Гэта з поўным правам можа сказаць гераіня маёй публікацыі.
Усё жыццё Зоі Козел прайшло ў родным Залессі. З маленства і да шасцідзесяці гадоў (юбілей яна адзначае сёння) жанчына жыве ў роднай вёсцы, у хаце, якую некалі збудаваў бацька.
– Тата з мамай у вайну былі вывезеныя ў Германію, – узгадвае Зоя Міхайлаўна, – і вярнуліся адтуль са старэйшай дачкой на руках. Жыць не было дзе, у бабулі сям’я была вялікая, вось і ўзяўся тата будавацца. Тут, у гэтай хаце, мы ўсе, пяцёра дачок, і гадаваліся. Тата хацеў мець памочніка, думаў пра сына, а Бог даваў толькі дзяўчат. Што ж зробіш, дапамагаць трэба было, таму вучыў нас нялёгкай справе. Памятаю, трэба было дзялку касіць, дык мы з сёстрамі пабралі косы і за працу. Нехта з мужчын тады тату сказаў: «Навошта табе сыны, у цябе дзяўчаты вунь як лоўка ўпраўляюцца…»
За плячыма Зоі Міхайлаўны – тры дзясяткі гадоў нялёгкай працы ў цаху са шкоднымі ўмовамі мясцовага шклозавода. А калі прадпрыемства перастала працаваць, жанчына, якой не было яшчэ пяцідзесяці, засталася б без справы. Ды кіраўнік мясцовай гаспадаркі, які ведаў Зою Міхайлаўну як адказную працаўніцу, прапанаваў стаць загадчыцай фермы ў Шыманах. Згадзілася – і з абавязкамі спраўлялася належным чынам. А пазней, так склаліся сямейныя абставіны, жанчыну прызначылі лабаранткай у саўгасе. «Усё малако – і саўгаснае, і людское – праходзіла праз мае рукі», – прыгадвае Зоя Міхайлаўна.
Лёгкая на пад’ём, нераўнадушная і спагадлівая, на заслужаным адпачынку яна не сядзела без справы. Вялікая гаспадарка, агарод, «соткі» – з усім гэтым Козелы спраўляюцца без праблем. Ля жывёлы, зазначыла мая суразмоўца, больш завіхаецца гаспадар, Уладзімір Мадэставіч. Управіўшыся з канём, курамі (карову не так даўно збылі), ён спяшаецца на працу. А клопатаў у дарожнага рабочага ДЭУ-63 нямала: дагледзець свой немалы ўчастак, сачыць, каб усюды былі чысціня і парадак. Улетку – на веласіпедзе, зімой – на сваім коніку спяшаецца ён на працу.
– Стараецца, таму і падзякі мае, – кажа пра мужа Зоя Міхайлаўна. – І дома ўсё на ім. Урэшце, хочацца ж і дзецям ды ўнукам дапамагчы.
У сталіцы жывуць трое дзяцей Козелаў – дачка і два сыны. На трактарным заводзе, падзялілася жанчына, працуе цэлая дынастыя іх сямейства: дачка, сыны, зяць, унукі… Знайшлі сябе яны ў горадзе, а не ў роднай вёсцы. Так склалася, і бацькі не наракаюць – галоўнае, каб дзецям было добра. Тады і ім, бацькам, будзе спакойна.
Пайшоў трэці год, як Зоі Міхайлаўне даверылі быць вясковым старастам. Урэшце, функцыі яго жанчына выконвала і раней – менавіта да яе чамусьці звярталіся і за парадай, і за канкрэтнай дапамогай.
– Дачнікі купляюць у вёсцы дамы – да мяне з пытаннямі, некаму з іх патрэбны будматэрыялы – таксама просяць пракансультаваць, – дзеліцца жанчына. – Цяпер вось іх летнікі пустуюць, а ключы ад хат многія давяраюць мне. Затое ўлетку вёска гудзе, усе з’язджаюцца. Цяпер жа цішэй, бо карэнных жыхароў засталося хат дванаццаць. У нас такая прыгажосць летам! Чысціня, кветкі ля дамоў… Сёлета апошні пусты дом купіў дачнік. Як прыехаў у вёску, дык аж здзівіўся: «Як у вас прыгожа, які парадак усюды!» Стараемся, гаспадыні адна перад адной, нікога не трэба прымушаць. Я і сама вельмі кветкі люблю. Ружы, лілеі… А яшчэ не магу без лесу. Ягад, грыбоў і для сябе назбіраю, і на продаж. Летам для старанных людзей нядрэнныя заработкі. Вось і я стараюся…
Вясковы стараста, яна жыве клопатамі і радасцямі аднавяскоўцаў. Нешта доўга не з’яўляецца на падворку суседка. Ці не зрабілася што? Зоя Міхайлаўна абавязкова праверыць. Другой суседцы спатрэбілася запісацца па тэлефоне на прыём да ўрача. Здавалася б, справа няцяжкая, а ў Міхайлаўны гэта лепш атрымліваецца… А нехта даведаўся, што яна, стараста, ездзіла па святых мясцінах. Як там было, што бачыла? І Зоя Міхайлаўна расказвае, не прамінуўшы нагадаць пра асноўныя хрысціянскія запаведзі і пра ўсеабдымную любоў да таго, што побач: роднай зямелькі, блізкіх, суседзяў…
Сёння ў доме Козелаў будзе людна. На юбілей да Зоі Міхайлаўны з’едуцца родныя, блізкія, дарагія ёй людзі. А іх у гэтай жанчыны многа. Ды месца і ў хаце, і ў сэрцы юбіляркі хопіць усім. Вось і мяне, калі развітваліся з ёй, Зоя Міхайлаўна шчыра запрасіла: «Прыязджайце, буду вельмі рада». Дзякуй Вам, вясковы стараста. А наша сустрэча, я ўпэўнена, некалі будзе. Абавязкова.
Ірына БУДЗЬКО.
На здымку: Зоя Козел з дыпломам ад РОЧС, які ёй уручаны за вялікую работу па забеспячэнні бяспекі жыццядзейнасці землякоў.
Фота прадастаўлена Наталіяй РАДЗЕВІЧ