Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Залпы святочнага салюта

Напярэдадні 70-годдзя Вялікай Перамогі мы завяршаем наш сумесны з краязнаўчым музеем праект. «Ваш подзвіг – за наша світанне» – пад такой назвай ён амаль паўгода перыядычна з’яўляецца на старонках нашага выдання. Мы не лічым гэта чарговай газетнай кампаніяй, датасаванай да юбілейнай даты. Публікацыі аб подзвігу і адносінах да яго нашчадкаў пастаянна прысутнічаюць на нашых старонках. «Жывем, каб помніць. Помнім, каб жыць», – так называўся газетны праект, прысвечаны 70-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Яго падрыхтоўкай займаліся журналісты раёнкі, таксама з супрацоўнікамі краязнаўчага музея. Нашы праекты – не толькі пра салдат Вялікай Айчыннай. Згодна агульнай задумкі заснавальнікаў, мы прысвяцілі свае выпускі памяці. Той, што вярэдзіць свядомасць юных, напаўняючы іх сэрцы ўдзячнасцю да высокай самаахвярнасці бацькоў… Бо іх самыя светлыя, самыя кідкія абліччы ўжо засталіся дзесьці там, за мяжою вечнасці.
Вайна вачыма сучаснікаў, акцыі памяці, ушанаванне ветэранаў і сустрэчы з імі, конкурсы ў гонар вялікай даты – гэтыя і іншыя тэмы з нумара ў нумар прысутнічаюць на газетных старонках. Хочацца адзначыць масавы ўдзел у праекце пазаштатных аўтараў газеты, у першую чаргу, школьнай моладзі. Дзень Вялікай Перамогі ў нейкай меры падсумуе, але ні ў якім разе не завершыць актуальную для ўсяго нашага грамадства і сусветнай супольнасці тэму. Яна такая ж вечная, як сама чалавечая памяць.
Марыя КУЗАЎКІНА

Дзень Перамогі – свята, здабытае кровапралітнымі шматгадовымі баямі за свабоду і незалежнасць Радзімы, цяжкай працай у тыле, барацьбой партызан і падпольшчыкаў на часова акупаваных тэрыторыях. Гэта дата залатымі літарамі назаўсёды ўпісана ў гісторыю нашай краіны.
Мы захоўваем у сэрцах не толькі мужнасць, гераізм, адвагу воінаў і працаўнікоў тылу, але і горыч страт ваеннага ліхалецця. Мільёны беларусаў назаўсёды засталіся на палях самых бязлітасных баёў, набліжаючы шчаслівы дзень усенароднага свята і славы.
1 мая 1945 г. лейтэнант Аляксей Бераст, сяржанты Міхаіл Ягораў і Мелітон Кантарыя ўзнялі над Рэйхстагам штурмавы сцяг 150-й стралковай дывізіі, які стаў Сцягам Перамогі. Нямецкаму камандаванню быў пастаўлены ўльтыматум: калі да 10 гадзін не будзе дадзена згода на безумоўную капітуляцыю, савецкія войскі нанясуць сакрушальны ўдар. Да 18 гадзін стала вядома, што патрабаванні аб капітуляцыі былі адхілены. Пасля гэтага пачаўся апошні штурм цэнтральнай часткі горада, дзе знаходзілася Імперская канцылярыя.
7 мая ў 02:41 ночы ў Рэймсе быў падпісаны акт аб безагаворачнай капітуляцыі Германіі. Ад імя нямецкага Галоўнакамандавання пратакол падпісаў генерал Ёдль у прысутнасці генерала Уолтэра Сміта (ад імя саюзных экспедыцыйных сіл), генерала Івана Суслапарава (ад імя савецкага Галоўнакамандавання) і генерала французскай арміі Франсуа Севеза ў якасці сведкі. Аднак у генерала Суслапарава не было дазволу з Масквы падпісваць акт аб капітуляцыі Германіі, Савецкі Саюз настойваў на падпісанні іншага акта.
8 мая ў 22:43 па цэнтральнаеўрапейскаму часу (9 мая ў 0:43 па маскоўскім часе) генерал-фельдмаршал Вільгельм Кейтэль, а таксама прадстаўнік люфтвафэ генерал-палкоўнік Штумпф і Крыгсмарыне адмірал фон Фрыдэбург, якія мелі адпаведныя паўномоцтвы ад Карла Дёніца, падпісалі яшчэ адзін Акт аб безагаворачнай капітуляцыі Германіі, які ўступіў у сілу 9 мая ў 01:00 па маскоўскім часе.
9 мая на Цэнтральны аэрадром імя Фрунзе прызямліўся самалёт, які даставіў у Маскву акт аб капітуляцыі нацысцкай Германіі.
24 чэрвеня 1945 г. на Чырвонай плошчы адбыўся Парад Перамогі. Камандаваў парадам К. К. Ракасоўскі, прымаў парад – Г. К. Жукаў.
На парадзе ўрачыстым маршам прайшлі зводныя палкі франтоў у такім парадку: Карэльскага, Ленінградскага, 1-га Прыбалтыйскага, 3-га, 2-га і 1-га Беларускіх, 1-га, 4-га, 2-га і 3-га Украінскіх, зводны полк Ваенна-Марскога Флота. У складзе палка 1-га Беларускага фронта спецыяльнай калонай прайшлі прадстаўнікі Войска Польскага. Наперадзе зводных палкоў франтоў ішлі камандуючыя франтамі і войскамі, Героі Савецкага Саюза неслі сцягі праслаўленых часцей і злучэнняў.
7 верасня 1945 г. у Берліне каля Брандэнбурскіх варот быў праведзены Парад Перамогі саюзных войск, які прымеркавалі да заканчэння ваенных дзеянняў у Ціхім акеане. Прымаў парад Маршал Савецкага Саюза Г. К. Жукаў, камандаваў англійскі генерал Нэйрс. На трыбуне, акрамя Г. К. Жукава, былі прадстаўнікі галоўнакамандуючых войскамі ЗША, Вялікабрытаніі, Францыі, савецкія і замежныя генералы.
Упершыню Дзень Перамогі шырока быў адсвяткаваны ў СССР толькі праз два дзесяцігоддзі, 9 мая 1965 г.
У перыяд існавання СССР ваенныя парады на Чырвонай плошчы 9 мая былі ў юбілейныя 1965, 1975, 1985 і 1990 гады. Таксама, з 1960-х гг. своеасаблівыя ваенныя парады 9 мая сталі праводзіцца ў многіх гарадах СССР. У гэты дзень воінскія часці і ваенныя вучылішчы маршам праходзілі па вуліцах гарадоў да ваенных мемарыялаў або помнікаў загінуўшым воінам, дзе праводзіліся мітынгі і ўскладанні кветак.
Святочныя шэсці ў гонар Дня Перамогі традыцыйна праходзяць ва ўсіх гарадах-героях, ваенных акругах у шэрагу буйных гарадоў краін СНД.
У гэты дзень традыцыйна сустракаюцца франтавікі, ускладаюцца вянкі да Вечнага Агню, помнікаў Славы і воінскай доблесці, грукоча святочны салют.
Вольга КАРЭЦ, навуковы супрацоўнік музея

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 183 queries