Аляксандр Рыгоравіч ХІЛЬКО
нарадзіўся ў 1923 годзе ў вёсцы Шалашы Докшыцкага раёна Віцебскай вобласці. У гады Вялікай Айчыннай вайны быў партызанам брыгады імя Даватара. Узнагароджаны ордэнам Славы трэцяй ступені, медалямі «Партызану Вялікай Айчыннай вайны», «За перамогу над Германіяй». З 1945-га па 1950-ы год быў сакратаром Вілейскай раённай газеты «За савецкую Радзіму», рэдактарам Астравецкай раённай газеты.
Закончыў Рэспубліканскую партыйную школу і Вышэйшую партыйную школу пры ЦК КПСС. Быў намеснікам рэдактара Вілейскай раённай газеты, выбіраўся сакратаром Астравецкага РК КПБ. У 1964-1967 гадах рэдагаваў газету «Шлях перамогі».
Васілій Сямёнавіч ШКАЕЎ
нарадзіўся ў 1930 годзе ў вёсцы Андрэйкі Мядзельскага раёна. Пасля заканчэння мясцовай сярэдняй школы паступіў у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, які закончыў у 1956 годзе. Працаваў у Браслаўскай і Астравецкай раённых газетах, быў на партыйнай рабоце. З 1964 года – намеснік рэдактара, а з 1967 – рэдактар газеты «Шлях перамогі». Узначальваў калектыў да лета 1985 года.
Рыгор Уладзіміравіч ПАГУДА
нарадзіўся ў 1941 годзе ў Вілейцы. Закончыў тут сярэднюю школу, а затым Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт.
Працаваў на лесагандлёвай базе, заводзе буддэталяў, а з 1962 года – у рэдакцыі газеты «Шлях перамогі». Прайшоў усе прыступкі службовага росту. З 1985 года па 2003 год узначальваў калектыў рэдакцыі.
Член Беларускага Саюза журналістаў, выбіраўся дэлегатам з’ездаў Саюза журналістаў СССР.
Дзесяць год таму , напярэдадні 60-гадовага юбілею газеты «Шлях перамогі», выйшла ў свет кніга «Вяртанне», падрыхтаваная да друку журналістамі раёнкі. Змест часу стаў рэчышчам занатаваных у ім публіцыстычных радкоў. Аўтары зборніка – супрацоўнікі газеты. Тыя, хто былі і хто ёсць, хто вёў шчыры дыялог з чытачамі на газетных старонках. І няхай ніколі не пакрыюцца цвіллю забыцця тыя радкі, якія сёння належаць гісторыі і вечнасці. Мы прапануем вашай увазе, паважаныя прыхільнікі нашай газеты, урывак адной публікацыі «Вяртання», падрыхтаванай нашым супрацоўнікам, намеснікам рэдактара Яўгенам Лапіцкім, і вядомым вілейскім краязнаўцам Анатолем Рогачам. Нажаль пра абодвух аўтараў мы сёння ўжо маем права гаварыць толькі ў мінулым часе. Абодва яны – былі, абодва адышлі ў вечнасць, пакінуўшы на гэтым свеце тое, чым па-сапраўднаму даражылі, за што адчувалі сваю высокую адказнасць перад людзьмі і лёсам. Нагадаем, што многія з тых, каго называюць у сваёй публікацыі аўтары, таксама пакінулі гэты мітуслівы свет. Светлая ім памяць.
Па фармату выданне 1945 года (газета “За Совецкую Радзіму” – папярэднік “Шляху перамогі”) напамінала лістоўку – друкавалася на палове цяперашняй газетнай старонкі раёнкі. Ілюстрацый не было, за выключэнем двух фотаздымкаў Сталіна І. В. У асноўным змяшчалася афіцыйная інфармацыя, хоць зрэдку былі і матэрыялы з нашага раёна.
Наступны год прыкметных змен у газету не прынёс, хіба што стала яна крыху большай. У асноўным тыя ж, як і раней, афіцыёз і ілюстрацыі, праўда, у адпаведнасці з парой года мяняліся на здымках і мундзіры правадыра. Пачалі з’яўляцца і партрэты іншых дзяржаўных дзеячаў, у прыватнасці, Зімя-ніна М. В. у той час, калі вылучылі яго кандыдатам у дэпутаты Савета Саюза Вярхоўнага Савета СССР. З адметных публікацый таго года можна выдзеліць расказ аб ініцыятыве навучэнцаў Куранецкай НСШ і Багданаўскага дзетдома разгарнуць пасадку хвойнага леса на высечаных плошчах і ля чыгункі.
У 1947 годзе крыху пабольшаў фармат газеты, і на старонках яе пачалі паяўляцца здымкі з месц (пакуль не з Вілейшчыны).
Праз год газета некалькі змяніла тэматыку сваіх публікацый. Адбыўся паварот да сельскіх праблем. Выданне ўжо цікавілі засыпка насеннага фонду і стан пагалоўя коней у гаспадарках раёна. Былі парады як буртаваць бульбу.
З 1949 года пачалі з’яўляцца на старонках газеты фотаздымкі У. І. Леніна. З невялікімі інтэрваламі праходзілі выбары ў самыя розныя Саветы дэпутатаў – ад мясцовых да саюзнага. І ўпершыню на старонках газеты з’явілася фотаграфія нашай зямлячкі Паліны Вікенцьеўны Сняжко, якую абралі дэпутатам Савета Саюза Вярхоўнага Савета СССР.
Год адметны для газеты тым, што ўпершыню першамайскі заклік меў чырвоны колер. Пазней стала традыцыяй з нагоды вялікіх святаў друкаваць каляровыя “шапкі” і загалоўкі.
Газеты таго і наступных гадоў поўніліся шматлікімі пастановамі і рашэннямі самых розных органаў улады па самых розных пытаннях, а таксама матэрыяламі выбарчай тэматыкі.
Зрэдку знаходзілася месца для рашэнняў “зямных” (аб ахове зялёных насаджэнняў, гандлі і г.д.). А яшчэ быў тады першаадкрывальнікам калгас “Перамога” Касцяневіцкага сельсавета, які пачаў нарыхтоўваць галінкавы корм для авечак.
Падшыўка газеты 1953 года незвычайная. Абедзьве старонкі кожнага выпуску пазначаны штампам з № 14, дазволам “У свет” і размашыстым подпісам цэнзара. Відаць, нумар штампа аказаўся шчаслівым, бо ніводнага выпуску газеты не сарвалася.
З 1955 года газета выходзіць на чатырох старонках цяперашняга фармату. Няма на іх паметак цэнзара. Затое паявіліся фотаздымкі перадавікоў, літаратурныя старонкі, матэрыялы аб фізічнай культуры і спорце. Пачалася прапаганда перадавога вопыту: у Рускасельскім сельсавеце арганізавалі начную пасьбу жывёлы. Па-ранейшаму чытачу прапаноўваліся безліч пастаноў і рашэнняў.
1 Мая 1962 года газета “За совецкую Радзіму” перадала эстафету “Шляху перамогі”. Ён лічыўся газетай Мінскага абкома КПБ і абласнога Савета дэпутатаў пры Вілейскім тэрытарыяльным калгасна-саўгасным упраўленні. Матэрыялы паступалі з нашага, Мядзельскага і Крывіцкага раёнаў. У аб’яднаную газету сабраўся і няштатны актыў. Так, селькоры Я. Лобань і Я. Лапіцкі, пачаўшы друкавацца ў крывіцкім “Ленінскім шляху”, сталі дасылаць свае заметкі ў “Шлях перамогі”.
У сакавіку 1963 года газета становіцца органам парткома Вілейскага вытворчага калгасна-саўгаснага ўпраўлення і раённага Савета дэпутатаў. Па святах выпускі былі каляровымі (1-ая і 4-ая старонкі ў чырвоным колеры, унутраныя – у сінім).
Пазней змянілася падпарадкаванне, і газета стала органам спачатку раённага, затым гарадскога камітэта КПБ, гарадскога і раённага Саветаў дэпутатаў.
Шматлікімі ўзнагародамі адзначаны творчы шлях газеты. Гэта Ганаровыя граматы і дыпломы раённай і абласной улад, Саюза журналістаў БССР. Наша газета – адна з тых нямногіх у рэспубліцы, што ўдастоены Дыплома I ступені і першай грашовай прэміі імя М. І. Ульянавай – за актыўную пастаноўку масавай работы (1974 г.).
З 1991 года “Шлях перамогі” стаў грамадскай газетай. У яго тры сузаснавальнікі: раённы выканаўчы камітэт, райсавет дэпутатаў і сам калектыў рэдакцыі. У кожнага свая ноша ў вырашэнні фінансавых, арганізацыйных і творчых пытанняў. Агульнымі намаганнямі ўдаецца рабіць газету больш насычанай разнастайнай інфармацыяй, радаваць чытача сучасным афармленнем, тэматычнымі выпускамі.











