Траскучыя маразы сталі вырабаваннем і для тэхнікі, і для людзей. Але гэты перыяд для Вілейшчыны прайшоў адносна спакойна. Як кажуць медыкі, у штатным рэжыме. Менавіта так ахарактарызвала мінулыя выхадныя намеснік галоўнага ўрача па медыцынскай частцы Ядзвіга Кісель.
Ядзвіга Нарбертаўна расказала, што з восьмага на дзявятае студзеня з холадавай траўмай да медыкаў звярнуўся ўсяго адзін чалавек (у перыяд з 12 снежня мінулага года і па сёння гэта ўсяго трэці такі выпадак). Пацярпеламу аказалі неабходную дапамогу і адпусцілі дамоў. Што датычыць галалёдных траўм, такіх значна болей. На раніцу 9 студзеня іх колькасць склала 111, у тым ліку 11 пацярпелых — дзеці. Праўда, усе траўмы пераважна дробныя. Таму пераважная колькасць пацыентаў лечыцца амбулаторна. «Радуе, што нашы грамадзяне аказаліся пільнымі», — заўважыла Ядзвіга Нарбертаўна.
Маразы ідуць на спад. Ужо ў чацвер сіноптыкі абяцаюць, што ноччу слупок тэрмометра апусціцца да -6… -8 градусаў, а днём «пацяплее» да -3… -5 градусаў. У параўнанні з мінулымі значэннямі -26 і -32, зафіксаванымі нашымі чытачамі, зусім іншая справа. Праўда, ужо на гэтым тыдні чакаюцца звірухі, снег. Гэта, безумоўна, ускладніць сітуацыю на дарогах, таму будзем па-ранейшаму пільнымі. У ноч з суботы на нядзелю па Вілейцы прагназуецца да шасці градусаў мароза і ад -4 да -6 у нядзелю днём.
Таццяна ШАРШНЁВА