Вёска Карэкаўцы на Вілейшчыне вядома не толькі ў раёне, але і далёка за яго межамі. Жыхары вёскі ўжо не дзівяцца, калі на іх вуліцы з’яўляюцца пасольскія машыны, бо ведаюць, што завітала чарговая дэлегацыя на экскурсію. А ўсё таму, што тут размяшчаецца ўнікальны мемарыяльны комплекс. Спачатку, на ўездзе ў Карэкаўцы з’явілася каплічка, якая ўзведзена ў гонар аднавяскоўцаў і жыхароў суседняй вёскі Лявонавічы – і тых, хто вярнуўся з Вялікай Айчыннай вайны, і тых, хто загінуў на чужыне. Затым з’явіўся памятны знак на валуне, усталяваны ў гонар 600-годдзя вёскі, пазней на другім боку дарогі ўсталявалі памятны знак, прысвечаны Эдварду Жалігоўскаму – паэту-дэмакрату 19 стагоддзя, які нарадзіўся тут. Недалёка пасадзілі дубовы гай у гонар Тараса Шаўчэнка, які сябраваў з Жалігоўскім, і ў гонар сяброўства якіх тут устаноўлены памятны знак. Узводзілася ўсё саборна разам з мясцовай ўладай, краязнаўцамі, украінскай дыяспарай, але нязменна пры ўдзеле галоўнага ініцыятара і колішняга старасты вёскі Карэкаўцы Пятра Максімавіча Саковіча.
Аднак, гэта прадгісторыя, якая падводзіць чытача да цікавай інфармацыі. Не адзін год мы знаёмы з Пятром Максімавічам, а вось нядаўна сустрэўшыся ў горадзе, пачуў ад яго цікавае запрашэнне:
– Прыязджай ў Карэкаўцы, пачастую цябе ўласна вырашчанымі персікамі, іх у мяне ў гэтым годзе ўрадзіла больш сотні на дрэве.
Ці то праўда, ці то гумар, вырашыў праверыць на ўласныя вочы.
Тое, што ў Беларусі карэнна змяняецца надвор’е гэта мы бачым штогод. Ужо паўсюль вырошчваюць кавуны – салодкія і чырвоныя. Але, персікі…не сустракаў.
Прыехаўшы да сядзібы Саковічаў, адразу пабачыў гаспадара, які запрасіў у двор.
– Позна прыехаў, ужо вядры два персікаў сабралі з дрэва, але крыху засталося.
«Крыху» гэта было сказана памяншальна, бо дрэва яшчэ поўна зіхацела яскравымі персікамі. Майму здзіўленню не было межаў.
– Як жа Вам удалося вырасціць такое цуда?
– Ніякага цуда няма. Пасадзілі звычайную костачку ад пакупнога персіка і вось. Дрэўца маладое, яшчэ толькі пяты год сядзіць.
– Гэтаму дрэўцы толькі чатыры гады?
– Так. Пасадзілі за хатай, тут зацішна і сонечна. Персік баіцца скразнякоў.
Агледзеўшыся навокал, паўсюль убачыў маладыя дрэўцы яблынь, груш і ўсе яны былі абсыпаныя пладамі. Вось сад дык сад.
– А вось мае грушы…
І Пётр Максімавіч працягвае мне грушу вагой грамаў пяцьсот.
– Калі вы мне зараз пакажыце бананавую пальму, ўжо здзіўляцца не буду.
– Не, бананаў няма, а вось гранат пасадзілі – і Валянціна Юр’еўна, жонка і бліжэйшая паплечніца гаспадара, паказвае мне ўжо даволі узяўшаяся дрэўца.
І сапраўды, гаспадарка заўжды добрая і ўсё буяе, калі ёсць «моцныя» гаспадары.
А беларусы ўжо могуць жыць самастойнай «гаспадрчай бяспекай», незалежачы ад імпарту – персікі, арбузы свае, рачная фарэль водзіцца ў нашай Пеле – усе «заморскія прысмакі» маюцца, чаго яшчэ…
Сяргей ГАНЧАР.
Фота аўтара