Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Заўтра хлебаробы СУП «Усходні-агра» завяршаюць жніво

Здаецца, зусім нядаўна на гэтым полі на ўездзе ў Крывое Сяло, дзе залатым морам калыхаўся ячмень, прайшлі раённыя Зажынкі (а гэта адбылося 21 ліпеня), а заўтра у СУП «Усходні-агра» завяршаюць жніво

Удзельнікі жніва ААТ «Усходні-агра (злева направа): вадзіцель Мікалай Крот, камбайнер Мікалай Путро і яго памочнік Аляксандр Вашкевіч

Камбайнер Алег Качэрга

Вадзіцель Вячаслаў Маціеўскі.  Фота Ірыны БУДЗЬКО

Што і казаць, аператыўна спрацавалі хлебаробы гаспадаркі, дасягнуўшы добрых вынікаў. Галоўныя адказныя за жніво – кіраўнік гаспадаркі Анатоль Апанасевіч і галоўны аграном Пётр Вяжэвіч – лічуць: у тым, як спрацавалі і чаго дасягнулі, заслуга простых працаўнікоў – камбайнераў ды вадзіцеляў, занятых на адвозцы. «Вось ім і хочацца шчыра падзякаваць», – сказаў Анатоль Апанасевіч.
Мы наведалі гаспадарку 7 жніўня, якраз напярэдадні заканчэння тут жніва. Разам з Пятром Вяжэвічам едзем да аддаленай вёсачкі Сліпкі, дзе, як падзяліўся мой суразмоўца, працуюць перадавыя камбайнавыя экіпажа пад кіраў­ніцтвам Мікалая Путро і Алега Качэргі. На рахунку кожнага – больш за тысячу тон намалочанага збожжа (з улікам рапсу). Там жа, на полі, адзначыў Пётр Леанідавіч, сустрэнем і перадавога вадзіцеля Вячаслава Маціеўскага, які перавёз ад камбайнаў дзве тысячы тон збожжа. Сёння ж Вячаслаў Маціеўскі быў адзначаны падзякай прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу, узнагароду яму ўручыла Аксана Бельская, прадстаўнік Мінскай абласной прафсаюзнай арганізацыі Беларускага прафесійнага саюза работнікаў аграпрамысловага комплексу.
Яшчэ чатыры камбайнавыя экіпажы «Усходняга-агра» зараз дапамагаюць ААТ “Новая Вілія”, дзе яшчэ немалы фронт работы. А як жа інакш, лічуць мае суразмоўцы-кіраўнікі, дапамагаць трэба, бо жніво — клопат агульны.
Сёлетнім жнівом гаспадарцы можна па праву ганарыцца: і спрацавалі аператыўна, і ўраджайнасць нядрэнная ( каля 35 цэнтнераў з гектара). Хоць, як адзначыў Анатоль Апанасевіч, спыняцца на дасягнутым не трэба, заўсёды варта настройвацца на лепшыя вынікі.
А вось і поле ля Сліпак, дзе перадавыя камбайнеры ўбіраюць зернебабовыя. Велізарным жоўтым морам здаецца яно. Ды гэта толькі напачатку. Упэўнена і нястомна займаюць камбайны рад за радам, пакідаючы пасля сябе ўжо чыстыя палосы. І поўняцца збожжам кузавы машын…
Усяго на некалькі хвілін згадзіліся героі жніва папазіраваць нам – і зноў за працу, якая, як вядома, не чакае.

Ірына БУДЗЬКО

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 173 queries