На пачатку года ў Уладзіміра Цануніна выйшла чарговая кніга. Зборнік гумарыстычных вершаў і анекдотаў “Люстэрка” надрукавала мінскае выдавецтва “Чатыры чвэрці”. Кніжка гумару ад Уладзіміра Яфімавіча стала пряцягам серыі “Несур’ёзна пра сур’ёзнае”. Зборнік выйшаў акурат напярэдадні XXIV Мінскай Міжнароднай кніжнай выставы-кірмаша, і быў прадстаўлены на стэндзе выдавецтва.
“Люстэрка” сабрала знакамітыя цанунінскія “карацелькі”, што трапным словам пацешаць і старых, і малых. Кніжку можна набыць у кніжных інтэрнэт-крамах. Магчыма, прывязуць і у наш “Кругагляд”.
“Толькі гумар прэ”, — з толькі яму ўласцівай іроніяй адказаў Уладзімір Яфімавіч на маё пытанне, якія навіны ў творчым жыцці. Аказалася надрукавана нямала. Альманах часопіса “Гаспадыня” змясціў 18 гумарыстычных вершаў віляйчаніна. Зімовы нумар “Вожыка” выйшаў з цанунінскім гумарам на старонках.
І “Малпа рукі пацірала”. Вядома ж, з пацехі. Зборнік гумарыстычнай паэзіі,які пабачыў свет напрыканцы мінулага года, – вынік працы мінскага абласнога клуба творцаў “Жывіца”. Сярод 48 паэтаў і Уладзімір Цанунін. Акрамя ўласна гумарыстычных жанраў – байкі, гумарэскі, мініяцюры, у кнізе прадстаўлены блізкія: сатыра, іранічная паэзія, пародыі, жартоўныя афарызмы, а таксама эпіграмы і прысвячэнні.
“Разам з Бажэнай Ганушкінай, бардам з Маладзечна Юрыям Белым мы прэзентавалі зборнікна XXIV Мінскай Міжнароднай выставе-кірмашы, якая прайшла з 8 па 12 лютага ў сталіцы”, — расказаў Уладзімір Яфімавіч.
Ірына ТРУБАЧ.
Фото на главной из архива редакции