Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Жыхарка вёскі Курнікі адзначыла стогадовы юбілей

Такім ён выпаў жыхарцы вёскі Курнікі Іжскага сельсавета Кацярыне Іванаўне Грышкевіч, якая нядаўна адзначыла стогадовы юбілей. Як і ўсім з таго пакалення, давялося ёй перажыць усе выпрабаванні – вайну, пасляваенную разруху, цяжкую працу ў калгасе… Ды гэта тое, што перажывалі ўсе. А вось асабістае… Вельмі рана пайшоў з жыцця муж Кацярыны Іванаўны, удзельнік Вялікай Айчыннай. Пазней было яшчэ адно гора – заўчасная, усяго ў сорак з невялікім, смерць адзінага сына. Праз пэўны адрэзак часу давялося бабулі вытрымаць і яшчэ адзін удар лёсу – смерць адзінай унучкі. Здавалася б, не перажыць гэта ўсё. А куды ж дзенешся…

– Іншы б ад такога гора ачарсцвеў душою, адгара-дзіўся б ад усяго свету, – разважае старшыня Іжскага сельсавета Валянціна Навасёлак, – а наша Кацярына Іванаўна, нягледзячы ні на што, захавала душэўную дабрыню, спагаду. Вяскоўцы заўсёды любілі і любяць яе, маўляў, больш сардэчнай і добразычлівай жанчыны ў Курніках і няма. Усё сваё жыццё Кацярына Іванаўна многа працавала. Хто ведае, магчыма, гэта і давала ёй сілы жыць і пераадольваць усе цяжкасці. Выйшаўшы на пенсію, не села дома, а яшчэ доўгі час не-не ды і дапамагала па магчымасці мясцовай гаспадарцы. Ды і дома ўсюды паспявала – трымала гаспадарку, апрацоўвала «соткі» і агароды. Цяпер у юбіляркі жыўнасці на падворку няма, а вось агарод мае. Ды і не абы-які. – Ужо як ні ўгаворваю адмовіцца ад яго – не слухаецца, – расказвае пляменніца стогадовай пенсіянеркі Любоў Міхайлаўна Корсак, якая жыве ў вёсцы Кульшыно Любанскага сельсавета. – Не можа яна, каб проста так сядзець і ўсё. Мінулай зімой тры месяцы была цётка ў мяне, дык для яе гэта стала такім выпрабаваннем! Гэта ж падумаць – на ўсім гатовым. Усё прасілася і прасілася ў сваю хацінку… Сёлета таксама ўгаворваю, каб пераехала да нас, усё адкладае штораз, маўляў, праз тыдзень забярэш… Дома ж Кацярына Іванаўна робіць звыклую сваю справу: штораніцы паліць печ, рыхтуе сабе няхітрую страву, сустракае і праводзіць сацработніка. А то прысядзе за стол, пачытае газету ці адарваны лісток календара… Штовыхадныя чакае любімую пляменніцу Любу з мужам Генадзем, якія сталі бабулі роднымі дзецьмі. Ведае,што яны да яе – з адкрытым сэрцам, шчырымі клопатамі. І цяплей на сэрцы – не адзінокая на белым свеце. Радасна было бабулі Кацярыне, калі ў яе хаце сабралася сапраўднае свята – павіншаваць яе са стогадовым юбілеем прыехалі з упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама на чале з начальнікам Віктарам Ляцягам, старшыня Іжскага сельсавета Валянціна Навасёлак, сацработнікі, іжскія самадзейныя артысты. Уручылі юбілярцы віншавальны адрас ад раённай улады, падарункі, ласункі. Было многа цёплых слоў, успамінаў, пажаданняў, а калі мясцовыя артысты заспявалі, не ўтрымалася і сама юбілярка – зацягнула песню сваёй моладасці, у якой – пра маладосць, каханне і здраду. Карацей, пра жыццё, якое не бывае лёгкім. Але жыць трэба дастойна, годна. Як гэта робіць і сама яна. Здароўя Вам і яшчэ многа зімаў і летаў, шаноўная Кацярына Іванаўна! Ірына БУДЗЬКО. На здымку: стогадовая юбілярка Кацярына Іванаўна Грышкевіч і тыя, хто прыйшоў яе павіншаваць. Фото прадастаўлена  Аленай Чаўлытка

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 185 queries