Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

З чым «гуляюць» нашы дзеці?

Гэты выбух познім вечарам прымусіў уздрыгнуць. Сон як рукой зняло. «Што здарылася?» – прамільгнула адразу ў галаве. Крыху пазней здагадалася: гэта петарды. Такім чынам – ладзячы вячэрне-начныя «кананады» – бавяць час падлеткі.Гэта стала ўжо даволі распаўсюджаным, ды вось прывыкнуць да выбухаў не ўдаецца – кожны раз здрыганешся і міжволі падумаеш пра юнага «падрыўнік»: ці не параніўся?
На днях гэту тэму закранулі ў гутарцы з дырэктарам трэцяй школы Мікалаем Гіро. Каму-каму, а педагогам тэма падобных «гульняў» падлеткаў баліць, як мне здаецца, болей, чым бацькам. Няхай прабачаць апошнія, аднак складваецца менавіта такое ўражанне.
Інакш як растлумачыць тое, што яны дазваляюць сваім дзецям гуляць з такімі «штучкамі» ды яшчэ познімі вечарамі?
– Зусім нядаўна размаўляў з мамай аднаго нашага вучня, які набраўся смеласці і паспрабаваў узрываць петарду ў школе, – расказаў Мікалай Мікалаевіч. – Мама, безумоўна, узрушана. Дзякуючы настаўнікам, якія не толькі даюць дзецям веды, але і прыкладаюць усе намаганні, каб забяспечыць іх бяспеку, жанчына ўзняла пытанне рэалізацыі гэтых «цацак». Дапускаем, што ёсць у некаторых дазвол рэалізоўваць такую прадукцыю. Аднак ці кожнаму пакупніку? Атрымліваецца, нават дзіцяці малому могуць прадаць петарды, калі яму ўдасца наскрэбсці патрэбную суму?
– Закон не забараняе рэалізоўваць такую прадукцыю, – адзначыла загадчыца сектара гандлю райвыканкама Ларыса Малько. – Праўда, прадавацца яна павінна толькі ў спецыяльным магазіне. У нашым горадзе такі адкрыўся на вуліцы Маркава. Што датычыць узросту, то малому дзіцяці, як вы кажаце, петарды не прададуць. Ва ўсялякім разе, так патрабуе закон. А вось тыя, каму споўнілася пятнаццаць, ужо могуць набыць такія «цацкі».
Урэшце, як мне думаецца, не стане вялікай праблемай набыць іх і тым, хто не дасягнуў гэтай узроставай мяжы. Ёсць у нас нямала такіх дарослых, хто не адмовіць падлетку купіць для яго нават бутэльку моцнай. А тут такая «дробязь» – петарды…
Кажуць, да пары збан ваду носіць. Вельмі не хочацца, каб нехта з нас, бацькоў, зведаў сэнс гэтай мудрасці на сабе і сваім дзіцяці. Таму давайце будзем пільнымі, таты і мамы. Паглядзіце, з чым «гуляюць» вашы дзеці.
Ірына БУДЗЬКО

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 141 queries