За апошні час у рэдакцыю звяртаецца шмат жыхароў горада і раёна са сваімі надзённымі турботамі. Усе пытанні чытачоў мы накіроўваем кампетэнтным службам, пасля атрымання адказу ад якіх – друкуем у нашай рубрыцы «Зваротная сувязь». Вось і на мінулым тыдні было некалькі зваротаў ад віляйчан мікрараёна, што размяшчаецца каля мэблевай фабрыкі, і якія датычыліся пытанняў адсутнасці крамы і продажы канвертаў у кіёсках “Белсаюздрук”. На кожнае пытанне мы атрымалі адказы.
Наконт адсутнасці гандлёвай кропкі ў жылым мікрараёне, што месціцца паміж вакзалам і «Шанхаем», звярталіся жыхары-пенсіянеры. Сталыя людзі наракаюць на тое, што каля васьмі гадоў таму зачынілі краму «Каласок», а зараз перапрафілявалі і краму «На хвілінку». І цяпер, каб купіць хлеб і малако, трэба ісці або на вакзал, праз чыгуначныя рэйкі, або «на гару», што ў іх узросце нязручна.
Адказ мы атрымалі з аддзела эканомікі Вілейскага райвыканкама, у якім паведамляецца, што гандлёвая кропка «На хвілінку» Вілейскага раённага спажывецкага таварыства з-за нерэнтабельнай працы перапрафілявана ў фірменны магазін «Кладоўка» ГУП «Гандлёвая кампанія «Мінск Крышталь». Па палажэнню аб фірменным гандлі у падобных крамах можа рэалізоўвацца толькі прадукцыі гэтага прадпрыемства. У дадзеным раёне ў крокавай даступнасці размешчаны крамы ААТ «БелДорОРС»,а таксама прыватнага прадпрыемства «Чыркова», «Ля гасцінца» КУП «Садружнасць». У цяперашні час адкрыццё новага магазіна не плануецца.
Адказ зразумелы і абгрунтаваны, але жыхары мікрараёна ўсё ж просяць разгледзіць магчымасці, нават, выязнога гандлю, а гэта можа быць і аўталаўка. Хаця, як мы даведаліся ў магазіне, раней нават пры замове дзясяці булак хлеба, назад вярталі большую палову, не гаворачы пра малочную і іншую прадукцыю. Усе бакі ў гэтым пытанні маюць сваю праўду, а знайсці выйсце з існуючай сітуацыі трэба.
Другое пытанне датычылася адсутнасці ў продажы ў кіёсках «Белсаюздрук» канвертаў. Тут, таксама, сталыя жыхары прасілі разгледзіць дадзенае пытанне, бо для пакупкі канвертаў прыходзіцца ісці на пошту і стаяць за адным канвертам у чарзе, дзе ўсе аплачваюць крэдыты, камунальныя, атрымліваюць пенсіі, пасылкі і многае іншае. Можна было б купіць у запас, але так не атрымліваецца, бо кошт змяняецца і пасля гэтага ліст вяртаецца – трэба наклейваць новую марку.
Пытанне было накіравана ў Маладзечанскае міжраённае аддзяленне РУП «Белсаюздрук», на што быў атрыманы наступны адказ.
Па шматлікіх просьбах пакупнікоў аб продажы паштовых канвертаў, Маладзечанскае міжраённае аддзяленне РУП «Белсаюздрук» замовіла дадзеныя канверты ў продаж. І ўжо з пачатку ліпеня дадзены тавар рэалізоўваецца ў кіёсках «Белсаюздрук» у гарадах Вілейка, Маладзечна, Валожын. Запрашаем за пакупкамі.