15 верасня ва ўсім свеце прайшоў глабальны дзень уборкі. Да экалагічнай акцыі «Зробім!», якая аб’ядноўвае мільёны людзей, што імкнуцца ачысціць прыроду ад смецця, у гэтым годзе актыўна далучыліся і віляйчане. Неабыякавыя гараджане і моладзь разам з актывістамі «ЗОВіКа» і «Жывога партнёрства» прыбіралі смецце з улюбёных віляйчанамі месцаў – урочышча Дубаўка, Вільянінага хутара, а таксама ляснога масіва ўздоўж чыгуначнага прыпынку «Зеніт» і іншых месцаў.
У Вілейцы ў акцыі «Зробім!» паўдзельнічала больш за тры дзясяткі чалавек, сярод якіх вучні сярэдняй школы № 3, супрацоўнікі лясгаса, мясцовыя актывісты, простыя жыхары і прадстаўнікі грамадскага аб’яднання «ЗОВіК» і «Жывое партнёрства». Цікава, што ўзрост удзельнікаў акцыі па прыбіранні несанкцыянаваных звалак і смецця быў ад 5 гадоў (самы малодшы ўдзельнік акцыі) і да 80-ці. Беларускія гарады прымаюць ўдзел у дадзенай акцыі пачынаючы з 2012 года. Сярод іх зараз і Вілейка.
Усяго падчас акцыі было сабрана каля 20 пакетаў другаснай сыравіны – ПЭТ і шкляных бутэлек, пры гэтым усе пластыкавыя бутэлькі сціскалі. Таксама валанцёры назбіралі каля дзясятка вялікіх пакетаў агульных адходаў. Асобна збіралі крышачкі з пластыкавых бутэлек, падтрымліваючы акцыю «Новае жыццё ў абмен на крышачкі».
Арганізатарамі глабальнай уборкі з 15 красавіка па 15 верасня 2018 года на рэспубліканскім узроўні выступілі – экалагічнае таварыства «Зялёная сетка» ў супрацоўніцтве з установай «Цэнтр экалагічных рашэнняў». Менавіта ад іх віляйчане і атрымалі мяшкі і пальчаткі для ўдзельнікаў уборкі.
– Колькі жыхароў выйдуць на добраахвотную прыборку – гэта наш сацыяльны эксперымент, – падзялілася з намі актывістка аб’яднання «Жывое партнёрства» Ларыса Якавюк, якая і з’вілася арганізатарам дадзенай акцыі ў Вілейцы. – Дарэчы, адметна тое, што сярэдняя школа № 3 і яе дырэктар Мікалай Гіро самастойна праявілі ініцыятыву па прыбіранні ад смецця лесу, а іх, у сваю чаргу, падтрымаў Вілейскі лясгас.
Вілейская акцыя «Зробім!» праходзіла пад дэвізам «Устойлівы рэгіён – моцная краіна» і ў рамках глабальных мэтаў устойлівага развіцця, што былі прынятыя на Саміце ААН у 2015 годзе. Адна з іх – «Мэта № 15», што накіравана на захаванне і аднаўленне выкарыстання экасістэм сушы, такіх як лясы, водна-балотныя ўгоддзі, засушлівыя землі і горы. Вынікам дадзенай Мэты павінна стаць захаванне і аднаўленне экасістэмы сушы, што паспрыяе рацыянальнаму выкарыстанню і распараджэнню лясамі, барацьбе з апустыньваннем, спыненню і звароту назад працэса дэградацыі зямель і страты біяразнастайнасці.
Галоўнае, каб кожны з нас змог засвоіць: «Чыста не там, дзе прыбіраюць – чыста там, дзе не смеццяць!»
Сяргей ГАНЧАР.
Фота Ларысы ЯКАВЮК