Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Як падрыхтаваліся да новай пасяўной гаспадаркі раёна

Цёплыя сонечныя дні першага месяца вясны нагадалі, што не за гарамі адказная хлебаробская кампанія – пасяўная. Тое, якім будзе ўраджай бягучага года, залежыць ад многіх складаемых. І адно з асноўных – насенне. Яшчэ нашы продкі сцвярджалі, што з дрэннага насення не атрымаеш багатых ураджаяў. Так і гаварылі: якое семя, такое і племя. Таму і клапаціліся, каб сеяць адборным. А як падрыхтаваліся да новай пасяўной гаспадаркі раёна? З гэтага пытання пачалася наша размова з начальнікам інспекцыі па насенняводству, каранціну і ахове раслін Таццянай АНАСОВІЧ.

– Так, сакавік – своеасаблівы экзамен для працаўнікоў сяла, – пачала Таццяна Мікалаеўна. – Гэта справаздачны месяц, які дае адказ на пытанне: як былі падрыхтаваны колы зімой? Паколькі нашы «колы» – гэта насенны матэрыял, то будзем весці размову пра яго. Скажу адразу, што з насеннем зерневых і зернебабовых вялікіх праблем у нас няма. У бліжэйшыя 2-3 тыдні завяршым сортазмену і сортаабнаўленне і будзем гатовы да выхаду ў поле.
– Давайце, Таццяна Мікалаеўна, спынімся крышку на канкрэтных культурах. Што, дзе і колькі будзем сеяць?
– Згодна. Пачнём з другога хлеба. З ім у бягучым годзе сітуацыя крышку зменіцца – вырошчваннем бульбы будуць займацца дзве гаспадаркі: ААТ «Новая Вілія» і «Новая Любанія». Імі будзе пасаджана па 200 гектараў бульбы, якой плануем атрымаць па 400 цэнтнераў. Цяпер вырашаюцца пытанні набыцця недастаючага насення. Дарэчы, Вілейская сортавыпрабавальная станцыя будзе таксама забяспечваць гаспадаркі элітным пасяўным матэрыялам.
Ёсць новае і ў льногадоўчай галіне – з гэтага года вырошчваннем ільна-кудраша будуць займацца ААТ «Даўгінава» і «Алая зара». Так што, верыцца, будзем з каштоўным для здароўя ільняным маслам, якое атрымаем з вырашчанай культуры.
– А што ў нас са шматгадовымі травамі?
– Ідуць работы і ў падрыхтоўцы іх насення. Ужо даведзена да пасяўных кандыцый 88 тон, у тым ліку 29 тон бабовых. Гэта ў асноўным канюшына чырвоная, а ў апошнія гады на нашых палях усё больш і больш з’яўляецца і люцэрна. Філіял «Бубны» УП «Мінгаз» плануе займацца галегай усходняй, ААТ «Нарачанскія зоры» – доннікам.
На змену яжы зборнай і цімафееўкі лугавой, якія ў гаспадарках высяваліся традыцыйна, прыйшла сумесь райграса з аўсяніцай – фестулоліум, з якога атрымліваецца корм лепшай якасці. Гэтага насення ў гаспадарках засыпана 16 тон. Хочацца адзначыць, што і ў мінулым, і ў бягучым годзе вельмі добра паклапаціліся аб пасяўным матэрыяле ў «Бубнах» – тут завезена насенне гароху ў чыстым выглядзе, канюшыны ружовай, трыцікале яравога элітнага і, як я ўжо сказала, галегі ўсходняй, сумесей інтэнсіўных пашавых траў. Адным словам, тут зроблены добры задзел у забеспячэнні жывёлагадоўлі высокабялковымі кармамі.
– Памятаецца, недзе з год назад мы з Вамі, Таццяна Мікалаеўна, гаварылі пра новы закон «Аб насенні». Як ён рэалізоўваецца?
– Канешне, адразу пэўныя праблемы былі. Яно і зразумела, закон прадугледжвае пэўныя новаўвядзенні ў нашай дзейснасці. Ды сёння ўжо можна канстатаваць, што ўсё ў нас атрымалася. Ды і іншыя ўжо ўсвядомілі, што за правераныя пробы насення трэба плаціць, бо законам гэта прадугледжваецца, і мы таксама аказваем цяпер платныя паслугі. Дарэчы, за мінулы год гэта сума ў нас склала 72 мільёны рублёў. Наша інспекцыя правярае насенне не толькі гаспадарак раёна, але і некаторых фірм, якія гандлююць насеннем. Гэта, у прыватнасці, ІП Стальмакова, ТДА «Аграрна-прамысловы гандлёвы дом», ААТ «Сортнасенгародніна» і іншыя. Калі ўжо загаварылі пра гародніну, то трэба адзначыць, што гаспадаркі раёна сёлета не плануюць ёю займацца – гэта справа будзе даверана фермерскім гаспадаркам. Іх прадукцыя ў апошнія гады была больш канкурэнтнай на рынку.
– А цяпер, Таццяна Мікалаеўна, давайце адкажам на пытанне, якое ў гэтыя веснавыя дні так хвалюе нашых дачнікаў: дзе лепей за ўсё набываць насенне для сваіх прысядзібных участкаў?
– Гэтае пытанне нярэдка задаюць і нам, маўляў, вы ж – кампетэнтная служба, адкажыце. Я не буду пераконваць тых, хто ўжо знайшоў і апрабаваў, так сказаць, свае фірмы, насеннем якіх задаволены. Аднак я пераканана ў галоўным: набываемае вамі насенне павінна быць праверана і раянавана для нашых умоў. Такі насенны матэрыял, да прыкладу, прадаюць аграфірма «Аэліта», ААТ «Сортнасенгародніна», «Гаўрыш». Нядрэннае і насенне польскай селекцыі. Урэшце, калі ў нашых чытачоў узнікаюць якія-небудзь пытанні наконт насення, то адказы можна заўсёды знайсці ў нашай інспекцыі, набраўшы нумар 5-43-38.
– Дзякуй Вам, Таццяна Мікалаеўна, і за цікавую гутарку, і за карысныя парады. Будзем абавязкова ўлічваць іх. І мы, прыватнікі, і спецыялісты гаспадарак раёна.
Гутарыла Ірына БУДЗЬКО.
Фота Аляксея КАМІНСКАГА

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 175 queries