З 5 па 9 лютага ў Мінску ў выставачным комплексе па праспекце Пераможцаў праходзіў найбуйнейшы сусветны кніжны форум – 27-я Мінская міжнародная кніжная выстава-кірмаш. У цырымоніі закрыцця выставы прынялі ўдзел вілейскія паэты і выканаўцы.
Мінская міжнародная кніжная выстава-кірмаш – адна з самых буйных прафесійных кніжных выстаў на постсавецкай прасторы, якая адкрывае міжнародны каляндар кніжных выстаў і з’яўляецца свайго роду справаздачай працы кнігавыдаўцоў Беларусі за мінулы год.
Гэты знакавы кніжны форум мае свае адметныя асаблівасці ў культурным плане. У гэтым годзе 27-я Мінская міжнародная кніжная выстава-кірмаш праходзіла пад дэвізам «Беларусь – адкрытая кніга». Краінай-ганаровым госцем стала Расійская Федэрацыя, а цэнтральным экспанентам – Злучаныя Штаты Амерыкі. Мерапрыемствы выставы, а іх налічвалася больш за 350, былі насычанымі і праходзілі не толькі на пляцоўках выставачнага комплексу, але і ў кнігарнях, бібліятэках, музеях, дзе арганізоўваліся прэзентацыі, аўтограф-сесіі, сустрэчы з аўтарамі, майстар-класы і многае іншае.
За чатыры дні Мінскую міжнародную кніжную выставу-кірмаш наведала больш за шэсцьдзясят тысяч чалавек. І гэта нездарма, бо навінкі найбуйнейшых выдавецтваў краін блізкага і далёкага замежжа штогод радуюць бібліяфілаў нашай краіны. Па традыцыі, у міжнароднай выставе прымаюць удзел і вілейскія празаікі, паэты і выканаўцы. Так, у рамках кніжнай выставы былі падведзены вынікі конкурсу духоўнай творчасці «Светач духоўнасці», які напярэдадні навагодніх і калядных святаў арганізоўвала Мінскае абласное аддзяленне Саюза пісьменнікаў Беларусі па трох намінацыях: на лепшы верш, малую прозу, а таксама лепшую аўтарскую песню згаданай тэматыкі.
Адразу два дыпломы ў гэтым конкурсе атрымаў наш зямляк, паэт і выканаўца Уладзімір Цанунін: дыплом І ступені – у намінацыі «Паэзія» і ІІІ ступені – у намінацыі «Песня».
У заключным дні кніжнай выставы-кірмашу прыняў ўдзел і калектыў аўтарскай песні «Элегія», мастацкім кіраўніком якога з’яўляецца Таццяна Захарыч. Як адзначыла Таццяна Мікалаеўна,калектыў прадставіў на суд аўдыторыі высокага форуму новую версію «Элегіі», калі выканаўцамі твораў на вершы Якуба Коласа, Ірыны Карнавухавай, Іны Фраловай і музыку Уладзіміра Лапціка і Таццяны Захарыч сталі амаль усе ўдзельнікі калектыву. Асобным блокам творчай праграмы вілейскага калектыву стала літаратурна-музычная кампазіцыя на вершы нашага земляка, паэта Івана Лашуткі, якую гледачы прымалі няспыннымі апладысментамі».
Віляйчане прадэманстравалі вялікую і глыбінную духоўную спадчыну Вілейшчыны, яе «Светлае слова» ў рамках арганізаванай на выставе пляцоўкі абласнога народнага клуба кампазітараў і паэтаў «Жывіца» Мінскага цэнтра народнай творчасці, вядучымі праграмы выступілі кіраўнік аб’яднання Ірына Карнавухава і віляйчанін, сябра Саюза пісьменнікаў Беларусі Віктар Кажура.
Сяргей ГАНЧАР/Фота прадстаўлена Таццянай ЗАХАРЫЧ