашовымі сродкамі нядобрасумленныя падаткаплацельшчыкі не заўсёды адлюстроўваюць рэальныя памеры выручкі.

Заканадаўствам устаноўлены абавязак прыёму наяўных грашовых сродкаў з выкарыстаннем касавых падсумоўваючых апаратаў, тэрміналаў, а ў асобных выпадках з дапамогай адмысловых дакументаў – квітанцый, ордэраў, білетаў. Касавыя апараты павінны ўсталёўвацца такім чынам, каб пакупнік мог візуальна назіраць за інфармацыйным табло. Калі ж апарат не мае ў сілу канструктыўных асаблівасцей такога табло, то ён павінен быць устаноўлены для візуальнага прагляду пакупніком самога апарата. Нагадаем, што кожнаму пакупніку абавязкова выдаецца чэк касавага апарата. Наяўнасць чэка – гэта гарантыя правоў пакупніка на вяртанне няякаснага тавара, а таксама на правільнасць правядзення разлікаў. Многія тавары маюць пэўныя срокі гарантыі, таму чэк пры вяртанні бракаванага тавара незаменная рэч. Бываюць і такія выпадкі, калі пакупнік на паліцы бачыць адзін кошт на тавар, а на касе разлічваецца за яго ўжо па іншай цане. Таму пры дапамозе чэка ў такім выпадку можна прад’-явіць прэтэнзіі прадаўцу, а таксама патрабаваць кампенсацыю за падман.
За парушэнні парадку прыёму наяўных грашовых сродкаў прадугледжана адміністратыўная адказнасць. Так, калі грашовыя сродкі прыняты без дапамогі касавага апарата, на віноўную асобу можа быць накладзены штраф у памеры ад 20-ці да 50-ці базавых велічынь. За такія парушэнні пры эксплуатацыі касавага апарата як невыдача чэка пакупніку, усталяванне апарата без яго візуальнага прагляду пакупніком памер штрафа можа дасягаць для індывідуальнага прадпрымальніка да 100 базавых велічынь, а для юрыдычнай асобы да 200 базавых велічынь. Акрамя таго, выяўленыя парушэнні з’яўляюцца падставай для правядзення пазачарговай праверкі дзейнасці суб’екта гаспадарання.
Кантроль за адлюстраваннем выручкі ў розных краінах мае свае асаблівасці. Так, у Італіі фінансавыя жандармы маюць права спыніць любога пакупніка пры выхадзе апошняга з магазіна і праверыць у яго наяўнасць чэка на купленыя тавары. Пры адсутнасці чэка штраф плаціць не прадавец, а пакупнік.
Міхаіл ЦІМАШОЎ,
начальнік падатковай інспекцыі

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 168 queries