Некалькі гадоў назад мне давялося пабываць у доме сям’і Дуровічаў з Крывога Сяла. Памятаю, уразіла многае. І працавітасць дружнай сям’і, і гаспадарлівасць, і іх погляд на жыццё. Праўда, гутарыла толькі з гаспадыняй, Аленай, а галава сям’і, Валерый, быў на працы. Ён – знакаміты на Вілейшчыне і нават за межамі Беларусі ляснік. Так-так, паважаныя чытачы, я не агаварылася, лесніка Дуровіча ведаюць далёка за межамі нашай краіны. Сваёй стараннай працай, прафесіяналізмам заслужыў ён гэтую вядомасць. Дома ў Валерыя заслужаных узнагарод – дыпломаў, медалёў, сувеніраў, значкоў – не меней, чым у якога-небудзь знакамітага спартсмена. Памятаю, з якім гонарам за роднага чалавека паказвала мне іх гаспадыня, якім цёплым святлом свяціліся яе вочы. Вось яно, падумала тады, самае галоўнае – простае сямейнае шчасце…
Яшчэ раз сустракалася з Валерыем Дуровічам пазней, калі два прадстаўнікі Вілейшчыны – ён і дырэктар ДУ «Вілейскі ТЦСАН» Людміла Сляпцова – былі ўдастоены ганаровага звання «Чалавек года Міншчыны». Памятаю, як перапаўнялася гонарам сэрца за нашых землякоў, якія з годнасцю падымаліся на сцэну.
Сёлета Валерый Дуровіч дасягнуў мэты, да якой імкнуўся нямала гадоў. Ён стаў чэмпіёнам рэспублікі, лепшым з лепшых лесарубаў краіны.
– А пачыналася ўсё з лясгасаўскіх спаборніцтваў, – прыгадвае Валерый Іванавіч. – Стаў у іх удзельнічаць, атрымлівалася, відаць, нядрэнна, бо мяне заўважылі і даверылі прадстаўляць Вілейшчыну на занальных, абласных спаборніцтвах лесарубаў. Дайшоў і да рэспубліканскіх, але стаць чэмпіёнам пакуль не ўдавалася, браў то «серабро», то «бронзу»… А сёлета нарэшце стаў чэмпіёнам. За гэта хочацца шчыра падзякаваць адміністрацыі лясгаса – што паверылі і даверылі.
Здавалася б, вось яна, перамога, у руках. Цяпер працуй, дэманструй сваё майстэрства і горда нясі высокае званне чэмпіёна.
– Ды не, – не пагадзіўся са мной Валерый Іванавіч, – расці заўсёды ёсць куды. І на дасягнутым не хочацца спыняцца. Так, мне калісьці здавалася, што набраць 1500 ачкоў – касмічны вынік, а зараз я маю 1663 ачкі – гэта самы высокі паказчык у рэспубліцы, а, прааналізаваўшы ўсё, прыйшоў да думкі, што мог бы мець і яшчэ больш. Так што развівацца заўсёды ёсць куды.
Літва, Латвія, Эстонія, Расія – вось няпоўны пералік краін, дзе давялося выступаць у розных спаборніцтвах Валерыю Дуровічу. І адусюль ён вяртаўся з дыпломамі і медалямі. Удала выступіў і на чэмпіянаце свету, які прайшоў два гады назад у нашай краіне. Зборная, у складзе якой быў і віляйчанін, увайшла тады ў тройку мацнейшых. Цяпер зборная, у якой, акрамя Валерыя, Віктар Зарэмба са Смалявіч, Сяргей Шкудроў з Клецка і Канстанцін Бержанін з Клічава, рыхтуецца да чэмпіянату свету ў Швейцарыі, які пройдзе з 10 па 14 верасня. Цяпер лесарубы трэніруюцца ў паляўнічым комплексе «Даманава». Разам з імі – тэхнічны кіраўнік начальнік аддзела прамысловай вытворчасці Мінлесгаса Вячаслаў Чайкоўскі.
– Які настрой? – перапытаў мяне Валерый і ўпэўнена адказаў: – Нармальны. Каманда наша моцная, галоўнае – справіцца з хваляваннем і зрабіць усё, што мы можам. Ну і ўдача таксама патрэбна.
А дома, далёка-далёка ад той Швейцарыі, за Валерыя будуць перажываць жонка і дзеці, яго надзейны тыл. Менавіта на плечы Алены клаўся і кладзецца ўвесь груз гаспадарчых праблем, калі муж на трэніроўках і спаборніцтвах. Гэта цяпер у Дуровічаў ужо меншая гаспадарка, а быў жа час, калі трымалі па дзве каровы, каня…
– Канешне, нялёгка было Алене, – згадзіўся Валерый. – Ды нічога не зробіш, дома ведалі, што я заняты важнай справай і што высокія месцы даюць пэўны прыбытак у сямейны бюджэт. Таму ўсе разам радуемся маім поспехам.
Жонка, дачка з зяцем, сын-спартсмен, які, як і бацька, выступае ў розных конкурсах і спаборніцтвах, ганарацца ім, і гэта дадае Валерыю Іванавічу ўпэўненасці, што і на гэтым чэмпіянаце свету ў іх зборнай усё атрымаецца. На гэта, дарэчы, варожыць і жывы талісман каманды – сабака Бім, які заўсёды суправаджае каманду на конкурсах. Вось толькі ў Швейцарыю яго ўзяць не ўдасца. Ды нічога, талісман-любімец будзе падтрымліваць і на адлегласці. Як і ўсе мы, землякі Валерыя Дуровіча. Цвёрдай рукі, вострай пілы і ўпэўненасці жадаем мы чэмпіёну!
Ірына БУДЗЬКО.
На здымку: зборная каманда на трэніроўцы ў «Даманаве».
Фота прадастаўлена Таццянай Анішчык