Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Ёсць у нас свой Аніскін

У апошні майскі тыдзень па радыё ўвесь час ішла размова пра школу, спявалі песні пра школьныя гады, гаварылі пра апошні званок і выпускнікоў. Успамінаў пра школу ў мяне вельмі многа, таму што шмат год адпрацавала ў ёй, займаючы розныя пасады. І цяпер, як кадры кінаплёнкі, вяртаю назад у памяці сваё жыццё і жыццё выпускнікоў. Колькі іх прайшло праз мае рукі, праз рукі калег-настаўнікаў, якія ўжо знаходзяцца на адпачынку. Дзякуючы тэлефонным званкам былых дырэктараў, сустрэчам з настаўнікамі і выпускнікамі, сустрэчы з настаўнікамі-ветэранамі працы раёна, якая адбылася сёлета ў Любанскай школе, а падчас нават і снам – школьнае жыццё для мяне, як добры ўспамін.

Апошні званок – важны этап і для выпускнікоў, і для бацькоў. Выбар прафесіі таксама складаны этап у жыцці кожнага маладога чалавека. Са шматлікай колькасці спецыяльнасцей патрэбна спыніцца на адной, якая была б табе да спадобы і карыснай грамадству. Менавіта такая задача ўжо сёння стаіць перад вучнямі выпускных класаў.
Мне хочацца расказаць пра выпускніка 1998 года Чурлёнскай сярэдняй школы  Мікалая Мягкова.
– Чаму? – запытаеце вы.
Адказ просты. Нядаўна ён у другі раз стаў пераможцам конкурсу на званне «Лепшы ўчастковы інспектар міліцыі Мінскай вобласці».
Пачну з таго, што асабіста ведаю Колю з першых дзён вучобы ў школе. У пачатковых класах быў хлопчыкам гарэзлівым, жартаўлівым, але старанным.  З пятага класа і да выпускнога вяла іх класны кіраўнік Сапун Людміла Іванаўна, настаўніца матэматыкі, цяперашні дырэктар школы. За гады вучобы ў школе настаўнікі бачылі Колю ўдзельнікам многіх мерапрыемстваў. «Акцёр, лыжнік, футбаліст, нідзе не адкідалі, на ўсю школу актывіст», –  пра яго казалі.
А які ён быў сапраўдны  дзіджэй школы на той час! Вядома ж,  цяпер зусім па-другому абсталяваны школьныя кабінеты, а тады дзеці стараліся адпрацаваць усе дні на ўборцы бульбы, каб зарабіць сабе падарунак і грошы на рахунак школы. Мне падабалася актыўная пазіцыя такога вучня, яго шчырасць і неабыякаваць, аптымізм, з якім ён упэўнена і цяпер крочыць па жыцці.
Падаючы дакументы пасля заканчэння школы ў акадэмію МУС, Коля цвёрда быў упэўнены ў тым, што са  ста дарог – яго адна, афіцэрская служба ў органах унутраных спраў. З якой радасцю сустракалі яго сябры, аднавяскоўцы, калі ён першы раз апрануў форму. Прымяралі не толькі юнакі, а нават і дзяўчаты. Прыгожа глядзелася форма ці-то зблізку, ці-то здалёк. Вось так і «заўлёк» Коля за сабой хлопцаў Чурлёнскага краю на службу па ахове правапарадку. Нядаўна на старонках газеты «Шлях перамогі» пісалі пра Андрэя Баса, Віталій Салавей і Юрый Мешкіс працуюць у Вілейцы, Аляксандр Пушкарэвіч, Аляксей Шабан  – у Маладзечна, Аляксей Асаёнак – у Мінску. Галоўнае тое, што Коля стаў прыкладам для свайго малодшага брата Яўгена, які таксама закончыў акадэмію МУС і працуе ў следчым камітэце Вілейкі.
Пасля заканчэння акадэміі лёс рыхтаваў Мікалаю службу ў сталіцы, але кола гісторыі зрабіла паварот – ён едзе працаваць на радзіму, у Вілейку. Тут яго гасцінна, як маладога спецыяліста, сустрэў былы начальнік Вілейскага РАУС Кухарчык Сяргей Сяргеевіч, старшыня мясцовай гаспадаркі «Нарачанскія зоры» Кучко Генадзь Мечыслававіч выдзеліў жыллё, а старшыня сельскага Савета Бяганскі Анатолій Ксенафонтавіч прапісаў маладога хлопца на пастаяннае месца жыхарства. У Нарачы Мікалай працуе больш за 13 год і ніколі не пашкадаваў аб сваім выбары. На вечары сустрэчы выпускнікоў ён гаварыў: «Я працу сваю люблю, па праву ёй ганаруся, бо гэта прызванне маё, я ўчастковым завуся».
Сапраўды, як былы дырэктар школы, я ведаю, якая гэта нялёгкая работа. Участковы заўсёды ва ўсіх на вачах, у адной асобе і  дазнаўца, і следчы, і дарожны паставы, і псіхолаг. Трэба быць граматным, ведаць законы на ўзроўні высокакласнага юрыста, быць лёгкім на пад’ём, працаздольным, гатовым прыйсці на дапамогу кожнаму і ў любы час сутак. Галоўнае яшчэ – умець выслухаць чалавека, мець увагу і цярпенне. Участковы трымае на кантролі і неблаганадзейныя сем’і, разглядае скаргі, крадзяжы, сямейныя канфлікты. Адным словам, пісаць папер участковаму трэба шмат.
Для гэтай работы, пагадзіцеся са мною,  патрэбна прызванне, цярпенне і жаданне ўнікнуць у сутнасць праблемы, з якой да яго звярнуліся. А каб стаць прафесіяналам, патрэбна працаваць на адной пасадзе, на адным участку, павышаць свой прафесійны ўзровень – тады будзе вынік.
У 2010 годзе Мікалай упершыню заняў першае месца ў абласным конкурсе прафесіяналаў. На свяце, прысвечаным Дню маці, аб гэтым аднавяскоўцам паведаміла старшыня Іжскага сельскага Савета Валянціна Уладзіміраўна Навасёлак. Апладысментамі сустрэлі гэту навіну прысутныя ў зале.
Прайшло пяць год. Мікалай не спыніўся на дасягнутым. Пра яго ініцыятыўнаць і мэтанакіраванасць ведаюць калегі па рабоце. Прыстойнасць, кемлівасць, дабрыня і стараннасць дапамаглі Мікалаю дабіцца новых поспехаў. Напрыканцы мая ён у чарговы раз стаў пераможцам конкурсу «Лепшы ўчастковы інспектар Мінскай вобласці 2015». Упэўнена, што многія сябры, аднакласнікі далучацца да маіх віншаванняў.
Школа павінна ганарыцца тым,  што былы вучань Мягкоў Коля стаў  Аніскіным цяпер, не падвёў сяброў і школу, ужо двойчы прывёз перамогу ў аддзел. На прыкладзе Мікалая Мікалаевіча бачна,  што чалавек, які мае мэту і ўнутранае жаданне, здольны дабіцца многага ў жыцці. Мяркую, што Мікалай шчаслівы чалавек: у яго дружная, моцная сям’я, цудоўныя дзеці, клапатлівая жонка, ёсць сябры і любімая работа, якая прыносіць радасць і задавальненне.
Хочацца пажадаць табе, Коля, працоўных поспехаў адметных, здзяйснення мар запаветных. Буду спадзявацца, што хтосьці з сёлетніх выпускнікоў Вілейшчыны возьме прыклад з нарацкага ўчастковага інспектара і пажадае звязаць сваё жыццё са службай у органах унутраных спраў.
Галіна ДЗЕМЯШКЕВІЧ, былы дырэктар ДУА
«Чурлёнскі педагагічны комплекс дзіцячы сад – сярэдняя школа».
На здымку: участковы Мікалай Мягкоў.
Фота Аляксея КАМІНСКАГА

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 184 queries