Шлях Перамогі

Вилейская районная газета – свежие и интересные новости

Вілейскія «Чарапашкі» прайшлі больш за восемдзясят кіламетраў пехатою

На працягу многіх гадоў у цэнтры дадатковай адукацыі ёсць цікавы накірунак работы –  турысцка-краязнаўчы. Менавіта такой дзейнасцю займаюцца дзеці ў гуртку з забаўнай назвай «Чарапашкі», якім кіруе вядомы на Вілейшчыне (ды і не толькі) педагог, турыст,  краязнаўца Міхаіл Петух.

На працягу многіх гадоў ён арганізоўвае цікавыя паходы са сваімі выхаванцамі, знаёміць іх з цікавымі мясцінамі, адчыняе завесу таямніцы пра тыя падзеі, якія адбываліся на нашай зямлі ў мінулым.

Такія паходы з’яўляюцца працягам той дзейнасці, якой гурткоўцы займаюцца ў навучальным годзе. Вандроўкі не толькі пашыраюць кругагляд дзяцей, але і загартоўваюць іх, робяць больш вынослівымі і здаровымі.

Вось і на гэта лета ў Міхаіла Мікалаевіча было запланавана шмат цікавага. Педагог задаволены, што намечанае ўдалося ажыццявіць. Так, у чэрвені адбыўся гістарычны паход, падчас якога турысты наведалі Гальшаны, Крэва, Смаргонь, лінію Першай сусветнай вайны.

Прайшлі больш за восемдзясят кіламетраў пехатою (надвор’е, дарэчы, не вельмі спрыяла – быў дождж, але і ў ім турысты знаходзяць свой «плюс»: пад яго лепш думаецца і звычайна больш праходзіцца). Уражанняў ад паходу – мноства і самыя яркія, бадай, ад Гальшанаў і ад крыжа часоў Першай сусветнай вайны, які, прыбіты калісьці да дрэва нейкім лесніком, падымаецца і падымаецца ўгору дрэвам, якое расце… Што за салдацікі ляжаць тут, па кім быў пастаўлены гэты крыж з надпісамі па-фінску? На гэтыя пытанні юныя турысты атрымалі падрабязныя адказы ад свайго кіраўніка.


Пасля гэтага быў водны паход “Шляхам Тышкевіча”. Незвычайным і нават дзіўным называе яго Міхаіл Петух з-за вялікай колькасці дашкалят, якіх прывялі ў групу вопытныя турысты – іх бацькі і бабулі з дзядулямі. Як несупынныя птушаняткі, шчабяталі малыя на стаянках, і ад гэтага было весялей і цікавей дарослым.


– Адна пяцігадовая дзяўчынка, якая была ў паходзе з мамай, пабывала ўжо ў чатырох водных экспедыцыях, – расказаў Міхаіл Петух. – Уяўляеце? Паглядзіш на яе і душа радуецца: з маленечкім хатулёчкам за спінай, без ніякага ныцця і капрызаў, ішла яна па перасечанай мясцовасці. Дарослым нават няпроста, а яна – хоць бы што! У любым асяроддзі ёй гарманічна, камфортна і цікава. Дзеля гэтага, дарэчы, і робяцца такія паходы. А мама маленькай турысткі пачынала хадзіць у паходы таксама зусім юнай, не пакідае справу і цяпер. Вось і дачушку далучае. Што тут скажаш, малайчына!


Што датычыць вандроўкі “Шляхам графа Тышкевіча”, то і яна праходзіла з пераменлівым надвор’ем: то дождж, то сонейка. Падарожжа па Віліі цікавае заўсёды, бо ўсё Парэчча звязана з падзеямі Першай сусветнай вайны. Навічкі засталіся пад уражаннем і ад вёскі Дубок на Астравеччыне, і ад цікавага аповеду пра «залатую горку», і ад салдацкіх могілак у Залессі… Паход навучыў іх жыць адной сям’ёй, дапамагаць адно аднаму, суперажываць. А яшчэ ніколі не забудуцца цікавыя размовы, песні ля вогнішча.


– На гэтым паходы не скончыліся, – зазначыў Міхаіл Петух. – Былі яшчэ водны па вадасховішчы, вандроўка на Блакітныя азёры. Запомніцца і зусім нядаўняе падарожжа з выхаванцамі спецшколы-інтэрната, якое мы пачалі з Камена, пабывалі на Лагойшчыне, у Докшыцкім раёне, Бягомлі і пасля ўжо дамоў. Думаю, юным турыстам запомніліся і вядомы камень у Камена; і месца ля Кромавічаў і Вялікага Поля, дзе бярэ пачатак Вілія; і Сцёп-камень ды сасна Акуліна; і мемарыял у Шунёўцы… Вандроўка атрымалася сур’ёзная – пешшу прайшлі каля 140 кіламетраў. Прытым, усё неабходнае для жыцця неслі самі.


Пра кожны паход Міхаіл Мікалаевіч расказвае з захапленнем. А як жа, падумалася міжволі, запамінаецца ўсё пачутае і ўбачанае навічкам! Таму тыя з іх, хто «загарэўся» турызмам, зразумеў, што гэта – яго і не спалохаўся цяжкасцяў, абавязкова прыходзяць у групу зноў і зноў. Вядома, не ўсе, ды і не варта было б гэтага чакаць.

Турызм – захапленне выбраных, патрыётаў сваёй краіны, моцных духам, цікаўных і нераўнадушных.
Ірына БУДЗЬКО.
Фота прадстаўлены  Міхаілам ПЕТУХАМ

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 27 queries