Вось і пачаўся новы навучальны год, да якога мы рыхтаваліся з усёй адказнасцю. Вялікія задачы стаялі перад педкалектывам – трэба было зрабіць усё тое, што мы намецілі і што патрабавалася. І ў нас гэта атрымалася з дапамогай нераўнадушных людзей, якім неабыякава, як і чым жыве школа.
У першую чаргу, хочацца шчыра падзякаваць бацькам нашых вучняў, якія сабралі грошы на фарбу, шпалеры, пэндзлі, якія так патрэбны былі для рамонту. Каля дзясятка гадоў плённа супрацоўнічаем з раённай службай занятасці, дзякуючы якой сёлета мы памянялі мэблю, набылі фарбу для класных пакояў, сталовай.
Не так даўно будынак школы пацярпеў ад буры, якая была вельмі моцнай і сарвала дванаццаць лістоў шыферу з даху. Не ведаю, як бы мы справіліся самі з гэтай праблемай, каб не дапамога РКУП «Вілейскі водаканал» і ААТ «Зеніт-БелОМА». Разумею, наколькі многа спраў у супрацоўнікаў гэтых калектываў, а вось жа не прайшлі міма праблем школы і дапамаглі.
У нас завязалася цеснае супрацоўніцтва з рэспубліканскім сацыяльна-экалагічным грамадскім аб’яднаннем «Жывое партнёрства». Нашы вучні ўдзельнічаюць ва ўсіх мерапрыемствах, якія яно праводзіць. Напярэдадні новага навучальнага года нашы сябры з гэтага аб’яднання падарылі школе вельмі патрэбную нам рэч – маразільны лар. А параканвектамат – таксама вельмі патрэбны для школьнай кухні – быў набыты за сродкі ад суботнікаў, якія былі выдзелены для гэтай мэты райвыканкамам.
Прыемна адзначыць, што сёлета ў школьных кабінетах з’явілася дзесяць камп’ютараў і тры маніторы, якія падарыў нам «Беларусбанк». Усё гэта, безумоўна, знойдзе сваё прымяненне. А незадоўга да пачатку навучальнага года школе былі пералічаны грошы ад ААТ «Зеніт-БелОМА», на якія мы набудзем спартыўныя прылады.
Выконваць прадпісанні раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, які паставіў перад намі задачу замяніць драўляную абшыўку на лесвічных пляцоўках і фарбу, школе дапамагло ААТ «ПМК-88», спецыяліст якога выканаў усе належныя работы.
Нельга не сказаць і пра кветкі, якімі ўпрыгожана тэрыторыя школы. Іх нам ужо не першы год дораць віляйчане бацька і сын Сяргей і Міхаіл Ліры.
Стартаваў новы навучальны год, да якога мы добра падрыхтаваліся. З вашай дапамогай, паважаныя нашы сябры. Наша задача – берагчы ўсё тое, што створана агульнымі сіламі, з вашым удзелам. Абяцаем, што так і будзе. Шчыры ўсім дзякуй за дапамогу.
Мікалай ГІРО, дырэктар гарадской сярэдняй школы № 3








