Лепш раз пабачыць, – гэтым, увогуле слушным, сцвярджэннем кіраваліся ўдзельнікі абласнога семінара, які ў мінулую пятніцу прайшоў на Вілейшчыне. Візуальнае знаёмства са станам населеных пунктаў і парадкам на зямлі было запланавана яго арганізатарамі – абласным і раённым Саветамі дэпутатаў, вілейскім райвыканкамам. Аўтобусы з удзельнікамі выехалі па двух маршрутах: адзін узяў курс на Асіпавічы, другі кіраваўся ў напрамку Вязыншчыны.
Паколькі ў працэсе падрыхтоўкі першага маршрута аўтар гэтых радкоў прымала непасрэдны ўдзел як адказная ад раённага выканаўчага камітэта, уражанняў гасцей чакала з хваляваннем. Як і непасрэдныя выканаўцы мерапрыемстваў, акрэсленых раённай праграмай па добраўпарадкаванню. І сельскі Савет, і мясцовая гаспадарка, аб’яднаўшы намаганні, прыклалі ўсё магчымае, каб населеныя пункты мелі годны выгляд, а дагледжаная, хоць і ў замеці лістапада,зямля выклікала ў гасцей толькі станоўчыя эмоцыі. Мяркуючы па іх эмацыянальнаму стану, запланаванае здзейснілася. Спадабалася ўпарадкаванасць вёсак. Уразіў стан жывёлагадоўчай фермы падсобнай гаспадаркі «Асіпавічы»: заасфальтаваная тэрыторыя, укормленая жывёла на выгульных дварах. Такі парадак ні за дзень, ні нават за месяц не здзейсніш. Відавочна, гэта сістэма гаспадарання на зямлі, якая ўкараняецца ў цесным супрацоўніцтве дзвюх улад. Сам адміністрацыйны будынак сельскага Савета адным сваім выглядам выклікае павагу да тых, хто сёння тут здзяйсняе мясцовую ўладу. Новая зала шлюбаў, з «сэрцамі», перавітымі кветкамі, якія дызайнер удала размясціў на дывановай дарожцы, нібы запрашае маладых уступіць на яе некранутую чысціню…
Добрыя ўражанні пакінуў і Нарачанскі сельсавет: дагледжаная інфраструктура аграгарадка, разараная і апрацаваная, згодна сучасных тэхналогій, зямля, рэканструяваная, з даільнай залай, малочнатаварная ферма каля Рускага Сяла… Тое, што для нас ужо звыкла, гасцям – у навінку. Яны цэняць адметнасць вілейскага ландшафту, удасканаленага бачным вынікам чалавечай у ім прысутнасці. Паспеўшы асэнсаваць інфармацыю наконт збору на агледжанай тэрыторыі цвёрдых бытавых адыходаў, удзельнікі семінара ўбачылі добраўпарадкаваны міні-палігон каля вёскі Шылавічы і праслухалі тлумачэнні на гэты конт намесніка дырэктара вытворчага аб’яднання жыллёва-камунальнай гаспадаркі Марыны Андрыеўскай. Уважлівымі паглядамі акідвалі прысутныя ўнікальны мемарыял былых вёсак, аналогаў якому, смела можна сцвярджаць, яны ў Беларусі не бачылі. Увекавечаная ў камені памяць – гарантыя нашага незабыцця, захавання ў нашчадках не толькі крыві, але і духоўнай існасці прашчураў…
Пачэрпнутыя ў выніку агляду тэрыторыі ўражанні сталі асновай для абмеркавання праблемы на плянарным пасяджэнні. Яно ішло ўжо не ў эмацыянальным, а зацікаўлена дзелавым рэчышчы. Старшыня райвыканкама Яўген Сініла, разважаючы аб ходзе рэалізацыі раённай праграмы, засяродзіў увагу і на нявырашаных пакуль праблемах: запланаваных рэканструкцыях гарадскога стадыёна і парка. У апошнім запраектавана добраўпарадкаванне набярэжнай, дзіцячых атракцыёнаў. Прадстаіць рамонт фасаду Вілейскага Палаца культуры.
Мэтанакіраваная работа па праграме, зазначыў Яўген Сініла, вызначыла моцныя і слабыя бакі ў дзейнасці ўлад, іх магчымасці разам вырашаць пастаўленыя задачы.
Свае заўвагі і прапановы выказала старшыня раённага Савета дэпутатаў Наталля Радзевіч. На яе думку, у раёне склалася і ўжо зарэкамендавала сябе сістэма ў пытаннях добраўпарадкавання тэрыторыі і навядзення парадку на зямлі. Гэта клопат не толькі ўлад, але і ўсяго дэпутатцкага корпусу, санітарных камісій, старастаў вёсак і старшынь вулічных камітэтаў. Атрымалася, што ўдзельнікі семінару на практыцы змаглі назіраць дзейснасць закону аб мясцовым самакіраванні. Бо менавіта з дапамогай свайго актыву мясцовыя Саветы на Вілейшчыне правялі маштабную работу па арганізацыі збору цвёрдых бытавых адыходаў, што вельмі істотна для навядзення парадку на зямлі.
Актуальная сёння праблема стварэння ў вёсцы спецыялізаваных участкаў ці брыгад па добраўпарадкаванню, – лічыць Наталля Радзевіч. – На іх будуць сканцэнтраваны тэхніка і людзі, што змогуць арганізаваць гэту справу на ўзроўні сучасных патрабаванняў.
Застаюцца пытанні рамонту ці зносу сельскіх магазінаў, арганізацыі работы з насельніцтвам па добраўпарадкаванню асабістых сядзіб і вясковых могільнікаў.
Жыллёва-камунальную тэму лічыць галоўнай у навядзенні парадку на зямлі і старшыня абласнога Савета дэпутатаў Святлана Герасімовіч. Спецыялізаваныя прадпрыемствы могуць быць створаны пры бытавым абслугоўванні альбо любой іншай гаспадарчай структуры. Важна, каб яны былі, формы ж могуць быць розныя. Старшыня абласнога Савета акцэнтуе ўвагу на развіцці аграэкасядзіб, арганізацыі аўкцыёнаў па продажу зямельных участкаў. З мэтай папаўнення сваіх бюджэтаў апошнім могуць займацца ўсе сельскія Саветы.
Выказаліся адносна ўбачанага і пачутага і іншыя ўдзельнікі мерапрыемства:
– Работа зроблена вялікая. Бачна, што прыцягнута насельніцтва. Была ў раёне восем год назад: змены – навідавоку.
– Добры стан дарог. Упарадкаваны памятныя мясціны, стан горада, асабліва яго цэнтра, прыемна ўражвае. Добрая нагляднасць у адміністрацыйных будынках сельскіх Саветаў. Добра, што ў выдаткаванні сродкаў на добраўпарадкаванне ўдзельнічае само насельніцтва. Значыць, падбор стараст адпаведны, бо гэта вынік іх намаганняў, іх умела наладжанага дыялогу з людзьмі і сілы ўласнага прыкладу.
Кіраўнік вядомага ў краіне агракамбіната «Сноў» Мікалай Радаман, старшыня камісіі па аграрных пытаннях абласнога Савета дэпутатаў, акцэнтаваў увагу на ўключэнні ў севазварот пустуючых зямель, праблемах меліярацыі. Вырашэнне гэтых пытанняў ён назваў важнейшай задачай, якую павінен і здольны вырашыць дэпутацкі корпус. Трэба зазначыць, што Мікалай Вячаслававіч не павярхоўна знаёмы з праблемай: у яго гаспадарцы яна паспяхова вырашана. Як вынік – уражальныя паказчыкі развіцця. Сярэдні заробак у агракамбінаце сёння складае 1.3 мільёна рублёў.
Два кіраўнікі – мясцовага Савета і мясцовага сельгаспрадпрыемства – разам нясуць адказнасць за сваю тэрыторыю. Там, дзе гэта ўзаемадзеянне наладжана, пераканаліся ўдзельнікі семінара, там ёсць і бачны вынік.
– Мы павінны працаваць з асяроддзем чалавечага жыцця, – заўважыў галоўны архітэктар вобласці Аляксандр Валовіч.
І працаваць з той захопленасцю, з тым інтарэсам, як гэта робіцца на Вілейшчыне. Тут не проста наводзяць чысціню, а фарміруюць аблічча паселішчаў, робяць гэта з густам, захоплена і паслядоўна. «Запаліце свечку ініцыятывы ад Вілейкі!» – звярнуўся галоўны дызайнер вобласці да ўдзельнікаў мерапрыемства. Для нас гэты заклік – вельмі высокая адзнака.
Марыя КУЗАЎКІНА
Фота аўтара