Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Куды пераехала вілейская аптэка № 40

Многія дзяўчынкі мараць з дзяцінства пра медыцыну. Дакладней, пра бялюткі халацік, стэрыльнасць навокал, пах лякарстваў… І пра тыя амаль што чароўныя лекі,  з дапамогай якіх абавязкова  вылечыцца той, каму балюча і цяжка. Некалі ў дзяцінстве з вялікім задавальненнем гуляла «ў доктара» і я: рабіла «ўколы» блізкім тоненька завостранымі запалкамі, давала піць розныя «мікстуры». «Хворым» хутка станавілася лепей, яны дзякавалі за цудоўныя лекі, і я, тады зусім дзіця,  адчувала незвычайнае задавальненне…. Ішлі гады, змяняліся прыярытэты (пісаць сачыненні ўжо падабалася болей, чым «лячыць»), а незвычайнае пачуццё адчуваю кожны раз, калі заходжу ў царства лекаў – аптэку. Сюды ідуць тыя, каму балюча, цяжка, каб знайсці цудоўны сродак, што дапаможа жыць далей.

IMG_3790

Галіна Іванаўна Барташэвіч, пра якую хочацца расказаць, працуе фармацэўтам-рэцэптарам без малога пяцьдзясят гадоў. Калі шчыра, дык нават і не верыцца, што ў гэтай прыветнай маладжавай жанчыны ўжо такі салідны працоўны стаж. Нярэдка даводзілася бачыць, як працуе Галіна Іванаўна. Не раз і сама была ў ролі пакупніка. І заўсёды выходзіла з аптэкі са светлымі пачуццямі ад тых цеплыні, кампетэнтнасці, спагады, якія засталіся пасля стасункаў з гэтай жанчынай. А як важна, думаецца мне, усё гэта для людзей хворых, старэнькіх!

– Прыязджаюць іншы раз такія нямоглыя аж з раёна, – расказвае Галіна Іванаўна . – Ім не толькі лекі купіць трэба, але і пагутарыць, пачуць добрую параду, слова спагады. І пра лякарствы распытваюцца, раяцца. Асаблівым попытам карыстаюцца лекі айчыннай вытворчасці, якіх у нашай аптэцы каля 65 працэнтаў. Людзі ацанілі і іх уласцівасці, і цану. Немалаважна, што для льготнай катэгорыі ёсць 15-працэнтная скідка на беларускія лякарствы. З якімі праблемамі звяртаюцца? Найбольш з нараканнямі на артэрыяльны ціск, болі ў суставах, пазваночніку, галавакружэнне. У нашай аптэцы шырокі асартымент лякарстваў, ёсць усё, што людзям неабходна. А яшчэ немалаважна, што аптэка № 40, якой я загадваю, нядаўна перамясцілася на новае, больш зручнае людзям, месца. Цяпер яна размяшчаецца на вуліцы 17 Верасня, 35, якраз побач з царквой і аўтобусным прыпынкам. Працуем пакуль з 9 да 17.30, але з часам, магчыма, будзе ў нас і другая змена. Усё гэта для зручнасці нашых людзей.

IMG_3788

Быў пасляабедзенны час, і наведвальнікаў у аптэцы было нямнога. Яны выходзілі і заходзілі, а ў тыя кароценькія вольныя ад работы хвіліны Галіна Іванаўна крышку расказала пра сябе. Нарадзілася і вырасла ў  вёсачцы Тураўшчына. Так атрымалася, што бацька Галіны Іванаўны ў свой час застаўся ўдаўцом  з дзвюма дачушкамі на руках. А ўжо пасля, у новым шлюбе, нарадзілася і трэцяя дзяўчынка – Галя. Сёстры раслі, не адчуваючы ніякай розніцы ў адносінах да іх з боку мамы.

– Старэйшая, вядома, памятала родную маму, таму ёй было, напэўна, цяжэй усё ўспрымаць, – разважае Галіна Іванаўна. – А сярэдняя памятае толькі адну маму, якая нас усіх гадавала.

Як і ўсе вясковыя дзеці, дзяўчаты працавалі па гаспадарцы, дапамагалі бацькам. У школе Галіна вучылася добра, таму пачала падумваць пра медвучылішча. У той час, ды і зараз, у гэту ўстанову паступіць было нялёгка. У стараннай дзяўчыны гэта атрымалася. Пасля заканчэння вучобы па размеркаванні накіравалі працаваць на Мядзельшчыну, а ў хуткім часе Галя  выйшла замуж за хлопца са сваёй вёскі і пераехала на Вілейшчыну. Два дзясяткі гадоў працы ў аптэцы анкадыспансера, шаснаццаць – у  аптэчным кіёску бальніцы і ўжо даволі працяглы час у цэнтральнай раённай аптэцы – гэта вехі яе працоўнага шляху. Непрыкметна праляцеў час, прыйшоў і пенсійны ўзрост, які, аднак, не стаў для прафесіянала сваёй справы часам развітання з працай. З такімі людзьмі, думаецца, развітвацца не спяшаюцца, што і зразумела.

Цёпла расказала Галіна Іванаўна пра дваіх сыноў, чатырох унукаў, якія радуюць бабулю з дзядулем сваімі поспехамі.  Старэйшы сын мае дзве вышэйшыя адукацыі, жыве і працуе ў Мінску. Малодшы – тут, у Вілейцы. У яго няпростая работа дальнабойшчыка, і мацярынскае сэрца, прызналася мая суразмоўца, заўсёды трывожыцца, калі ён далёка. Вось і зараз, падзялілася Галіна Іванаўна, быў у Англіі, там і саракагоддзе сваё сустрэў. Цешаць бабулю поспехі ўнукаў: дзяўчаткі добра вучацца, адзін з хлопцаў не раз станавіўся пераможцам конкурсаў – ён сур’ёзна займаецца музыкай, іграе на фартэпіяна. Дарэчы, у тым, што ён пачаў іграць, ёсць і вялікая заслуга бабулі, якая некалі купіла для дзіцяці музычны інструмент…

Чарговая пара наведвальнікаў падышла да акенца фармацэўта. У іх былі свае пытанні, на якія  Галіна Іванаўна пачала падрабязна адказваць. Стараючыся не перашкаджаць гэтым зносінам, я яшчэ раз прайшла ля шкляных вітрын, застаўленых лякарствамі, і выйшла на вуліцу з ужо знаёмым пачуццём цеплыні і спакою.

Ірына БУДЗЬКО.
На здымку: загадчыца аптэкі № 40 Галіна Барташэвіч на рабочым месцы.
Фота Аляксея КАМІНСКАГА

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 134 queries