Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Вилейчане отпраздновали Масленицу

Апошнія дні лютага. І няхай сабе кажуць, што гэта яшчэ не заканчэнне зімы (маўляў, і ў сакавіку будуць яшчэ халады), аднак усведамленне таго, што вось-вось пачне адлік першы месяц вясны грэе. Ды і сонейка ўжо пазірае намнога ласкавей… А ў паветры стаіць пах вясны, які наўрад ці перадасі словамі – яго адчуваеш.
Мінулыя выхадныя прайшлі ў нас пад знакам Масленіцы. І гараджане, і вяскоўцы любяць гэта прыгожае свята, прыходзяць на яго сем’ямі, актыўна ўдзельнічаюць ва ўсеагульным гулянні – у конкурсах і жартах, у гульнях і забаўлянках. Падчас масленічных забаў занятак знойдзецца кожнаму: дзеткі з задавальненнем пакатаюцца з высокай горкі (яшчэ большая радасць малым, калі навакол снегу амаль няма, а тут, на свяце, вунь якая гара ўзвышаецца!) ды паласуюцца рознай смакатой, што прадаецца ў гандлёвых палатках; дарослыя з задавальненнем паслухаюць галасістых артыстаў Вілейшчыны, падпяюць ім ды станцуюць, паспрабуюць свае сілы ў конкурсах. Асаблівая цікавасць заўсёды да спаборніцтваў гіравікоў, гарачая падтрымка тых моцных мужчын, хто адважваецца дастаць запаветны пакуначак, залезжы на высачэзны слуп. І няхай далёка не кожнаму з адважных удаецца дасягнуць мэты, але ж важна, што смельчакоў сярод прадстаўнікоў моцнай паловы чалавецтва многа. І які ўсплеск адрэналіну, калі чуеш з усіх бакоў: «Андрэй! Андрэй». А ён, смяльчак, скінуўшы кашулю, падымаецца ўсё вышэй і вышэй…
Кульмінацыяй свята заўсёды з’яўляецца спальванне пудзіла зімы. Яркім полымем гарыць яно, аднак у людскіх сэрцах няма ні кроплі шкадавання. Значыць, зіме, якая, трэба прызнаць, у апошнія гады не вельмі нам дакучае, хутка канец, і ўладарыць ужо будзе вясна-красна, якая разбудзіць усё жывое. І зноў зазелянеюць трава і дрэвы, распусцяцца кветкі, зашчабечуць на ўсе галасы птушкі. Гэта хутка будзе. А пакуль – Масленіца і развітанне з зімой.
Усе гэтыя фотаздымкі наш фотакарэспандэнт зрабіў у суботу, 21 лютага, на свяце «Масленічныя забавы», якое праводзілася ў Шылавічах, і на наступны дзень у Вілейцы, калі ў ніжнім парку ладзілася народнае гулянне «Гуляй, вілейскі народ, у госці Масленіца ідзе!». Падчас гэтых мерапрыемстваў было ўсё: тэатралізаваныя абрады і канцэрты калектываў і асобных самадзейных артыстаў Вілейшчыны,карагоды вакол вогнішчаў і конкурсы, выставы работ народнай творчасці і выставы-продажы… Самае ж галоўнае – людзі адпачывалі сем’ямі, і ўсюды панаваў святочны настрой. А якім жа яму быць, калі развітваліся з дрымотнай зімой і сустракалі прыгажуню вясну.
Ірына БУДЗЬКО.
Фота Аляксея КАМІНСКАГА

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 187 queries