Звароты, якія зараз разгледзім, аб’ядноўваюць галоўнае – усе яны з падзякай добрым людзям.
Жыхары першага пад’езда дома № 8 корпус 1 па вуліцы Незалежнасці шчыра дзякуюць за рамонт працаўнікам ЖРЭУ-1 пад кіраўніцтвам майстра Людмілы Пацковай.
– Зацэментавалі плашчадку, зрабілі добрым уваход у падвал, паставілі новыя дзверы з сеткай, – гаварыла жанчына ад імя ўсіх жыхароў. – Цяпер усё ў нас у парадку, не будзе ўжо стаяць вада ля ўваходу ў падвал і дзверы такія дабротныя… Дзякуй за такую дапамогу.
Жыхарка Маладзечна Ніна Кавалевіч даслала ў рэдакцыю ліст са словамі падзякі медработнікам неўралагічнага аддзялення Вілейскай ЦРБ. «Па іроніі лёсу мне выпала трапіць у сцены вілейскай бальніцы, – напісала Ніна Пятроўна, – і нічога не магу сказаць, акрамя слоў падзякі ўсяму персаналу».
Жыхарка аграгарадка Ерхі Вольга Фірс патэлефанавала з цёплымі словамі ў адрас мясцовых культработнікаў і, у прыватнасці, бібліятэкі.
– Вялікую і патрэбную работу яны робяць, – лічыць жанчына. – Столькі цікавых мерапрыемстваў праводзіцца! Цікава і дарослым, і дзецям. Вось і мае ўнучкі, прыязджаючы да мяне, любяць бываць у бібліятэцы, удзельнічаюць у разнастайных мерапрыемствах. Нядаўняе свята «Кінь «мышку» – вазьмі кніжку» нам усім вельмі спадабалася. Гэта вельмі правільна – адарваць нашых дзяцей ад камп’ютараў, прыцягнуць іх да чытання. Хутка ў бібліятэкараў свята, і я ад усяго сэрца віншую іх усіх, нашу Жанну Андрыеўскую ў тым ліку, і жадаю ўсяго самага-самага найлепшага.
Яшчэ адна падзяка – ад Вілейскай раённай арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа. Яе старшыня Святлана Лях даслала цёплыя словы падзякі калектыву і дырэктару аўтобуснага парка Леаніду Гамолку за спонсарскую дапамогу ў наведванні валанцёрамі Жыровіцкага Свята-Успенскага манастыра. «Жадаем, каб імкненне тварыць дабро суправаджала Вас доўгія гады», – напісала Святлана Іосіфаўна.
А пенсіянер з пасёлка Партызанскі Анатоль Пятровіч Кулеш шчыра дзякуе работнікам Вілейскай ЖКГ Марыі Андрыеўскай і Святлане Ракецкай. «Нядаўна вырашыў здаць непатрэбную макулатуру, сабраў 150 кілаграмаў, – расказаў пенсіянер. – Патэлефанаваў у ЖКГ, яны прыслалі машыну, дапамаглі пагрузіць і на месцы разлічыліся. Навёў парадак дома і будзе мне на смачненькае. Дзякуй ім».
Такія вось шчырыя словы, ад якіх цяплей і святлей кожнаму.
Ірына БУДЗЬКО.
Фота прадастаўлена Ерхаўскай бібліятэкай