Заканчэнне школы – адзін з самых хвалюючых момантаў нашага жыцця. Ззаду бесклапотнае дзяцінства, шумныя перамены, нявывучаныя ўрокі. І вось пачынаецца дарослае жыццё. Выпускны вечар – гэта свята, якое запомніцца на ўсё жыццё.
Мінулы чэрвеньскі суботні вечар быў асаблівым для навучэнцаў Вілейшчыны, бо 9 чэрвеня прайшло раённае свята выпускнікоў устаноў адукацыі. Юнакі ў строгіх касцюмах, дзяўчыны ў бальных сукенках, прыгожыя і прыбраныя бацькі, настаўнікі і шмат іншых гасцей, што сабраліся на плошчы Свабоды на апошняе свята дзяцінства – школьны выпускны баль. Чакаючы пачатку свята, прыбраныя выпускнікі пазіравалі перад фотакамерамі, прымалі віншаванні знаёмых і сяброў. Але нават у вясёлым смеху адчувалася нотка суму, бо ў той дзень яны развітваліся са школай, якая на працягу адзінаццаці гадоў была для іх другім домам. На плошчы Свабоды, каля помніка воінам-вызваліцелям, адбылося пастраенне выпускнікоў са школ горада і раёна, прайшла хвіліна маўчання і ўскладанне кветак да помніка ў знак павагі да подзвігу нашых дзядоў і прадзедаў, што здабылі мірнае неба для многіх наступных пакаленняў. Затым урачыстае шэсце выпускнікоў на чале з духавым аркестрам і ансамблем мажарэтак, ганаровымі гасцямі накіравалася да Цэнтральнай плошчы.
Гучыць прыгожая музыка школьнай тэматыкі… На плошчу пад рознакаляровай аркай з шароў уваходзяць выпускнікі. За гады вучобы яны не толькі даказалі ўсе тэарэмы і пацвердзілі аксіёмы, але і вывелі ўласныя формулы выдатнай вучобы. Сярод іх незлічоная колькасць пераможцаў алімпіяд, выдатнікаў, лаўрэатаў розных конкурсаў і проста вельмі добрых людзей.
– Сёння мы вітаем яскравы і незабыўны выпуск-2018, які дарыў нам радасць зносін, перамогі і дасягненні, – менавіта такімі словамі распачалі свята вядучыя мерапрыемства. – Паважаныя выпускнікі, запомніце абавязкова сябе такімі, якія вы зараз: маладымі, спартыўнымі, прыгожымі, рамантычнымі, з вясёлымі ўсмешкамі і іскрынкамі даверу да жыцця. А галоўнае, заставайцеся такімі як мага даўжэй.
Са святочнай сцэны ў гэты вечар гучала шмат цёплых слоў. З заканчэннем школы выпускнікоў павіншавалі старшыня Вілейскага раённага Савета дэпутатаў Алена Чабатар, намеснік старшыні Вілейскага райвыканкама Святлана Дзяруга і начальнік упраўлення па адукацыі, спорту і турызму Вілейскага райвыканкама Аляксандр Пуцэйка. Усе яны жадалі дзецям усяго найлепшага, яркіх поспехаў на іх жыццёвым і прафесійным шляху, а галоўнае, каб усе яны памяталі сваю малую радзіму і заўжды вярталіся сюды. І, як трапна адзначыла Алена Чабатар: «Вашы поспехі і радасці – гэта і нашы поспехі і радасці. У добры шлях».
А затым была цырымонія ўзнагароджвання выпускнікоў Вілейскага раёна 2018 года, якія атрымалі атэстаты аб агульнай сярэдняй адукацыі асобага ўзору з узнагароджаннем залатым або срэбным медалём. Разам з медалістамі на сцэну запрасілі і іх бацькоў, якія побач з настаўнікамі вялі сваіх дзяцей па жыццёвым шляху, стваралі ўмовы для развіцця, падтрымлівалі і радаваліся іх поспехам. Кожны з іх атрымаў Падзякі за выхаванне такіх выдатных дзяцей. Вось імёны залатых і сярэбраных медалістаў: Кацярына Багачэнка, Таццяна Волкава, Аляксандра Мельнікава, Таццяна Касяк, Руслан Нядвецкі, Паліна Горбач, выпускнікі ДУА «Вілейская гімназія №1 «Логас»; Паліна Дунаева, Карына Кастрыцкая і Ганна Місюль, выпускнікі ДУА «Вілейская гімназія №2»; Ксенія Завадская, Элеанора Мінчанка, Глеб Алейнік, Мікалай Томкавіч, выпускнікі ДУА «Сярэдняя школа №3 г. Вілейкі»; Кацярына Якутовіч, выпускніца ДУА «Сярэдняя школа №1 г. Вілейкі»; Наталля Буркевіч, выпускніца ДУА «Ільянская сярэдняя школа імя А.А. Грымаця»; Валерыя Віркоўская, выпускніца ДУА «Даўгінаўская сярэдняя школа»; Арына Мілаш, выпускніца ДУА «Людвіноўская сярэдняя школа»; Кацярына Філістовіч, выпускніца ДУА «Вязынскі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад-сярэдняя школа».
Сярод выпускнікоў, якія падымаліся на святочную сцэну падчас раённага балю выпускнікоў, былі і тыя, што за сваю добрасумленную і плённую працу адзначаны спецыяльным фондам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў. Пасведчанне спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь уручаны: Любові Агаровай, выпускніцы 2017 года ДУА «Сярэдняя школа №3 г. Вілейкі», пераможцы заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах 2017 года; Валерыі Кабак, вучаніцы 10 класа ДУА «Вілейская гімназія №2», пераможцы рэспубліканскага конкурсу работ даследчага характару; Надзеі Каўрус, выпускніцы ДУА «Вілейская гімназія №2», пераможцы заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах 2017 года; Надзеі Клімёнак, выпускніцы 2017 года ДУА «Вілейская гімназія №2», пераможцы рэспубліканскага конкурсу работ даследчага характару; Вікторыі Каросцік, вучаніцы 10 класа ДУА «Сярэдняя школа №3 г. Вілейкі», пераможцы заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах 2017 года; Анастасіі Малевіч, вучаніцы 10 класа ДУА «Вілейская гімназія №1 «Логас», пераможцы заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах 2017 года; Івану Прылепскаму, навучэнцу УА «Мінскі дзяржаўны абласны ліцэй», пераможцу заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах 2017 года; Юрыю Шышко, выпускніку ДУА «Нарачанская сярэдняя школа Вілейскага раёна», пераможцу конкурсу навукова-тэхнічнай творчасці навучэнцаў Саюзнай дзяржавы «Таленты XXI стагоддзя».
Са словамі падзякі ад імя ўсіх выпускнікоў 2018 года да настаўнікаў і бацькоў звярнулася са сцэны Надзея Каўрус, выпускніца Вілейскай гімназіі №2. «Як адно імгненне прайшлі, праляцелі гады вучобы. Сёння цяжка падабраць словы, якія могуць апісаць пачуцці ўсіх нас, выпускнікоў, каб выказаць бязмежную падзяку, пашану і любоў да бацькоў і настаўнікаў», – адзначыла ў сваім выступленні Надзея.
Для настаўнікаў і бацькоў выпускны баль – таксама свята. І калі для настаўнікаў гэта сумны і сентыментальны дзень развітання са сваімі вучнямі, якія раслі ў іх на вачах, то ў бацькоў у гэты дзень перамяшаліся пачуцці шкадавання і шчасця ад таго, што іх дзеці ўжо выраслі. У сваім выступе ад імя бацькоў Алена Мамай адзначыла, што ўсе гэтыя гады яны разам са сваімі дзецьмі вучыліся і раслі, здавалі іспыты, пісалі кантрольныя работы, перажывалі з-за дрэнных і радаваліся добрым адзнакам. Агучваючы свой бацькоўскі наказ, Алена Сяргееўна пажадала ўсім выпускнікам, каб яны знайшлі сябе, сваё месца ў жыцці, падзячыла педагогам за тыя веды, якія атрымалі дзеці, як і самім былым вучням пажадала ніколі не забываць сваіх настаўнікаў.
Апошняе свята дзяцінства – школьны выпускны баль – завяршаецца. Быццам гэта было ўсяго толькі імгненне. Адгучаў апошні школьны вальс, сотні шароў узвіліся высока ў неба. Перад намі маладыя, мэтанакіраваныя людзі, якія смела глядзяць наперад і рашуча ідуць у нагу з часам. Наперадзе жыццё, якое будзе падаваць свае ўрокі і само прымаць экзамены. Вось толькі ў жыцці рэдка выпадае магчымасць іх пераздаць. Хочацца пажадаць вам, паважаныя выпускнікі, каб урокі жыцця заўсёды былі для вас лёгкімі і пазнавальнымі. Выбіраючы дарогі, па якіх ісці, прыслухоўвайцеся да свайго сэрца. Але якім бы ні быў ваш шлях, хай ён будзе гладкім, як стужкі выпускнікоў. Любіце ўсім сэрцам, думайце разумна і, самае галоўнае, нічога не бойцеся. Вы атрымалі адзін з самых важных дакументаў у вашым жыцці. Хай ажыццявяцца ўсе вашы мары! У добры шлях, выпускнікі!…
Сяргей ГАНЧАР.
Фота аўтара
Фото Сергея ГОНЧАРА