Сапраўднае вясёлае свята адбылося ў мінулы панядзелак у Палацы культуры – сумесны праект Вілейскага і Маладзечанскага цэнтраў мастацкай творчасці навучэнцаў (дырэктары ўстаноў – Таццяна Захарыч і Ала Аношка).Яны прадставілі праграму, прымеркаваную да Міжнароднага дня тэатра. Студыя гульнёвых прадстаўленняў «Вілейскія забаўлянкі» і маладзечанскі народны гурт «Тары-Бары» сабралі больш за 130 вучняў гарадскіх школ. Нашы юныя артысты паказалі святочную праграму, вярнуўшы гледачоў у мінуўшчыну. Як спрытна рабілі юныя віляйчане тыя, на першы погляд, няхітрыя справы, якія, што называецца, гарэлі ў руках нашых продкаў! А гэта вельмі няпроста, нават каб зматаць ніткі ў клубок, патрэбны пэўны спрыт.
Юныя артысты з Маладзечна паказалі гледачам вясёлыя гульні, арганізавалі цікавае танцавальнае падарожжа па розных краінах свету.
Як і належыць гасцінным гаспадарам, навучэнцы Вілейскага цэнтра мастацкай творчасці падрыхтавалі сябрам з Маладзечна прызы, зробленыя сваімі рукамі.
Ірына БУДЗЬКО
На здымку: разам – весела!










