Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Вілейшчына на пачатку ХХ стагоддзя. Першая дэманстрацыя на плошчы Свабоды ў 1905 годзе, Даўгінаўскі бунт і рэвалюцыянер з вёскі Храмцова

Пачаць гаворку пра падзеі 1917 года на Вілейшчыне без гістарычнага агляду перыяду напярэдадні рэвалюцыі немагчыма. Цікава, што, размаўляючы з нашчадкамі салдат удзельнікаў Першай сусветнай вайны, можна часта пачуць: «Мой дзед ці мой тата, брат дзеда прымаў удзел у штурме Зімовага, ці ахоўваў Леніна, бачыў Леніна…» І гэта сапраўды – частка сямейнай гісторыі віляйчан, частка нашай агульнай гісторыі Вілейшчыны, што неразрыўна звязана з падзеямі тых часоў у Петраградзе, падзеямі на заводах, фабрыках і ў гарадах усёй імперыі. Але што папярэднічала падзеям Першай сусветнай і рэвалюцыі, якім было становішча ў мястэчках, вёсках і самім горадзе Вілейцы напярэдадні Вялікай Рэвалюцыі. Падзеі гэтага часу мы разгледзім у новай рубрыцы праз прызму гістарычных дакументаў, праз успаміны тагачасных сведкаў – жыхароў і выхадцаў з Вілейшчыны.

Вілейка. Будынак царскага казначэйства (зараз КУП Садружнасць на рынку). Фота 1901 года(1)
Будынак вілейскага царскага казначэйства (зараз КУП Садружнасць на рынку), 1902 г.

На пачатку ХХ стагоддзя тэрыторыя Вілейшчыны ўваходзіла ў склад Віленскай губерніі Расійскай імперыі і студзеньскія падзеі 1905 года ў Пецярбургу ўскалыхнулі і вілейскія мястэчкі і вёскі. Горад над Віліяй паказаў сваю грамадска-палітычную свядомасць. Трэба адзначыць, што Віленская губернія ў параўнанні з іншымі беларускімі губерніямі ў 1905 годзе мела самы высокі працэнт удзелу рабочых ў стачках – у наваколлі Вілейкі выступалі рабочыя, сяляне, рамеснікі. Мясцовыя жандары ўвесь час сачылі за актыўнымі прапагандыстамі, амаль у кожным даносе паведамлялася: «На вуліцах Вілейкі поўна лістовак, пракламацыямі вілейскага камітэта РСДРП заклеены сцены дамоў. Людзі збіраюцца ля іх, чытаюць, абмяркоўваюць з вялікім жарам…», обо «дошка аб’яў у гарадскім садзе таксама завешана рэвалюцыйнымі друкаванымі тэкстамі. Людзі збіраюцца ля яе натоўпамі», «Шукаюцца особы, якія 30 верасня паклеілі і раскідалі рэвалюцыйныя пракламацыі ў двары казармы вілейскай канвойнай каманды».

У сярэдзіне лета 1905 года Вілейская сацыял-дэмакратычная група падрыхтавала і правяла даволі значную па маштабах павятовага цэнтра першую палітычную дэманстрацыю. 17 ліпеня 1905 года на Георгіеўскай плошчы (зараз плошча Свабоды) сабралася шмат жыхароў Вілейкі і навакольных вёсак на ўрачыстую юбілейную цырымонію гарадской пажарнай дружыны. У той час, калі быў скончаны малебен і духавы аркестр пачаў выконваць царскі гімн, над галовамі людзей закружыліся лістоўкі-адозвы: «Ко всем гражданам города Вилейки». Прысутныя на плошчы пачалі хапаць і чытаць лістоўкі, а моладзь крычала: «Далоў цара!», «Далоў самадзяржаўе!» – так апісваецца сітуацыя ў паведамленнях ў Вільню мясцовых вілейскіх жандараў.

Вілейка. Вуліца Аляксандра ІІ (зараз Савецкая). Фота пачатку ХХ стагоддзя(1)
Вілейка. Вуліца Аляксандра ІІ (зараз Савецкая), 1901 г.

Не паспелі разагнаць адну дэманстрацыю і давесці расследаванне «злачынства» да канца, як на Вілейшчыне ўспыхнуў «Даўгінаўскі бунт», што быў ва ўнісон з Усерасійскай палітычнай стачкай у кастрычніку 1905 года. Палітычная дэманстрацыя ў Даўгінава па свайму размаху пераўзышла вілейскую. 200 чалавек моладзі на чале з мясцовым настаўнікам 2 кастрычніка сабраліся ў будынку школы, там выступалі з палкімі прамовамі, а пасля выйшлі на вуліцу і са спевамі рэвалюцыйных песен і выкрыкваннем розных лозунгаў: «Далоў цара!», «Бі паліцыю!» і г.д. Да моладзі далучыліся сяляне, што прыехалі на торг, і ўзброіўшыся каменнямі, аглоблямі, палкамі, калкамі ад плота, паўстанцы разагналі каманду паліцэйскіх. Як сведчаць тагачасныя відавочцы Даўгінаўскага бунту – «добра ў той дзень памацалі кіем рэбры» ў павятовага спраўніка Зубрыцкага і станавога Фіялкава». Натоўп даўгінаўцаў разам з аратарам пеў рэвалюцыйныя песні і з крыкам «ура» рынуўся да валаснога ўпраўлення і паштова-тэлеграфнай канторы. Аратар папярэдзіў, аднак, каб грошы не бралі і нічога не ламалі,а пасля прапанаваў яшчэ раз сабрацца святочным днём 20 лістапада і тады ўжо канчаткова расправіцца з паліцыяй. Падобныя выступленні адбыліся ў Даўгінаве і 17 лістапада, і 8 снежня.

Віленскі генерал-губернатар для падаўлення Даўгінаўскага паўстання тэрмінова паслаў паўроты салдат з афіцэрамі і ўзвод казакоў. Такім чынам народнае выступленне было падаўлена. Але ўслед за Даўгінаўскім паўстаннем у Вілейскім павеце выступіла больш дзесятка вёсак: Асіпавічы, Ілішчавічы, Баранцы, Ручыца, Дубішча, Капішча, Мядзведзіна, Раздоры, Камары, Урэчча, Бараўцы, Ручавыя, Ялажычы. У многіх месцах сяляне прагналі лясную варту і пачалі пілаваць лес для сваіх патрэб. І толькі з дапамогай рэзерву конных паліцэйскіх удалося спыніць высечку панскага лесу і прыцягнуць да судовай адказнасці каля 158 чалавек.

Па дакументах таго часу вядома і тое, што жыхар вёскі Храмцова Хаценчыцкай воласці Іван Кажура 26 лістапада 1905 года арганізаваў выступленне рабочых на картоннай фабрыцы Раёўка (зараз размяшчаецца на сучаснай мяжы Вілейскага і Маладзечанскага раёнаў). Фабрыка належыла Рыгаровічу, а потым да 1939 года – пану Мечыславу Багдановічу з Абадоўцаў. Рабочыя падчас выступу разбілі станкі, зламалі мэблю, павыбівалі вокны. На падаўлення гэтага бунту прыбыло узброенае падмацаванне з Мінска.

Вілейка. Вуліца Аляксандраўская (зараз Савецкая). Фота 1905 года
Вілейка. Вуліца Аляксандраўская (зараз Савецкая). Фота 1905 года

У самой Вілейцы таксама праходзілі выступленні, хоць не ўсе яны былі масавымі і добра арганізаванымі. Рабочыя, гараджане і навакольныя сяляне збіраліся на мітынгі ва ўрочышчы Раманіха, што знаходзілася ў раёне сучаснага Краснага Беражка, каля чыгуначнага маста праз Вілію. Для забеспячэння парадку зімой 1905-1906 гадоў у Вілейцы раскватаравалася рота салдат Віленскага гарнізона. Яны забяспечвалі парадак у горадзе і буйных мястэчках, так, напрыклад, кожны аўторак у рыначныя дні салдаты хадзілі ў Куранец для папярэджання беспарадкаў. Адметны выпадак адбыўся ў Вілейцы, які падрабязна апісваецца ў тагачасных рапартах – «… у руках салдата 105 пяхотнага Арэнбургскага палка, што нёс варту мясцовага вілейскага казначэйства, жандар убачыў пракламацыю». Гэта азначала, што праца агітатараў знайшла выйсце і сюды. Неўзабаве многія салдаты сталі агітаваць сялян не плаціць падаткаў. Некаторыя з іх былі арыштаваны і высланы ў Вільню. Шмат арыштаў тых, хто падтрымліваў рэвалюцыйны рух было на працягу 1905 – 1907 гадоў у Вілейцы і наваколлі. Многіх адпраўлялі на катаргі, у ссылкі ці саджалі ў вілейскую турму.

Але па ўсім было бачна, што народ рыхтаваўся да новых перамен…

Сяргей ГАНЧАР.
Фота з архіва краязнаўчага музея

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 132 queries