Тэма навядзення парадку і добраўпарадкавання тэрыторый не новая. У Вілейскім раёне гэтым пытанням надаецца пільная ўвага і добраўпарадкаванне ў раёне носіць сістэмны характар. Разам з тым пазначаныя напрамкі штогод набываюць усё большы размах і разнастайнасць мерапрыемстваў. Добраўпарадкаванне роднага краю і навядзенне парадку на зямлі – было і застаецца справай не толькі органаў дзяржаўнага кіравання, але і ўсяго насельніцтва.
У горадзе і кожным сельсавеце распрацаваны план мерапрыемстваў, вызначаны адзіны санітарны дзень – чацвер, калі працоўныя калектывы масава займаюцца навядзеннем парадку на зямлі. За ўсімі прадпрыемствамі, арганізацыямі і ўстановамі замацаваны не толькі прылеглыя тэрыторыі, але і землі агульнага карыстання і тэрыторыі помнікаў і памятных месц.
Арганiзацыяй жыллёва-камунальнай гаспадаркі арганізавана і праводзіцца планамерная работа ў напрамку навядзення парадку і дагляду за тэрыторыяй, у тым ліку па добраўпарадкаванні тэрыторый населеных пунктаў, месцаў адпачынку, паркаў, сквераў. Аднак, часам жыхары, ды і, што граху таіць, асобныя кіраўнікі лічаць, што добраўпарадкаванне і навядзенне парадку – гэта толькі барацьба са смеццем, уборка тэрыторыі, што зусім не так. Добраўпарадкаванне мае на ўвазе цэлы комплекс мерапрыемстваў па стварэнні ўмоў для жыццядзейнасці чалавека. Уключаючы стан дарог, грамадзянскіх могілак, усіх аб’ектаў інфраструктуры і прылеглых да іх тэрыторый, забеспячэнне вулічнага асвятлення, крыніц водазабеспячэння, міні-палігонаў для збору цвёрдых бытавых адходаў. Але варта адзначыць, што законапаслухмяных грамадзян і адказных кіраўнікоў больш, чым тых, хто не падтрымлівае парадак у арганізацыях, на падворках, тэрыторыях. І гэта радуе. Але і ёсць тыя, да каго прыходзіцца ўжываць не толькі загады, але і пратаколы са штрафнымі санкцыямі. Па дадзеных статыстыкі цэнтра гігіены і эпідэміялогіі за мінулы перыяд 2016 года ў пытаннях навядзення парадку на зямлі і добраўпарадкаванні тэрыторый спецыялістамі раённага цэнтра выдадзена 46 прадпісанняў, 256 рэкамендацый аб ліквідацыі выяўленых парушэнняў суб’ектамі гаспадарання, 636 папярэджванняў грамадзян. Складзена 154 пратаколы і прыцягнута да адміністрацыйнай адказнасці вінаватыя службовыя асобы на агульную суму 22 156 рублі.
У перыяд з 1 па 30 кастрычніка на тэрыторыі Мінскай вобласці праводзіцца месячнік па навядзенні парадку на зямлі, добраўпарадкаванні і азеляненні тэрыторый.
Карэспандэнты газеты сумесна са старшынёй раённага Савета дэпутатаў Наталіяй Радзевіч і загадчыцай аддзела гігіены раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Кацярынай Будзько ацанілі эфектыўнасць і дастатковасць работ, якія праводзяцца па навядзенні парадку на тэрыторыях,замацаваных за прадпрыемствамі і арганізацыямі ў горадзе Вілейка. Адразу хочыцца адзначыць, што горад вельмі чысты і большасць прылеглых тэрыторый дагледжаны. Відавочна, што сумеснымі намаганнямі зроблена шмат. Аднак, ёсць і кантраст у незаўжды прывабных выглядах кантэйнерных пляцовак, участкаў з непакошанай травой і нявывезеных тых жа перапоўненых кантэйнераў (хаця гэта пытанні аднаго-двух дзён, калі прыязджае смеццявоз).
Да значных пытанняў навядзенне парадку можна аднесці праблему зарасніку «залатарніка канадскага» на гарадскіх могілках па вуліцы 1 Мая. Не адзін праведзены грамадскі суботнік не зможа выправіць гэта пытанне, калі самі жыхары не звярнуць на гэта ўвагу. Прыгожыя жоўтыя кусты летам ператвараюцца ў шэрыя змрочныя восенню. Гэтая расліна вельмі небяспечная і адносіцца да так званых інвазіўных – шкодных, распаўсюджванне і колькасць якіх ствараюць пагрозу жыццю або здароўю чалавека, яго гаспадарчай дзейнасці. Дарэчы, залатарнік канадскі як і баршчэўнік Сасноўскага небяспечныя расліны як для чалавека, так і для народнай гаспадаркі. А залатарніку за кожнай агароджай на могілках шмат і яго трэба зразаць, каб ён не рассяваўся і не запаланіў усю тэрыторыю. А гэта залежыць ад кожнага з нас, чые родныя пахаваны на могілках. Па-гэтаму, прышоўшы наводзіць парадак на могілках, патурбуйцеся выразаць некалі прыгожы жоўты куст, а лепш выкапаць, каб абараніць сябе і іншых.
Падчас рэйда было бачна вельмі шмат і станоўчых прыкладаў дбайнага гаспадарання, хаця пэўныя хібы можна знайсці ў любога гаспадара. Але да станоўчых прыкладаў гаспадарлівага добраўпарадкавання можна аднесці тэрыторыю анкалагічнага дыспансера, СТА на Красіна ПУП «Новы падыход».
Вывад адзін – трэба гаспадарліва ставіцца да сваёй зямлі і ўлада заўжды вельмі ўдзячна жыхарам, чые падворкі, домаўладанні і прылеглыя тэрыторыі дагледжаныя, эстэтычна аформленыя, квітнеюць і цешаць вока яркасцю фарбаў і чысцінёй. І гэта павінна быць нормай для кожнага: прыбраць у двары, высадзіць кветкі, пафарбаваць фасад, плот, а ў выпадку неабходнасці ўсё своечасова адрамантаваць. Прыемна, што жыхары горада і раёна таксама ўдзельнічаюць у суботніках на грамадзянскіх могілках, а ўносячы добраахвотны грашовы ўклад, дазваляюць выканаць больш прац для свайго населенага пункта. Добраўпарадкаванне і навядзенне парадку на зямлі не можа быць разавай акцыяй, бо гэта паўсядзённая сістэматычная праца, карпатлівы і працаёмкі працэс. І кожны павінен усведамляць, што прымаючы актыўны ўдзел у справе добраўпарадкавання і падтрымання парадку на зямлі, робіць сваё жыццё камфортней і ўтульней. А разам мы зробім наш рэгіён больш прывабным і сучасным.
Навядзенне парадку на зямлі – гэта, перш за ўсё, адказнасць кожнага за забеспячэнне рацыянальнага і эфектыўнага выкарыстання зямлі. Сюды ўваходзіць барацьба з пустазеллем, дзікарослым зараснікам, апрацоўка і ўцягванне ў абарот невыкарыстоўваемых зямель. Недапушчальна складаванне на вуліцах будаўнічых матэрыялаў, тэхнікі і гэтак далей. Будзьце гаспадарамі на сваёй роднай зямлі!
Сяргей ГАНЧАР.
Фота аўтара
Месячник по наведению порядка в Вилейском районе