Валанцёрскі атрад “ Святліца” яднае дзевяцярых вязынскіх нераўнадушных і няўрымслівых жанчын 60+ . Рухавік суполкі, яе натхняльнік і арганізатар – Раіса Канстанцінаўна Філістовіч. Яна настаўніца, а сапраўдныя настаўнікі застаюцца такімі заўжды, нягледзячы на тое, што ўжо даўно не працуюць у школе.
– Ой, пра мяне не трэба, давайце пра нашых дзяўчат. Давайце спачатку зойдзем да Даны Станіславаўны. Ой, што гэта за цікавы чалавек, а як спявае, як вышывае? – дае даведку Раіса Канстанцінаўна.
Данута Станіславаўна Северына – жахарка немясцовая. Адсюль яе муж, і пасля выхаду на пенсію яны вярнуліся ў бацькоўскую хату. Бадай, з таго часу і пачалося захапленне жанчыны – вышыванне крыжыкам па нумарах. Данута Станіславаўна вышыла ўжо каля 30 карцін. Зараз, напрыклад, яна працуе над пейзажам “Раздолье”: пайшоў ужо сёмы месяц, як жанчына амаль кожны дзень вышывае яго.
– Некаторыя работы падаравала родным. Астатнія тут – у мяне, – жанчына паказвае першую сваю вышыванку – букет сініх кветак. Вышываны тут толькі букет і ваза. Зараз жа спрактыкаваная майстрыха стварае спараўдныя шэдэўры: дробны крыжык перадае фатаграфічную дакладнасць выявы.
А як спявае! Тут жа жанчыны дуэтам выканалі для мяне колькі куплетаў самых любімых песень. У свае часы Дана Северына была салісткай мастацкай самадзейнаці завода вылічальных машын ім. Арджанікідзэ. А зараз радуе спевамі аднавяскоўцаў – са сцэны мясцовага ДК і хораў касцёла.
Пакуль мы ідзем у ДК, дзе ў «Святліцы» свая святліца, Раіса Канстанцінаўна расказвае пра іншых валанцёраў: Любоў Мікалаеўна Гамолка, Таіса Вікенцьеўна Пакладок так умела ствараюць вобразы для нашых мерапрыемстваў з любога матэрыялу – тканіна, гародніна або што іншае. Тамара Мікалаеўна Кузьмінова, былы бібліятэкар, адмыслова стварае настрой вершамі – ведае іх шмат на памяць. А нядаўна актыўна далучыліся да нас Вольга Васільеўна Нарэйка, Ніна Аляксандраўна Гладкевіч, Ларыса Іванаўна Карповіч.
– Любоў Фёдараўна Вараб’ёва летам вяртаецца ў вёску Чэхі, а зімой яна ў брата. Яна – наша дарадца па пытаннях здароўя. Толькі скажы, што баліць, яна параіць, што прымаць, якія фізічныя практыкаванні рабіць. Раней мы разам працавалі з ёй у школе. Мы распачалі такі напрамак у школе, як прапаганда здаровага ладу жыцця. Наша школа нават была ўзорнай па гэтым віду дзейнасці.
А зусім нядаўна адышла ў іншы свет мая паплечніца, кансультант, “правая рука” Таццяна Дзям’янаўна Філістовіч. Які творчы чалавек, з якой мы шмат чаго зрабілі! – кажа Раіса Канстанцінаўна.
За кубкам кавы гартаем таўшчэзныя папкі, якія змяшчаюць інфармацыю пра ўсе рэалізаваныя ініцыятывы “Святліцы”. Суполка створана ў 2009 годзе, таму, можаце сабе ўявіць, звестак назбіралася шмат. Як вопытны метадыст, Раіса Канстанцінаўна размясціла ўсё па раздзелах: напісала анатацыі, ілюстравала фотаздымкамі.
– Тут шмат нашай працы. Але ёсць праект, які асабліва нам дарагі – мы стварылі Кнігу памяці Вязынскага сельскага Савета. Над ёй мы працавалі разам з Алёнай Аляксандраўнай Грыпініч, Вольгай Мікалаеўнай Суднік, Таццянай Іванаўнай Буслаўскай. Працу па зборы інфармацыі мы пачыналі яшчэ ў 1985 годзе ў школе, а зараз дабавілі. Атрымалася кніга ўспамінаў сведкаў вайны, многіх з іх ужо няма з намі. Нашы вязынскія людзі і жыхары навакольных вёсак расказалі пра сваё маленства, абпаленнае вайной, пра тое, як былі вывезены ў Германію, пра тое, як змагаліся на франтах і ў партызанах, – расказвае Раіса Канстанцінаўна.
Ёсць у кнізе і ўспаміны яе бацькі – Канстанціна Аляксандравіча Рудася, які быў прызваны ў армію да вайны, пасля яе пачатку трапіў у акружэнне і палон, збег з палону, быў у партызанах. Пасля вайны ён быў дырэктарам Рыбчанскай пачатковай школы. Цікава, што чалавек клапаціўся пра тое, што будуць памятаць яго нашчадкі, таму пісаў мемуары «детям и внукам о себе».
– Мы і зараз захоўваем дома гэты тоўсты сшытак з пажаўцелымі старонкамі. Там і ўспаміны, там і цікавыя факты, якія ўразілі бацьку. І я такая, таксама люблю ўсё цікавае занатаваць, – распавядае мая суразмоўца.
Ёсць у кнізе раздзел пра творчых землякоў, а ў апошнія гады ў кнізе Памяць новыя старонкі – валанцёркі напісалі ўспаміны пра свае родныя вёскі – Вязынь, Пахомава і Рыбчына (затопленыя вёскі ў сувязі з будаўніцтвам вадасховішча), Ярмолічы. А тыя жанчыны, якія пераехалі, напісалі пра свае родныя паселішчы.
– Спачатку мае дзяўчаты насцярожана ўспрынялі такую ініцыятыву. А я кажу, давайце, не будзем ленавацца, гэта для нашчадкаў. Хто ж ім расскажа, калі не мы.
Сама Раіса Канстанцінаўна напісала шмат старонак пасляваеннай гісторыі вёскі Рыбчына, адкуль яна родам.
– Той год, 2020, мы, у сувязі с пандэміяй – амаль не збіраліся. Работа “Святліцы” ішла ў тэлефонным фармаце. І я за той год напісала падрабязна ўсё, што памятаю пра сваю малую радзіму: як жылі, што елі, што апраналі, як гулялі, як і дзе працавалі, якімі былі вясковыя аб’екты. Я яшчэ раней задумвалася, каб зрабіць такую работу, а тут пандэмія вольнага часу дабавіла, – заўважае Раіса Філістовіч.
Жанчына на зробленым не спыняецца і ўжо распачала новую працу: стварае “рыбчанскі” тлумачальны слоўнік і запісвае “рыбчанскія” прыпеўкі.
– А як гэта “тэлефонны фармат” работы? – пытаюся я.
– Мы пастаянна ў кантакце. Напрыклад, у нас ёсць доўгатэрміновы праект “Здароўе”. Раней мы збіраліся разам, запрашалі спецыялістаў або самі рыхтавалі цікавыя паведамленні па прафілактыцы захворванняў, пра народныя лекі, цікавыя рэцэпты. Запрашалі на свае пасяджэнні валанцёраў з Вілейкі, рыхтаваліся да іх прыезду. У тым годзе такого не было. Што мы рабілі? Вось даведаюся я аб чым цікавым, карысным – тэлефаную сваім дзяўчатам: а гэта ведаеце? Ці – прыязджалі да нас супрацоўнікі МНС не так даўно. Расказалі нам пра бяспеку, раздалі буклеты з інфармацыяй. Праз пару дзён я патэлефанавала сваім і пратэсціравала іх па тэлефоне: ці памятаюць, аб чым была размова, ці прачыталі буклеты. Бо ў іх жа многа карыснай інфармацыі. Вось вы, напрыклад, ведаеце, што рабіць, калі разбіўся ртутны тэрмометр?
Раіса Канстанцінаўна лічыць, што няма таго ўзросту, калі новыя веды не патрэбны. Яна сама з задавальненнем успрымае новую інфармацыю і шчодра дзеліцца ёю са сваімі паплечніцамі.
– У нас ёсць і такі напрамак работы, як духоўная адукацыя: чым наша слова адгукнецца, як і аб чым размаўляць з дзецьмі, што ёсць дабрыня, любоў – усё гэта становіцца прадметам нашага абмеркавання.
Вязынскія валанцёркі не страчваюць інтарэсу да жыцця і з задавальненнем спрабуюць нешта новае. Вось, да прыкладу, скандынаўская хада. Хто з жанчын набыў палкі для хады, другія выразалі іх з алешыны, але ўсе разам наведалі практычны занятак, які правёў для іх інструктар з Вілейкі.
– І хадзілі па стадыёне. Бачылі мы, як назіралі за намі з вокнаў. Можа, хто і смяяўся, але мы не звяртаем увагі і ўпэўнены, што нашаму прыкладу паследуюць.
Ірына ТРУБАЧ/Фота аўтара