Гераіняй аднаго з маіх матэрыялаў стала сацыяльны работнік з вёскі Журыхі Марына Акуньковіч. На днях яна зноў зазірнула ў рэдакцыю.
– Хачу расказаць пра маму, – сказала яна. – На яе долю выпала многае…
І пачала расказваць. Яшчэ адзін нялёгкі жаночы лёс прайшоў перада мною, усхваляваўшы і нават выклікаўшы захапленне.
Дзяўчынка нарадзілася ў год, калі пачалася вайна. Колькі давялося ў тое ліхалецце вынесці яе маці, Ірына Аляксандраўна Жоўтка памятае цьмяна. Ужо пазней, калі падрастала, пачала ўсведамляць суровую рэальнасць. Іх сям’я жыве ў дзедавай лазні, бо хату спалілі фашысты… Яе бацька, Аляксандр Вікенцьевіч, быў рэпрэсіраваны і не вярнуўся дамоў…
Яна была падлеткам, калі маці са старэйшым братам сабраліся на вярбоўку – удаве хацелася хутчэй паставіць хату, бо не ў лазні ж жыць з ужо амаль дарослымі дзецьмі. Паехалі, пакінуўшы на гаспадарцы пятнаццацігадовую Іру. Ёй, звыклай да сялянскай працы, зусім не цяжка было ўпраўляцца з каровай, парсючком ды на агародзе. Але вось зіма ў той год аказалася вельмі суровай. Не за сябе непакоілася дзяўчынка, а за сваю рагульку, якой якраз у самыя маразы выпала цяліцца. Доўга не разважаючы, юная гаспадынька ўвяла кароўку ў сваё жытло, дзе рагуля і ацялілася, і перажыла з цяляткам маразы. А ледзь пацяплела, дзяўчына перавяла скаціну ў хлеў і ўзялася за генеральную ўборку. Мыла-шаравала сцены, падлогі, а пасля выклеіла ў хаце старымі газетамі.
Ірына Аляксандраўна памятае той дзень, як нехта з суседзяў крыкнуў на вуліцы: «Едуць з вярбоўкі!» Дзяўчына так засумавала без маці і брата, што птушкай кінулася на вуліцу, каб сустрэць іх, як і належыць руплівай гаспадыні. Родныя прыехалі і прывезлі ёй дарагі падарунак – бліскучы ровар. Ну проста мара, а не падарунак… А ўласную хату праз нейкі час усё ж агоралі з дапамогай калгаса, дзе працавалі ўсёй сям’ёй. Чаго толькі не даводзілася рабіць Ірыне! Была і паляводам, і льнаводам, і цялятніцай. А пасля адбылася тая лёсавызначальная сустрэча з сувязістам Фёдарам, замужжа. Так у далёкім 1967-ым Ірына прыехала ў Журыхі, на радзіму мужа. На той час маладыя сем’і не так катэгарычна ставілі пытанне пра тое, каб жыць асобна ад бацькоў. Вось і Жоўткі больш трыццаці гадоў пражылі разам з маці Фёдара Мікалаевіча. Можна ўявіць, як прыйшлося Ірыне падладжвацца да гаспадыні, клапаціцца пра спакой і парадак у сям’і. І ў яе гэта атрымлівалася. Ды, калі шчыра, часу на нейкія высвятленні ды спрэчкі ў маладой жанчыны практычна не было – яны з мужам многа працавалі і ў мясцовым калгасе «Чырвоны сцяг», і дома, гадавалі дачок Жанну і Марыну. Ірыне Аляксандраўне, хуткай на пад’ём і неабыякавай, вяскоўцы даверылі ў свой час выконваць дэпутацкія абавязкі; яе партрэт неаднаразова змяшчаўся і на калгаснай, і на раённай дошцы гонару (так адзначалася сумленная праца жанчыны) – і на ўсё яе хапала.
– Ды мама і на пенсіі яшчэ з дзясятак гадоў працавала ў калгасе, – падзялілася Марына. – І буракі палола, і бульбу перабірала, і лён падымала. А вялікую гаспадарку трымае і цяпер – яна без працы не можа. Хоць і ўдава ўжо нямала гадоў. Падымаецца ў пяць гадзін, а то і раней, і пайшла ўпраўляцца. На ўездзе ў вёску крыж стаяў доўгі час і ўжо патрабавалася яго замяніць, дык за арганізацыю гэтай справы ўзялася мама. І на могілках навесці парадак заўсёды выходзіць у ліку першых. Такая яна заўсёды была і застаецца.
А яшчэ, падзялілася дачка, яе мама адметная пявуння. Без яе ўдзелу, бывала, не абыходзіліся ні адны вячоркі ў клубе. І столькі частушак, як ведае Ірына Аляксандраўна, ведаюць нямногія.
– А як зацягне, бывала, сваю любімую «Беласнежную вішню», – узгадала Марына. – Толькі даўнавата не спявала, бо год назад швагру пахавалі, усяго сорак пяць гадоў было…
Лёс як настой на палыне… Вось і жыццё Ірыны Аляксандраўны Жоўтка, колішняй перадавой цялятніцы з саракагадовым стажам, у свой час узнагароджанай за працу ордэнам, лёгкім не назавеш – перажыць давялося вельмі многае. Нешта перажылося, іншае засталося ў сэрцы на ўсё жыццё. Але на цяжкасці яна ніколі не наракала, а проста жыла ў працы і ў ёй жа знаходзіла супакой.
Ірына БУДЗЬКО.
Фота Марыны АКУНЬКОВІЧ