«Быць перадавіком – ужо традыцыя» – так называўся матэрыял, які я ў свой час пісала пра Вольгу Радзевіч, перадавога аператара па дарошчванні маладняку буйной рагатай жывёлы адкрытага акцыянернага таварыства «Нарачанскія зоры».
Прайшло не так многа часу, і расказаць пра яе зноў ёсць нагода – да Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці Вольга Яўгенаўна ўдастоена Ганаровай граматы Вілейскага раённага выканаўчага камітэта. Так адзначаны яе добрасумленная плённая праца, высокі прафесіяналізм і значны ўклад у развіццё сельскагаспадарчай галіны раёна.

Працаваць у аграрнай сферы Вольга, гарадская дзяўчына, у юнацтве не планавала. Ды ў жыцці часам здараецца тое, пра што чалавек ніколі і не думаў. Вось і яна, так ужо склалася, у свой час прыехала працаваць у Рускае Сяло. Думалася, часова, а атрымалася, што назаўсёды. З кожным годам і нават днём працы ў жывёлагадоўлі Вольга Яўгенаўна пераконваецца, што няпростая праца з жывёлай – яе прызванне. Душой прыкіпела да сваіх рагулек, працуючы даяркай, а цяпер, калі стала аператарам па дарошчванні, – да «дзетак»-цялятак. З двухмесячнага ўзросту трапляюць яны да Вольгі Яўгенаўны, а гэта, калі перавесці на чалавечы ўзрост, недзе годзікі два. Хапае з такімі клопату, але ж і радасці ды ўцехі – таксама.
Штораніцы спяшаецца жанчына на ферму, дзе яе ўжо чакаюць забаўныя малышы. Перш-наперш пільным вокам агледзіць кожнага, праверыць, ці здаровенькія, ці ўсё ў парадку. І ўжо пасля гэтага бярэцца за звыклыя справы – чысціць, корміць, поіць, падмятае. Усё гэта робіць з клопатам пра «дзетак» і іх камфорт.
Радуюць Вольгу Яўгенаўну не толькі выхаванцы, але і свае дзеткі, якіх у яе чацвёра. Усе дарослыя, працуюць і вучацца ў сталіцы. «Адна з дачок – на валютна-фондавай біржы, другая – у гандлі, – падзялілася жанчына. – Старэйшы сын знайшоў прымяненне сваім сілам і ведам у будаўнічай сферы, а малодшы сёлета стаў студэнтам Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта. Усе абралі свае жыццёвыя дарогі, і я за іх вельмі рада».
Дарэчы, пра дарогу. Вольга Яўгенаўна падзялілася, што яе галоўная і такая да болю знаёмая дарога да фермы стала яшчэ зручнейшай – нядаўна тэрыторыя вакол цялятніка была добраўпарадкавана і заасфальтавана. «Ідзеш па тэрыторыі – і душа радуецца, – адзначае жанчына. – Зручна і нам, і цяляткам».
Кажуць, што жыццё чалавека ўдалося, калі ў яго ўсё добра і ў асабістым жыцці, і на працы. Менавіта так склалася ў Вольгі Радзевіч. І за гэта яна ўдзячна лёсу.
Ірына БУДЗЬКО








