Пра непаўторнасць і ні з чым не параўнальную прыгажосць роднай зямлі сказана ўжо столькі, што, здавалася б, новага і не прыдумаеш. А ўсё ж знаходзяцца шчырыя, ад самага сэрца, словы ў пісьменнікаў, адметныя фарбы ў мастакоў. І так хвалюе, калі датыкаешся душой да нечага настальгічна-прыгожага і такога знаёмага, што ўбачылася творцам і перадалося ў вершы, песні, карціне…
Падобныя пачуцці зведала на днях, калі пабыла на цёплай сустрэчы ў Цэнтры эстэтычнага выхавання. Тут у рамках праекта «Роднай зямлі шматгалоссе» адкрывалася выстава работ народнага мастака Рэспублікі Беларусь Васіля Шаранговіча. Гэтыя работы былі з фондаў ДУК «Мядзельскі музей Народнай славы», таму з творамі мастака прысутных знаёміла, разам з дырэктарам Цэнтра эстэтычнага выхавання Таццянай Захарыч, навуковы супрацоўнік Мядзельскага музея Валянціна Карзіёнак.
– Сумесны праект Цэнтра эстэтычнага выхавання і Вілейскага дзяржаўнага каледжа пад назвай «Роднай зямлі шматгалоссе» прымеркаваны да 70-годдзя Вялікай Перамогі і да Года моладзі, – расказала Таццяна Захарыч. – Асноўная яго мэта – духоўнае і патрыятычнае выхаванне моладзі, а асноўныя задачы – папулярызацыя нацыянальнай культуры, гісторыка-культурных традыцый Вілейшчыны, прафілактыка правапарушэнняў сярод юных, уцягванне іх у разнастайныя формы творчай дзейнасці. На базе нашай установы ў рамках праекта пройдзе многа мерапрыемстваў: сустрэчы з цікавымі людзьмі, творчымі маладзёжнымі калектывамі, прадстаўнікамі праваахоўных органаў, святарамі. Будуць ладзіцца выставы, акцыі, канцэрты, майстар-класы.
Вось і гэта мерапрыемства – адкрыццё выставы твораў вядомага мастака Васіля Шаранговіча – атрымалася вельмі цікавым і цёплым. Вядучыя сустрэчы расказалі пра жыццё мастака, яго нялёгкае ваеннае дзяцінства. Васіль Пятровіч – з гаротнай кагорты дзяцей вайны, жахі якой і ён зведаў спаўна. Народны мастак Беларусі, педагог, заслужаны дзеяч мастацтваў БССР, прафесар, Васіль Шаранговіч працуе ў галінах кніжнай і станковай графікі. Акрамя цудоўных карцін, на яго рахунку болей за шэсць дзясяткаў праілюстраваных кніг. Некаторыя з іх былі прадстаўлены і на выставе. А карціны… Яны знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, музеях Янкі Купалы, Якуба Коласа, у музеях Расіі, Польшчы, Італіі, Германіі, Францыі, ЗША…
«Графіка – гэта як сялянская праца. Лініі разца падобныя на след плуга на раллі», – сказаў неяк Васіль Шаранговіч. І любімы вобраз мастака – селянін. А прататыпамі герояў яго карцін з’яўляюцца і бацькі мастака – простыя вясковыя людзі, і аднавяскоўцы. Чалавека Васіль Шаранговіч паказвае ў неразрыўнай сувязі з прыродай, таму на карцінах столькі чароўных пейзажаў маляўнічага Нарачанскага краю.
Уражваюць і карціны, створаныя па матывах твораў Янкі Купалы, аднаго з любімых паэтаў мастака. «Сейбіт», «Яна і я», «Бандароўна», «А хто там ідзе?» – гэтыя карціны Шаранговіча па творах класіка прадстаўлены на выставе. Аднак асабіста мяне надзвычайна ўразіў цыкл работ мастака пра вайну. Нават назвы іх гавораць самі за сябе – «Мацярынская трывога», «Мішэнь»… «Жанчына з дзіцем і вайна»… Хіба могуць быць больш несумяшчальныя паняцці, чым гэтыя? І хіба ёсць нешта страшнейшае за тую жывую мішэнь, якой у тыя страшныя гады былі малыя, старыя, жанчыны? Пра ўсё гэта – карціны Шаранговіча на ваенную тэматыку. І хлапчук на першым плане з напоўненымі болем і трывогай вачанятамі – гэта ён сам. А жанчына з такімі ж выразнымі вачыма – яго маці. І міжволі такімі ж трывогай і болем напаўняюцца сэрцы тых, хто глядзіць на гэтыя карціны…
На сустрэчы гучалі вершы Янкі Купалы, нашага земляка Івана Лашуткі, брала за жывое цудоўная музыка… Хораша чытаў верш Купалы навучэнец Вілейскага дзяржаўнага каледжа Павел Кезік, да слёз кранала скрыпка Людмілы Алеолавай. Удзельнікам мерапрыемства была прадстаўлена мультымедыйная прэзентацыя пра жыццё і творчасць Шаранговіча, якую падрыхтавала Таццяна Сушко. Прыемна ўразілі і стварылі святочны настрой выступленні калектыву «Званочкі» Вілейскага дзяржаўнага каледжа (кіраўнік – Аляксандр Высоцкі), узорнага ансамбля гітарыстаў «Адэліта» дзіцячай школы мастацтваў, якім кіруе Уладзімір Лапцік. Дастойным творчым падарункам віляйчанам ад суседзяў-мядзельцаў стала выступленне маладога акампаніятара Нарачанскага Палаца культуры Уладзіміра Мазалёўскага, якога гледачы трапна назвалі мядзельскім Дранга. А на развітанне быў традыцыйны здымак на памяць, які аб’яднаў усіх, хто ў гэты дзень знайшоў час на цікавае мерапрыемства.
Ірына БУДЗЬКО.
Фота аўтара