2 ліпеня Вілейшчына адзначыла галоўнае свята – Дзень Незалежнасці, 74-ю гадавіну вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і непасрэдна вызваленне Вілейкі – Дзень горада.
Па нязменнай традыцыі сучаснае пакаленне віляйчан аддае даніну памяці і павагі ўсім тым, хто змагаўся на франтах вайны, хто набліжаў доўгачаканы дзень вызвалення, удзельнікам партызанскага і падпольнага руху, а таксама ўсім тым, хто змог выжыць у канцэнтрацыйных лагерах, перажыць цяжкасці ваеннага ліхалецця, усім тым, хто цяжка працаваў у тыле. У гэтым годзе ўрачысты мітынг з удзелам ветэранаў, кіраўніцтва раёна і грамадскасці прайшоў на плошчы Свабоды.
– Для нас назаўжды дзень вызвалення Вілейкі, як і дзень вызвалення Беларусі, застанецца сведчаннем мужнасці, днём гонару і памяці нашага народу, – адзначыў у сваім выступленні старшыня Вілейскага райвыканкама Віктар Кот.
Словы віншаванняў з Днём Незалежнасці і Днём горада гучалі і ад дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Наталіі Жыбуль, а ва ўнісон гэтаму – і словы малітвы за ўсіх палеглых воінаў і захаванне міру на зямлі ад благачыннага Вілейскай царкоўнай акругі, настаяцеля храма прападобнай Марыі Егіпецкай, іераманаха Аляксандра (Шмырко).
У Дзень Незалежнасці мы адзначаем не толькі подзвіг нашых дзядоў і прадзедаў, але і дасягненні сучаснай народнай гаспадаркі. Цырымонію ўзнагароджвання лепшых працаўнікоў народнай гаспадаркі Вілейскага раёна правялі старшыня Вілейскага раённага выканаўчага камітэта Віктар Кот і старшыня Вілейскага раённага Савета дэпутатаў Алена Чабатар.
Ганаровай граматай Мінскага абласнога Савета дэпутатаў за добрасумленную працу, высокі прафесіяналізм і значны ўклад у сацыяльнае развіццё Мінскай вобласці былі ўзнагароджаны: Валянціна Навасёлак, старшыня Іжскага сельвыканкама, і Ксенія Альфер, дырэктар Вілейскага раённага Дома рамёстваў. Ганаровай граматай Мінскага аблвыканкама за добрасумленную працу, высокі прафесіяналізм і актыўны ўдзел у грамадска-палітычным жыцці Мінскай вобласці ўзнагароджаны: Святлана Мацецкая, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Вілейскага дзяржаўнага каледжа, і Ганна Вяжэвіч, загадчыца Ільянскага дзіцячага сада. Ганаровай граматай Вілейскага райвыканкама за шматгадовую плённую працу, высокі прафесіяналізм, добрасумленнае выкананне абавязкаў і значны асабісты ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё Вілейскага раёна ўзнагароджаны: Святлана Баравая, галоўны бухгалтар КУП «Садружнасць»; Уладзімір Галай, электразваршчык цэха асноўнай вытворчасці Вілейскага рамонтнага завода; Віктар Канапелька, геадызіст 1 катэгорыі ДРБУ-162; Аляксандр Крымоўскі, маёр юстыцыі, старшы следчы Вілейскага раённага аддзела Следчага камітэта Беларусі; Лілія Пратасава, дырэктар Людвіноўскага сельскага Дома культуры; Наталля Стрэж, памочнік пракурора Вілейскага раёна, юрыст 2 класа; Ігар Статкевіч, загадчык анкалагічнага дыспансэра Вілейскай раённай бальніцы. Падзяка старшыні Вілейскага райвыканкама за шматгадовую працу, прафесіяналізм, добрасумленнае выкананне абавязкаў і значны асабісты ўклад у развіццё Вілейскага раёна аб’яўлена: Ірыне Гайчук, фельчару Куранецкага дома-інтэрната для састарэлых і інвалідаў; Таццяне Матусевіч, намесніку дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Вілейскай гімназіі №2; Паўлу Парфіновічу, наладчыку кантрольна-вымяральных прыбораў і апаратуры рамонтна-будаўнічага участка Вілейскага вадаканала; Алене Фірага, архівісту Вілейскага раённага архіва. За адвагу, самаадданасць і мужнасць, праяўленыя пры тушэнні пажару жылога дома ў аграгарадку Крывое Сяло, падзяка страшыні райвыканкама ўручана Аляксандру Вяжэвічу, загадчыку складам сельгаспрадпрыемства «Усходні-агра».
Словы віншаванняў з Днём Незалежнасці, як і словы падзякі ад ветэранаў кіраўніцтву Вілейскага райвыканкама, а таксама шматлікім кіраўнікам прадпрыемстваў і арганізацый горада і раёна, гучалі на святочным мітынгу ад старшыні Вілейскай раённай арганізацыі ветэранаў, першага сакратара Вілейскай раённай арганізацыі Камуністычнай партыі Беларусі Ганны Шэпелевай. У сваю чаргу, за значны ўклад у развіццё ветэранскага руху на Вілейшчыне Ганна Пятроўна ўручыла Ганаровыя граматы Валерыю Германенку, старшыні Людвіноўскай пярвічнай ветэранскай арганізацыі, Ліліі Мароз, намесніку старшыні рэвізійнай камісіі раённага савета ветэранаў, валанцёру клуба «Дзеці вайны»; Таццяне Анішчык, намесніку дырэктара па ідэалагічнай рабоце Вілейскага вопытнага лясгаса.
Са словамі падзякі ад маладога пакалення на ўрачыстым мітынгу выступіў навучэнец Вілейскага дзяржаўнага каледжа Марк Дуровіч, які адзначыў бязмерную павагу да ветэранаў, вязняў канцэнтрацыйных лагераў, працаўнікоў тылу, удзельнікаў партызанскага і падпольнага руху – усіх тых, хто падараваў нам мірнае неба і шанец на далейшае вольнае і шчаслівае жыццё.
Урачысты мітынг з ускладаннем кветак да помніка воінам і партызанам завяршыўся, але святочныя мерапрыемствы толькі распачыналіся. Для ветэранаў была арганізавана вечарына ў краязнаўчым музеі, а віляйчан, нягледзячы на дажджлівае надвор’е, чакала разнастайная праграма ў гарадскім парку, дзе раённая бібліятэка, установы культуры, а таксама упраўленне па адукацыі, спорту і турызму Вілейскага райвыканкама, вілейскі каледж зладзілі шэраг цікавых мерапрыемстваў. У другой палове дня Вілейскі Палац культуры запрасіў віляйчан на адкрыццё выставы «Шляхам жыцця» нашага знакамітага земляка, скульптара Уладзіміра Слабодчыкава. І канешне, увечары на Цэнтральнай плошчы распачалася святочная канцэртная праграма, падчас якой маладыя спартсмены Вілейшчыны паказвалі сваё майстэрства ў праграме «Вілейка. Маладосць. Здароўе», жыхары горада змаглі паспаборнічаць у конкурсе капелюшоў «Уся справа ў капелюшы», вілейскаму гледачу сваю праграму «Гарадскі фэст» прадставіў Народны хор «Любанія» пад кіраўніцтвам Андрэя і Марыны Дударчыкаў, прыемна ўразіла шоў-праграма «Шире круг» з удзелам лепшых выканаўцаў і калектываў нашага горада і раёна. За гадзіну да апоўначы віляйчане разам з актывістамі БРСМ, прадстаўнікамі праваахоўных органаў і іншымі праспявалі гімн краіны, а потым з захапленнем назіралі святочны салют, які падаравалі гораду і яго жыхарам спонсарскія арганізацыі. У гэтым годзе сапраўдным падарункам для віляйчан стала і выступленне папулярнай групы 90-х гадоў мінулага стагоддзя «Божья коровка», якая прадставіла сваю праграму ў рамках канцэртнага юбілейнага туру. На наступны дзень святочныя канцэрты адбыліся ў мікрараёнах горада, адным словам – Вілейшчына святкавала! І гэта сапраўды свята ўсёй краіны, бо беларуская зямля шляхамі шматлікіх выпрабаванняў, пуцявінамі барацьбы, бітваў і перамог за родны край крочыла да сваёй Незалежнасці.
Сяргей ГАНЧАР.
Фота Веранікі ШАБЕЛЬНАЙ
Фото Сергея ГОНЧАРА и Вероники ШАБЕЛЬНОЙ