Менавіта такімі ўсмешлівымі, пазітыўна настроенымі сабраліся насельнікі Жараў, былыя і цяперашнія, каб адзначыць свята сваёй вёскі. А яна ўспамінаецца ўжо ў гістарычных летапісах 16-ага стагоддзя. У кожнай назвы – свая этымалогія, сэнс, які толькі з пэўнай доляй умоўнасці можа быць раскрыты нашчадкамі. Ёсць версія, што некалі ў гэтых мясцінах пад участкі для земляробства выпальваўся векавы лес (паліць, жарыць – славянскі кантэкст паняцця). Мае права на існаванне і іншы кантэкст: народ у Жарах – гарачы (жаркі), хуткі на пад’ём. Абедзве версіі пад апладысменты прысутных агучылі вядучыя святочнай дзеі.
У 1940 годзе, перад самым пачаткам вайны, пасля ўз’яднання Беларусі, вёска стала цэнтрам Жарскага сельсавета: 73 гады, да зусім нядаўняга часу, у Жарах працаваў сельвыканкам. Апошнія 25 год яго ўзначальваў Уладзімір Іваноў.
У лепшыя свае часы вёска мела пачатковую школу, клуб, бібліятэку, магазін, камбінат бытавога абслугоўвання, аддзяленне сувязі – лічыце, уся інфраструктура цяперашняга аграгарадка. І нават – дзіцячы сад-яслі. Быў ён калісьці запатрабаваны. А ну, як па зваротнай пойдзе сёння працэс? Марыць, кажуць, не шкодна. Бо пачатак гэтаму руху ў Жарах пакладзены. На свяце прысутнічаў самы маленькі жыхар вёскі – Станіслаў Ільіч Таўгень, – так годна прадставілі немаўлятка прысутным вядучыя. І, магчыма, праз колькі часу матуля раскажа Стасіку, як віталі яго на свяце землякі, як ушаноўвалі тых юбіляраў і імяніннікаў верасня месяца, што на падмурку, узведзеным продкамі, ладавалі светлы будынак дабрабыту сваёй вёскі. Менавіта яны сталі пераемнікамі традыцый, жыццёвага ўкладу сялян, у многім адметнага, пазначанага добрымі звычкамі, звязанымі з чыста вясковым бытам. Яўген Палудваранін, да прыкладу, выразае з дрэва, Вера Бяганская – вышывае, а Людміла Камарова – агульнапрызнаны вясковы кулінар. А самая паважаная асоба ў Жарах – вядома ж, Анастасія Сакалова, ветэран Вялікай Айчыннай вайны, якой споўнілася 93 гады. За час свайго існавання неаднойчы сумавала і радавалася вёска, прыходзіла ў роспач і зноў набіралася сіл. Сумна, з прадчуваннем незваротных страт, адпраўлялі Жары на фронт сваіх сыноў. Чатырнаццаць не вярнуліся з той страшнай вайны, знайшлі вечны спачын на чужой зямлі. На ўспамін аб іх – помнік-абеліск. І сёння зноў узнаўляюць памяць імёны паўшых. Бо любая радасць агорана сумам. Толькі тады мы маем права звацца людзьмі, калі глыбока ў сэрцах хаваем боль па тым, што незваротна страчана, калі схіляем голаў перад дарагімі імёнамі і ідзём на паклон да родных мясцін. А перад пустымі акяніцамі зачыненых назаўсёды хат молімся слядам сваіх продкаў. Гэта дзякуючы ім, у прасторы і часе яшчэ існуе вёска. А тыя, хто тут жыў і жыве, заслугоўваюць самай шчырай людской падзякі. І яна гучыць на свяце чарговым музычным нумарам, у выкананні самадзейных артыстаў Людвіноўскага сельскага Дома культуры.
Калгас імя Кірава, пасля – імя Чарняхоўскага, сёння – адкрытае акцыянернае таварыства «Сцешыцы» – мяняліся назвы і формы калектыўнай уласнасці на жарскай зямлі. Толькі людзі заставаліся такімі ж, як былі: шчырымі, працавітымі, гатовымі гасцінна расчыніць дзверы кожнаму, каму патрэбны быў часовы альбо пастаянны прытулак на гэтай зямлі. Некалі прыехала сюды некалькі сямей з Казахстана. Абнадзееныя людской шчырасцю, яны прыжыліся тут, хто не меў – абзавяліся сем’ямі, пусцілі трывалыя карані. Шчыра віталі прысутныя Уладзіміра Лучанка. Ён працаваў галоўным аграномам у былым калгасе імя Чарняхоўскага, цяпер на такой жа пасадзе – у адкрытым акцыянерным таварыстве «Алая зара».
На свяце ўшанавалі жанчын, якія выхавалі трох і больш дзяцей, заклікалі ўсіх дарыць ім прыгожыя ўчынкі і словы. Падводзілі вынікі агляду-конкурсу на лепшае падвор’е. Пераможцай прызнана сяліба
– Бясспрэчна, у сельскіх жыхарах – асаблівая душа і адметнасць. А галоўныя іх рысы – адкрытасць, настрой на сяброўства, багаты ўнутраны свет. Менавіта ў вёсцы пануе атмасфера спакою і чысціні. І ўсё гэта я адношу да жыхароў Жараў, – прывітала прысутных старшыня Людвіноўскага сельвыканкама Наталля Шавялёва. – Сёння на свяце ў большасці – пенсіянеры. Са спрацаванымі рукамі і напоўненымі святлом жыццёвай мудрасці вачыма. – У глыбокай і ўдзячнай цішыні прагучалі словы кіраўніка мясцовай улады.
А напрыканцы Наталля Леанідаўна шчыра падзякавала тым, хто дапамог стварыць свята: работнікаў Людвіноўскага і Сцешыцкага Дамоў культуры і бібліятэкі, загадчыцу магазіна ў Жарах Алену Буглак, сацыяльных работнікаў.
Марыя КУЗАЎКІНА.
Фота прадастаўлены Наталляй ШАВЯЛЁВАЙ












