Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Загінуў на беразе Одэра…

Свайго старэйшага брата Аляксандра віляйчанін Іван Андрэевіч Паслед памятае. Праўда, дзіцячая памяць захоўвае толькі ўрыўкі таго ўжо такога даўняга часу. Вось Саша прыйшоў дамоў з параненай сякерай рукой – пакалечыўся на заработках у Куранцы… А то ён збіраецца з вясковай моладдзю на вечарынку – нешта арганізоўвае, дамаўляецца з музыкамі… І апошні эпізод са старэйшым братам, які захоўвае памяць: Аляксандра праводзяць на фронт, на дварэ імжыць дождж, і ён, будучы салдат, паслізнуўся на мокрай зямлі, ледзь не ўпаў…

Іх сям’я з шасці чалавек жыла ў невялічкай хутарной вёсачцы Кульбачына, што была (цяпер ужо яе няма на карце раёна) у чатырох кіламетрах ад Куранца. Маленькая хатка, сем гектараў зямлі, стары конь, карова – вось было і ўсё багацце Паследаў.
– Аляксандр быў старэйшым у сям’і, найпершым памочнікам бацькам, – расказвае Іван Андрэевіч. – Затым ішлі Леанід, Любоў, а я быў самым малодшым, 1936 года нараджэння. Памятаю, як Аляксандр, якому ў 1944-ым было дзевятнаццаць, усё рваўся на фронт. І аднаго вяскоўца забралі, і другога, і трэцяга, а яго ўсё не прызывалі. Дык ён сабраўся, пайшоў у Куранец, папрасіўся добраахвотнікам біць ворагаў. Так ужо быў ён выхаваны, не думаў, каб перасядзець небяспеку ў зацішку. І пайшоў ваяваць. Памятаю, прыходзілі ад яго лісты, родныя чыталі іх, нешта абмяркоўвалі.
Не сядзеў без справы і бацька сямейства, Андрэй Парфёнавіч, які быў партызанскім сувязным, не раз пад покрывам цемнаты вадзіў партызанаў на розныя заданні, здаралася, трапляў пад перастрэлку.
– Памятаю, некалькі разоў да нас у хату заходзілі немцы, – узгадвае Іван Андрэевіч. – Мы, дзеці, тады ціхенька, як мышы, сядзелі на печы. А яны то пеўня схопяць і заб’юць, то яйкі пазбіраюць па курыных гнёздах… А ноччу, здаралася, наведваліся партызаны, і я тады ўжо быў героем – станавіўся на табурэтку і расказваў ім вершы.
На шчасце, ворагам ніхто не данёс пра сувязь бацькі з партызанамі, таму сям’я ўцалела. А старэйшы сын ваяваў. Усяго крышку не хапіла, каб хлопец дажыў да перамогі. Апошні ліст ад яго сям’я атрымала ў красавіку сорак пятага. Пазней прыйшло паведамленне, што іх салдат прапаў без звестак. Але ж гэта не азначала, што загінуў, і дома Аляксандра чакалі штодня. Маці, Еўдакія Мікалаеўна, выцірала слёзы з вачэй і, супакойваючы блізкіх і сябе, разважала, што, хутчэй за ўсё, Саша трапіў у палон і неўзабаве яго вызваляць… Ішлі месяцы, ляцелі гады, а іх салдат не вяртаўся.
– У 1954 годзе, памятаю, мама звярталася ў ваенкамат, адтуль – у Цэнтральны архіў Міністэрства абароны СССР, каб даведацца пра лёс Аляксандра, – расказвае мой субяседнік. – І нічога новага мы не даведаліся, акрамя ўжо вядомага: прапаў без звестак.
Мінула многа гадоў, адышлі ў свет іншы бацькі, так і не даведаўшыся нічога пра свайго старэйшага сына. Іван, малодшы з Паследаў, многа гадоў адпрацаваў інжынерам у сельскай гаспадарцы, пазней – выкладчыкам у колішнім СПТВ-16, адкуль і выйшаў на пенсію. Ды на заслужаным адпачынку не сядзеў, а яшчэ пятнаццаць гадоў працаваў, вучыў маладых вадзіцельскай справе. Мае дваіх сыноў, з якімі не раз дзяліўся набалелым – не давала спакою, хоць і мінула многа гадоў, што так і не даведаўся нічога пра лёс старэйшага брата.
– А ў мінулым годзе нарэшце нам пашанцавала, – вочы Івана Андрэевіча сталі вільготнымі. – Сын звоніць з Мінска: «Знайшоў звесткі пра дзядзьку на сайце «Подзвіг народа», яго прозвішча ў спіску ўзнагароджаных». Так мы даведаліся, што Аляксандр у сорак чацвёртым быў узнагароджаны медалём «За адвагу», а ў сорак пятым – ордэнам Айчыннай вайны II ступені, ужо пасмяротна. І пра асабісты подзвіг брата даведаліся. Ва ўзнагародным лісце напісана, што малодшы сяржант Аляксандр Паслед, камандзір аддзялення кулямётнай роты, «16 красавіка 1945 года пад моцным агнём праціўніка першым са сваім аддзяленнем пераправіўся на супрацьлеглы бераг ракі Одэр, дзе трапнымі кулямётнымі чэргамі знішчыў 10 немцаў, якія контратакавалі, чым даў магчымасць пераправіцца астатнім падраздзяленням палка і батальёна. Увечары 16 красавіка 1945 года, адбіваючы 12 контратаку, ён загінуў смерцю храбрых, выканаўшы баявую задачу».
Даведаўшыся гэта, Іван Андрэевіч зноў звярнуўся ў Цэнтральны архіў Міністэрства абароны Расійскай Федэрацыі, дзе пацвердзілі звесткі, знойдзеныя на сайце. Дык вось якім быў франтавы шлях брата, і смерць яго, сапраўднага патрыёта, была гераічнай… Адно непакоіць Івана Андрэевіча і яго блізкіх – узнагародныя дакументы загінуўшага па закону могуць выдаць толькі самым блізкім – бацькам, жонцы, дзецям. Паколькі бацькоў героя даўно ўжо няма, а жонкі і дзяцей маладзенькі салдат яшчэ не меў, то ніхто іх не атрымае.
– А я што – не радня? – задае рытарычнае пытанне мой субяседнік. – Хоць разумею, што закон ёсць закон. Аднак яшчэ раз накіраваў ліст з просьбай выдаць мне дакументы. А раптам атрымаецца? Я б усе гэтыя дакументы перадаў у наш музей, бо і сам жа не вечны. А тут, магчыма, і зацікавіцца хтосьці лёсам яшчэ аднаго земляка-героя…
Разам з Іванам Андрэевічам яшчэ раз пераглядаем дакументы, якія ён беражліва захоўвае – узнагародныя лісты, загады аб узнагароджванні, даведкі, пісьмы, якія прыходзілі на запыты майго суразмоўцы. Няма ў дакументах толькі галоўнага – фотаздымка Аляксандра Паследа. Ды ці да гэтага было ў той час хлопцу з беднай сялянскай сям’і… У памяці малодшага брата ён, герой той страшнай вайны, застаўся зусім маладым і прыгожым. Вось ён збіраецца на вечарынку… А тут вярнуўся з працы з параненай рукой… І апошні кадр з памяці, калі Аляксандр дажджлівым днём пакідаў бацькоўскі дом… Атрымалася, пакідаў назаўсёды. Памужнелым, сапраўдным франтавіком уяўляецца старэйшы брат Івану Андрэевічу ў свой апошні красавіцкі дзень сорак пятага, калі адважна ўступіў у бітву з ворагам на беразе Одэра. Ці паспеў узгадаць родную вёсачку, маці з бацькам, братоў з сястрой, дзяўчыну, якую ўпотай кахаў? Хутчэй за ўсё, думаў пра гэта не раз і вельмі хацеў жыць… І дзеля іх жа, самых родных і блізкіх, і зрабіў крок у бессмяроцце.
Ірына БУДЗЬКО

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 183 queries