Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Вілейская хваля

«Вілейская хваля» нязменна вабіць у сваю загадкавую прастору тых, хто мае цягу да мастацкай творчасці. Гэта засведчыў і IV адкрыты раённы фестываль аўтарскай песні і паэзіі, другі этап якога – гала-канцэрт, адбыўся напярэдадні святкавання 70-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Планавалася, што пройдзе ён на адкрытай сцэнічнай пляцоўцы. Але непагадзь унесла свае карэктывы. І мерапрыемства, дарэчы, як і сустрэча дэлегацый гарадоў-пабрацімаў, было перанесена ў гарадскі Палац культуры. Магчыма, гэта акалічнасць адмоўна паўплывала на колькасць гледачоў у актавай зале. Іх было няшмат. Але прыйшлі тыя, хто па сапраўднаму зацікаўлены творчай атмасферай Вілейшчыны. Аб гэтым сведчылі апладысменты, якімі шчодра ўзнагароджваўся кожны выканаўца. Думаецца, падобнага роду мерапрыемствы карысныя тым, што абапіраюцца на ўласную ініцыятыву аматараў мастацкага слова, аўтарскай песні – любой дзеі, пазначанай мастацкім пачаткам. Той, што адухоўлена, што працуе на маральны стан грамадства, на жаль, ужо ўскалыханага і часткова знявечанага не лепшымі ўзорамі так званай масавай культуры.

Арыгінальнае афармленне сцэны. Вобраз лодкі пад блакітнымі крыламі ветразей як нельга больш імпанаваў ідэйнай задуме арганізатараў гала-канцэрта.
Пад белымі крыламі –  жытнія далі,
Над берагам, сонейкам цёплым сагрэтым,
Шуміць чаратамі вілейская хваля,
Мелодыя чуецца ў шолаху гэтым…

Паэтычныя радкі, прачытаныя вядучай, (яна ж – старшыня журы конкурсу), Таццянай Захарыч настроілі залу на адпаведнае ўспрыняцце дзеі, якая мелася разгарнуцца на сцэне. Яе пралогам стаў «Край верасовы», – кранаючая споведзь паэтычнай душы. Песню на словы вядомага на Вілейшчыне паэта Івана Лашуткі выканалі Аляксандр Высоцкі (аўтар мелодыі) з сынам Уладзімірам. Ужо колькі год прайшло, як пакінуў гэты свет паэт, але і ў далёкай, бясконцай вечнасці не губляецца яго след. Непераходзячая любоў да роднай зямлі засталася ў сэрцах яго нашчадкаў, тых, хто сёння, губляючыся і нясмела, выходзіў на сцэну, каб падзяліцца са светам радасцю, болем, смуткам і надзеяй сваёй светлай душы.
А сярод іх – Вадзім Чур, удзельнік літаратурнай гасцёўні «На Парнасе», навучэнец вілейскай гімназіі №2. На першым этапе конкурсу за яго бачна хваляваўся настаўнік Віктар Кажура, кіраўнік гэтага творчага аб’яднання. Для хвалявання былі падставы. Сапернічалі ў паэтычным майстэрстве больш 20-ці канкурсантаў. Але Вадзім Чур, згодна рашэння журы, атрымаў дыплом «Вілейскай хвалі» ў намінацыі «Паэтычная надзея». А яго настаўнік таксама стаў дыпламантам. Яго намінацыя – «За адданасць паэтычнаму слову, аўтарскай песні…» І… у сувязі з юбілеем. Наогул, сярод удзельнікаў гала-канцэрта – два юбіляры: 55 год адзначыў Віктар Кажура і 60 – Уладзімір Цанунін, таксама дыпламант конкурсу ў аналагічнай намінацыі. Сярод адзначаных журы – выканаўцы – Уладзімір Высоцкі («За майстэрства выканання і ўвасабленне вобраза Радзімы», Барыс Манцэвіч («За паэтычную маладосць душы»), Народная эстрадная студыя «Імпэт» («За вернасць аўтарскай песні»), Леанід Гайчук («За высокае прафесійнае майстэрства выканання, музычнае вырашэнне паэтычнага вобраза і шматгадовую папулярызацыю аўтарскай песні»), Тарас Апарык «Надзея аўтарскай песні»).
Спрыяльна-даверлівая атмасфера залы… У ёй не было людзей безуважных. І, вядома, таму, што да гэтай адкрытасці схілялі вядучыя: Таццяна Захарыч, Віктар Кажура, Ірына Новік і Уладзіслаў Качан.. Яны не пазбягалі экспромтаў. Кароткімі, але выразнымі штрыхамі характарызавалі асобу кожнага выканаўцы. «І словы ад сэрца, як споведзь народа», як чыстыя кроплі расы напрадвесні яшчэ доўга гучалі і ірдзеліся ўсімі колерамі вясёлкі ў сценах гарадскога Палаца культуры.
Марыя КУЗАЎКІНА.
Фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 132 queries