Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Яны прымалі ўдзел у ліквідацыі вынікаў аварыі на Чарнобыльскай АЭС

Ад сумнавядомага Чарнобыля нас аддзяляе даволі значная адлегласць, аднак бяда, што здарылася 26 красавіка 1986 года, закранула сваім крылом і нас. Каля трох з паловай соцень жыхароў Вілейшчыны ў розныя гады прымалі ўдзел у ліквідацыі вынікаў аварыі. Працавалі добрасумленна і шчыра, як і прывыклі. І наўрад ці задумваліся, што ўжо гэтым дэманстравалі прыклады мужнасці і адвагі.
Так, камандзір атрада верталётаў Анатоль Еўдакімавіч, ураджэнец Вілейкі, з 13 мая па 8 чэрвеня 1986 года засыпаў палаючы рэактар пяском, скідаў на яго мяшкі са свінцом, заліваў вадкім каўчуком… За гэта Анатоль Іванавіч узнагароджаны ордэнам «За службу Радзіме ва Узброеных сілах СССР» трэцяй ступені і медалём «За адвагу». Выпускнік Рабунскай школы Міхаіл Супрановіч у якасці бартавога тэхніка верталёта таксама дзясяткі разоў вылятаў на радыяцыйную разведку. Старшы інспектар раённага аддзела Дэпартамента аховы Уладзімір Антановіч тры месяцы запар працаваў на той забруджанай тэрыторыі.
– Усяго ў ліквідацыі вынікаў аварыі на Чарнобыльскай АЭС прымалі ўдзел 34 супрацоўнікі Вілейскага аддзела ўнутраных спраў, – расказаў выконваючы абавязкі намесніка начальніка РАУС Дзмітрый Антановіч. – Два з іх яшчэ і сёння працуюць побач з намі. Гэта ўчастковы інспектар міліцыі Юрый Дурэйка і міліцыянер-вадзіцель тылавога забеспячэння Іван Пляско. За плячыма кожнага з іх многа гадоў, аддадзеных міліцэйскай службе. І Юрый Уладзіміравіч, і Іван Уладзіміравіч прыйшлі ў райаддзел зусім маладымі людзьмі, а зараз яны ўжо вопытныя супрацоўнікі, якія адзначылі свае прыгожыя юбілеі – абодвум споўнілася па сорак пяць.
Па добрай традыцыі ў аддзеле ўнутраных спраў юбіляраў шчыра віншавалі кіраўніцтва, калегі. Так атрымалася, што сустрэча гэта адбылася якраз напярэдадні Дня чарнобыльскай трагедыі. А гэта дата для міліцыянераў-юбіляраў асаблівая, выпрабаваная на сабе. Многа цёплых слоў, шчырых пажаданняў пачулі Юрый Дурэйка і Іван Пляско. І галоўнае было гэта: моцнага здароўя і быць вернымі службе. І яны застаюцца ў страі.
Ірына БУДЗЬКО.
Фота прадастаўлена Дзмітрыем Антановічам

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 145 queries