Не ведаю, як хто, а я з кожным годам пераконваюся, што выпадковасць адыгрывае велізарную ролю ў жыцці чалавека. Выпадковыя сустрэча, слова, паездка… Ах, як часта яны становяцца лёсавызначальнымі.
Так атрымалася і ў жыцці Зоі Карыба, старасты вёскі Лыцавічы, якая сорак пяць гадоў аддала рабоце ў мясцовай бібліятэцы. А некалі ў юнацтве нават і не думала пра гэта.
– У школе вельмі любіла гісторыю, таму вырашыла паступаць на гістарычны факультэт, – расказвае Зоя Іванаўна. – Гэта быў шэсцьдзясят дзявяты год. На той час факультэт гэты быў вельмі прэстыжны, конкурсы былі вялізныя. Карацей, не прайшла на конкурсе. А каб год не прападаў, згадзілася папрацаваць у сельскай бібліятэцы. І з людзьмі, думалася, буду, і нешта ж зараблю. Думала, прыйшла па год, а засталася ў бібліятэцы на ўсё жыццё.
З першых дзён працы зразумела, што гэта маё, таму паступала ўжо на наступны год не на гісторыка, а ў інстытут культуры, на бібліятэкара. Увесь час сярод людзей, у самай гушчыні вясковага жыцця была. На той час у Лыцавічах яшчэ не было клуба, таму вельмі многае прыходзілася рабіць бібліятэкару. Затое было вельмі цікава і весела, адчувала сваю патрэбнасць вяскоўцам. У пастаянных клопатах, яны ўсё ж жылі і жывуць не толькі хлебам надзённым. Чалавеку ж патрэбен і духоўны харч. Забяспечыць ім, зацікавіць, пазнаёміць з навінкамі літаратуры – справа бібліятэкара. Вось я і старалася.
Калі некалькі гадоў назад у вёсцы выбіралі старасту, сяльчане, доўга не раздумваючы, прапанавалі стаць ім Зоі Іванаўне. Бо заўсёды давяралі гэтай жанчыне, ведалі яе няўрымслівы, нераўнадушны характар.
– Трэба адзначыць, што быць старастам – справа сур’ёзная і адказная, – разважае Зоя Іванаўна. – Гэта значыць не на паперы, а на справе жыць клопатамі сваіх аднавяскоўцаў, рабіць усё, каб нашы Лыцавічы прыгажэлі, радавалі кожнага. І людзі нашы гэта ўсведамляюць, з вялікай ахвотай адгукаюцца на добрыя справы. Ладзім суботнікі па добраўпарадкаванні, збіраем грошы, калі гэта трэба. За апошнія два гады мы давялі да ладу свой могільнік. У гэтай справе велізарная заслуга, вядома ж, старшыні сельвыканкама Валянціны Навасёлак. Але ж і людзі адгукнуліся… Сабралі вёскай сем мільёнаў рублёў, зрэзалі на могілках аварыйныя дрэвы, агароджу адрамантавалі. Цяпер месца спачыну нашых блізкіх выглядае дастойна.
Вельмі цёпла гаварыла Зоя Іванаўна пра сваіх аднавяскоўцаў. І ў паважаным узросце ў асноўным людзі, а стараюцца, працуюць на сваіх падворках. Узяць, да прыкладу, пенсіянерак Ганну Аляксандраўну Норка і Ефрасінню Аляксандраўну Літвіновіч. Такія аматары кветак гэтыя жанчынкі, такую прыгажосць ствараюць яны на сваіх падвор’ях! Не адзін раз, дарэчы, яны выходзілі пераможцамі конкурсаў, якія штогод ладзяцца сельсаветам, а вынікі падводзяцца падчас свята вёскі.
Зусім нядаўна, недзе каля трох месяцаў таму, Зоя Іванаўна выйшла на заслужаны адпачынак, адпрацаваўшы ў сваёй бібліятэцы сем гадоў і ў пенсійным узросце. Тры гады назад яна засталася ўдавою, аднак адзінокай сябе не адчувае – прыязджаюць з Вілейкі дочкі Валянціна і Вольга з сем’ямі. Не даюць сумаваць Зоі Іванаўне і яе захапленні – вязанне, шыццё і, безумоўна, чытанне. Асабліва падабаюцца ёй творы беларускіх аўтараў, знакамітых і маладых. А яшчэ да старэнькіх суседак не прамінае жанчына наведвацца, а тыя так рады пагутарыць з ёй, пачуць пра навіны. Ды і клопаты старасты таксама не даюць сумаваць. Таму і дзіўна гэтай нераўнадушнай жанчыне, што нехта скардзіцца на сум, не находзіць сабе справу для душы. Такіх Зоя Іванаўна проста не разумее.
Ірына БУДЗЬКО
На здымку: Зоя Карыба (злева) на свяце вёскі.
Фота прадастаўлена Валянцінай НАВАСЁЛАК









