Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Вілейка прымала «Беларускі саюз жанчын»

У мінулую суботу, 24 чэрвеня, у рамках выязнога пашыранага пасяджэння Прэзідыума Мінскай абласной арганізацыі грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз жанчын» Вілейка прымала яго ўдзельнікаў. Нягледзячы на дождж, сустрэча атрымалася цёплай. Старшынь раённых і гарадскіх арганізацый (прадстаўніц прыгожай паловы чалавецтва) на вілейскай зямлі гасцінна вітала Святлана Дзяруга, намеснік старшыні райвыканкама па сацыяльных пытаннях і ідэалагічнай рабоце, старшыня Вілейскай раённай арганізацыі ГА «Беларускі саюз жанчын». Сваіх «сябровак» – а менавіта так Святлана Міхайлаўна звярнулася да сваіх калег, дэлегацыю якіх узначаліла старшыня Мінскай абласной арганізацыі ГА «Беларускі саюз жанчын», дырэктар Палаца культуры г. Маладзечна Святлана Сарока – яна запрасіла да Дрэва сяброўства і прапанавала завязаць сімвалічныя каляровыя стужкі, каб мацнела іх сяброўства і плённым было супрацоўніцтва.

На тэрыторыі храма Прападобнай Марыі Егіпецкай гасцей сустрэў настаяцель прыхода храма іераманах Аляксандр Шмырко, які запрасіў наведаць Дом духоўнай асветы і правёў па ім экскурсію.

DSCN9929

Па-за ўвагай не засталося ніводнага памяшкання – ад бібліятэкі да кабінета настаяцеля. А яшчэ прысутныя даведаліся пра гісторыю храма, які з 1865 года – моманту яго пабудовы і асвячэння – ніколі не зачыняўся, і пра тую духоўна-асветніцкую дзейнасць, якая вядзецца тут сёння.

DSCN9943

У гэтым жа рэчышчы вядзецца і дзейнасць Цэнтра эстэтычнага выхавання. Падрабязна пра духоўна-маральны аспект у працы гэтай установы, супрацоўніцтва з царквой і сумесныя праекты і мерапрыемствы, а таксама пра разнастайныя іншыя напрамкі дзейнасці расказала дырэктар цэнтра Таццяна Захарыч падчас мультымедыйнай прэзентацыі «Шлях да прыгажосці». Таццяна Мікалаеўна – чалавек неабыякавы і апантаны сваёю справай, які і словам, і дзеяннем робіць многае для належнага выхавання моладзі. Добрыя словы-пажаданні ад настаяцеля і ў падарунак абразкі з выявай святой, імя якой носіць храм (адзіны такога кшталту ў нашай краіне) – такім было развітанне з гэтым асаблівым месцам.

DSCN9985

Маршрут удзельнікаў выязнога пасяджэння на гэтым не скончыўся – іх чакалі ў Беларуска-германскім сумесным ТАА «Дзіцячы рэабілітацыйна-аздараўленчы цэнтр «Надзея». Падчас пераезду ў вёску Будзішча, дзе і знаходзіцца цэнтр, Святлана Дзяруга расказала гасцям пра адметныя месцы на карце Вілейшчыны, развіццё раёна, падрабязна спыніўшыся, канешне, на сацыяльным аспекце і той дзейнасці, якая вядзецца ў гэтым напрамку.

На тэрыторыі «Надзеі» прадстаўніц «Беларускага саюза жанчын» сустракаў Вячаслаў Макушынскі, дырэктар, які расказаў пра мэты і накірункі дзейнасці рэабілітацыйна-аздараўленчага цэнтра і шляхі іх дасягнення. Гасцей цікавілі пытанні аздараўлення дзяцей, магчымасці ўдзелу ў аздараўленні маламаёмасных і шматдзетных сем’яў і многія іншыя – на іх падрабязна падчас экскурсіі адказаў Вячаслаў Рыгоравіч.

IMG_2301

Пасля наведвання «Надзеі» наступнай кропкай у маршруце стаў Вілейскі філіял ААТ «Маладзечанскі малочны камбінат». Не толькі асартымент прадукцыі і рынкі сбыту былі тэмай размовы з дырэктарам філіяла Марынай Вазняк.

DSCN0023

Разгляд праблем працаўладкавання моладзі, арганізацыя аховы працы на прадпрыемстве, удзел моладзі ў грамадскім жыцці і арганізацыя вольнага часу моладзі – гэтыя пытанні былі таксама ўзняты ў кантэксце гэтай сустрэчы. Падчас наведвання прадпрыемства гасцей запрасілі на дэгустацыю прадукцыі, якая добра вядомая шырокаму колу прыхільных пакупнікоў з-за сваёй якасці. Менавіта такім было знаёмства прадстаўнікоў ГА «Беларускі саюз жанчын» з Вілейшчынай – цікавым, насычаным і «смачным».

IMG_2191

А для ўдзельнікаў выязнога пасяджэння праграма на гэтым не скончылася – у Палацы культуры г. Маладзечна адбылося пленарнае пасяджэнне, падчас якога, сярод іншых, абмяркоўваліся пытанні выдання кнігі «Жанчыны Міншчыны» і стварэння афіцыйнага сайта Мінскай абласной арганізацыі ГА «БСЖ». А скончыўся суботні дзень святочна – удзелам у адкрыцці фестываля «Залаты шансон-2017» у амфітэатры ў гарадскім Парку Перамогі.

Таццяна ШАРШНЁВА.
Фота аўтара і Яўгена СТЭЛЬМАХА

IMG_2182

IMG_2189

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 186 queries