Пастаўлена фінальная кропка ў пераднавагоднім конкурсе “Мінскай праўды” “Увайдзі інтэрАктыўным у Новы год” – 5 студзеня вызначаны пераможцы і лаўрэаты ва ўсіх намінацыях. 11 шчасліўчыкаў атрымаюць каштоўныя прызы – сучасныя мадэлі смартфонаў.
У намінацыі “Мой падарунак любімай краіне” пераможцам стаў вучань 9 “А” класа сярэдняй школы №3 Аляксей Томкавіч. Віншуем Аляксея і знаёмім вас з яго конкурснай работай.
З Новым годам, Беларусь!
Год. Дванаццаць месяцаў.
Зямля робіць адзін абарот вакол Сонца. З году ў год жадаем добрага і важнага, карыснага і неабходнага. Жадаем сабе, сям’і, краіне, народу.
Снежань. Снег! Дачакаліся…
“Белая сняжынка ў цішы…”
Хочацца быць такім жа шчырым, як гэты сённяшні снежаньскі снег.
Жадаю чыстасці.
Лістапад. Дзе-нідзе лістапад. Яшчэ не зіма, а ўжо і не восень. “Наш клімат не такі ўжо і дрэнны”, – кажа дзед Саша.
Хочацца быць схільным да кампрамісу.
Жадаю ўмеранасці.
Кастрычнік. Кастрыца. Льняныя вырабы – каштоўная рэч. Лён – сімвал Беларусі.
Хочацца быць стрыманым ва ўчынках і вырасці прыстойным чалавекам.
Жадаю сціпласці.
Верасень. Букецік верасу ў хаце. Дзіва! Хоць водару і няма, але колер такі ж. Прыемны колер.
Добрая ўсмешка настаўніцы на першай лінейцы.
Хочацца быць дабрадушным. А як інакш? А навошта інакш?
Жадаю лагоднасці.
Жнівень. “Жніво настала, Працы многа”. Ураджай. Ураджай добры, калі шлях правільны. Надзейны сябар – трывалая апора.
Хочацца быць стойкім, не абыходзіць ісціну.
Жадаю вернасці.
Ліпень. Ліпа цвіце – мёд будзе. Мёд з чаем – здароўе. І нават нейкая паблажлівасць да іншых.
Хочацца ахвяраваць сваімі інтарэсамі.
Жадаю велікадушнасці.
Чэрвень. Раскоша на лузе. Хараство ў полі. І ты прыхільны да людзей. І вочы ў іх свецяцца. І ў цябе свецяцца… ад імкнення рабіць штосьці для людзей.
Хочацца быць спагадлівым.
Жадаю дабрыні.
Май. Травень. Не будзь гультаём! Спачуваць не будуць! Будзь літасцівым! Працуй!
Хочацца сардэчнасці да ўсіх і чуласці да кожнага.
Жадаю спагадлівасці.
Красавік. Красуе прырода. Дапамагае прырода. Мае продкі стойка пераносілі жыццёвыя нягоды. Захоўвалі сем’і. Мае бацькі працуюць настаўнікамі. Захоўваюць вытрымку.
Хочацца не губляць на працягу доўгага часу настойлівасці.
Жадаю доўгацярплівасці.
Сакавік. Сок з бяроз? З бяроз! Для нас бярозкі не шкадуюць слёз… Мой бацька ціхмяны і стрыманы? Так. Але ён не бывае раўнадушным. Ціхмяны і стрыманы? Не.
Хочацца заспакаення душэўнага і фізічнага. Так? Не?
Жадаю спакою.
Люты. “Спытае, як абуты”. Трымаць удачу – з настроем. Гэта пройдзе. Трымаць бяду – з настроем. І гэта пройдзе.
У лютым нарадзіўся мой брат.
Хочацца крочыць з тым, хто дае надзею.
Жадаю радасці.
Студзень. Сцюдзёна. Падтрымка Радзімы. Адданасць Радзіме. Жыць для Беларусі. Студзень. Мая мама нарадзілася 24. Я нарадзіўся 23.
Хочацца несці і перадаваць пачуццё сардэчнасці.
Жадаю любові.
Жадаю розуму сабраць гэтыя плады. Жадаю веры перадаць плады беларусам.
Дванаццаць, адзінаццаць, дзесяць…
З Новым годам!
Аляксей ТОМКАВІЧ, вучань 9 “А” класа ДУА “Сярэдняя школа №3 г. Вілейкі”