Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Віляйчанін атрымаў першае сваё жыллё

Гэта ўтульная кватэра ў толькі што пабудаваным доме для Сашы Андрыеўскага – першае за яго свядомае жыццё сваё жыллё, дзе ён можа па-гаспадарску планаваць, што і дзе паставіць, як і што зрабіць. А да гэтага… Лішні раз не хочацца гаварыць пра тое, што было раней, бо перажыць Сашу давялося нямала… Сям’я жыла ў вёсачцы Бязводнае на Вілейшчыне. Хлопчыку было гадоў пяць, калі памерла маці. Бацька, відаць, быў далёка не ўзорным сем’янінам, бо ў хуткім часе яго пазбавілі бацькоўскіх правоў на дзяцей. Трох хлопчыкаў лёс развёў па розных дарогах. Саша выхоўваўся спачатку ў Крывіцкім, затым – у іншых інтэрнатах, а пасля заканчэння школы вучыўся ў Праўдзінскім ліцэі на тынкоўшчыка-маляра. Набыўшы прафесію, хлопец трапіў у Вілейскае ДУП «ПМК-186», дзе і працуе ўжо трэці год.

У арганізацыі хлопца прынялі як роднае дзіця. Кожны разумеў, што ён – практычна адзін у сённяшнім няпростым свеце. На каго абаперціся, як і дзе асталявацца, з чаго пачаць сваё ўжо самастойнае жыццё?
– Мы маем сваіх дзяцей прыкладна Сашавага ўзросту, прынялі хлопца як сына, – расказвае загадчыца склада арганізацыі Святлана Ганчар. – Дапамагаем яму і парадамі, і канкрэтнымі справамі. Кіраўнік арганізацыі Аляксандр Бутар, нягледзячы на занятасць, сочыць за лёсам хлопца, стараецца, каб ён не быў пакрыўджаны.
Як толькі Саша ўладкаваўся ў арганізацыю, адразу ж атрымаў месца ў інтэрнаце. І кансультацыю вельмі карысную далі яму неабыякавыя людзі: трэба збіраць дакументы і станавіцца ў чаргу на атрыманне сацыяльнага жылля. Разам з Сашам рабіць усе паперныя справы ўзялася Святлана Ганчар. Трэба прызнаць, што без дапамогі гэтай жанчыны хлопец хутчэй за ўсё проста спасаваў бы перад цяжкасцямі, бо трэба было і некаторыя дакументы шукаць ды ўзнаўляць, і па розных інстанцыях хадзіць. Але разам усё змаглі, і вось зусім нядаўна хлопец засяліўся ў новую кватэру ў сацыяльным доме-прыгажуне, што вырас на вуліцы Гарадзішчанскай і засяліўся зусім нядаўна. Як абжываецца ў ёй Саша, нядаўна я ўбачыла на свае вочы. У госці да маладога гаспадара мы выправіліся ўчатырох: старшыня раённага аддзялення Чырвонага Крыжа Святлана Лях, прадстаўнікі ПМК-186 Святлана Ганчар і Фаіна Лейчанка і я. Раённы Чырвоны Крыж падрыхтаваў для Сашы пасцельную бялізну, джэмпер, цёплую камізэльку, якая вельмі дарэчы прыйдзецца хлопцу на працы… Ды і ў дапамозе прадуктамі яму ніколі не адмаўлялі. А вось родная арганізацыя… Ды яна дапамагла і дапамагае свайму маладому працаўніку практычна ва ўсім. У падарунак на наваселле спецыялісты арганізацыі зрабілі яму прыгожы кухонны стол і чатыры табурэтачкі з натуральнага дрэва, з дапамогай Святланы Вітальеўны Саша набыў і кухонную мэблю, і халадзільнік ўзяў у растэрміноўку. На чарзе – канапа, якую запланавалі ўзяць пасля таго, як малады гаспадар разлічыцца за халадзільнік.
– Цяпер у Сашы нямала клопатаў, трэба па-гаспадарску ўсё спланаваць, каб хапала заробку і за паслугі заплаціць, і за халадзільнік, і на харчаванне пакінуць, і яшчэ што-небудзь купіць, – гаворыць Святлана Ганчар. – Таму і падказваем, вучым, перасцерагаем. А хто ж яму дапаможа?
У прасторнай прыгожай (новае ёсць новае) кватэры, дзе жыве Саша, хлопцу добра і яшчэ, відаць, не зусім звыкла. Не верылася, прызнаўся нам, што атрымае сваё жыллё. А вось жа атрымаў. І цяпер справа за галоўным – знайсці ў гэта ўтульнае гняздзечка сапраўдную гаспадыню.
Светлае ўражанне, прызнаюся шчыра,засталося ад гэтай сустрэчы. Светлае ад таго, што на свае вочы ўбачыла, як у наш няпросты і прагматычны час, здавалася б, зусім чужыя людзі не пакінулі хлопца, які толькі пачынае самастойнае жыццё, сам-насам з праблемамі, а прыгарнулі, абагрэлі і вучаць таму, чаму, так ужо склалася, не навучылі родныя бацькі. І хлопец шчыра ўдзячны за гэтую дапамогу.
Гэта вельмі важна – працягнуць руку таму, хто побач, каму адзінока і нялёгка. Трэба шчыра прызнаць, што далёка не ў кожнай арганізацыі могуць так пранікнуцца праблемамі свайго працаўніка. У ПМК-186 змаглі. І шчыры ім за гэта дзякуй.
Калі мы ўжо развітваліся, я прапанавала зрабіць фота на памяць. Саша, як сапраўдны мужчына, паспрабаваў пасадзіць на табурэткі жанчын-гасцей. Ды яны вырашылі па-свойму: «Прысядзь, Саша, ты ж – гаспадар». Так і атрымалася.
Ірына БУДЗЬКО.
Фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 184 queries