Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Вілейскі музей прэзентуе новы праект – культурна-выставачна адукацыйную праграму “Тыдзень калекцыянера”

Вілейскі краязнаўчы музей прэзентуе новы праект – культурна-выставачна адукацыйную праграму “Тыдзень калекцыянера” для дзяцей, дарослых і аматараў калекцыянавання. Гэты праект разлічаны на 12 месяцаў. Ён будзе рэалізоўвацца па тыдню штомесячна і прадстаўляцца ў выглядзе міні-выставак самых цікавых калекцый музея, а таксама ўласных збораў. Будуць прадстаўлены такія тэмы і калекцыі, як “Нумізматыка і баністыка” (манеты і банкноты), “Фалерыстыка” (значкі), “Філаменія” (запалкавыя карабкі), «Глюкафілія» (цукровыя і чайныя пачкі), “Філакартыя і Посткросінг” (паштоўкі), “Фарфор”, “Філатэлія” (канверты), “Календары”, “Ад ліхтара да лямпачкі Ільіча”, “Цацка СССР”, “Галаўныя ўборы і брытвы”, “Совы, чарапахі, сланы” (тэмы і калекцыі могуць змяняцца).

Кожны чалавек у сваім жыцці штосьці збіраў. Можа гэта было дзіцячае захапленне, якое затым пераўтварылася ў сапраўднае хобі.
Калекцыянаванне – гэта цікавае захапленне. Яно ў розных сваіх праявах існавала на працягу ўсёй гісторыі чалавецтва, пачынаючы ад збору прыгожых ракушак, якія ляжалі на гарачым пяску, і заканчваючы сучаснымі аўтамабілямі, што сталі вынікам работы дзясяткаў інжынераў.
Першая самая старажытная калекцыя належыла Арыстоцелю. Яна складалася з розных экзатычных раслін. А вось імператар Петр І з юнацтва збіраў зброю, рэдкія манеты і мінералы – усё што было “дзіўна і незвычайна”. Знакамітая кунсткамера, якая з’яўляецца першым агульна даступным музеем, асноўвалася на ўласнай калекцыі цара. Сярод традыцыйных калекцый можна вылучыць таксама і арыгінальныя. Імператар Напалеон збіраў гадзіннікі і алавяных салдацікаў. Імі захапляўся таксама Уінстан Чэрчыль. Канцлер Бісмарк збіраў градуснікі, а французскі прэм’ер-міністр Эдуард Эррыо збіраў рэстаранныя меню. Сярод выбітных пісьменнікаў таксама вылучаліся аматары калекцыянавання. Напрыклад Іаганн Вольфганг фон Гётэ быў буйным калекцыянерам мінералаў, а Вальтэр Скот збіраў зброю розных краін. І. С. Тургенеў захапляўся шахматамі і пакінуў пасля сябе 14 камплектаў шахмат. М. А. Някрасаў сабраў 64 віды паляўнічых ружжаў. А. С. Пушкін незадоўга да смерці захапіўся зборам газет. Анатоль Франс валодаў вялікай калекцыяй настольных званочкаў. Жуль Верн збіраў карты і даведнікі, Артур Конан-Дойл збіраў рэкламныя буклеты транспартных кантор, параходных кампаній і страхавых агенцтваў. Касманаўт Юрый Гагарын адзін з першых у СССР пачаў калекцыяніраваць кактусы.
Сёння можна з упэўненасцю сказаць, што калекцыянаванне з’яўляецца самым распаўсюджаным хобі ў свеце. Больш 20% насельніцтва зямнога шара збірае розныя прадметы і стварае свае ўнікальныя калекцыі.
Паважаныя чытачы газеты “Шлях Перамогі”, калі Вы захапляецеся якой-небудзь тэмай, збіраеце цікавыя прадметы і жадаеце пазнаёміць са сваёй калекцыяй, запрашаем Вас прыняць удзел у нашым праекце “Тыдзень калекцыянера”. Заяўку для ўдзелу можна падаць па тэлефоне 5-41-47, або на электронны адрас: vil_museum@mail.ru (пазначыць “Тыдзень калекцыянера”), а таксама прозвішча, імя, імя па бацьку, назву сваёй калекцыі і тэлефон.
Надзея АЎДЗЕЙ,  навуковы супрацоўнік ДУ “ВКМ”

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 171 queries