Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Вілейка – Аберхаўзэн: трыццаць год сяброўскіх адносін

На гэтым тыдні Вілейскі раён наведалі прадстаўнікі нямецкага горада Аберхаўзэн, з якімі ў нас
наладжана шматгадовае супрацоўніцтва па аздараўленні дзяцей.

Хутка споўніцца трыццаць гадоў, як евангелісцкая абшчына горада Аберхаўзэн і наш горад Вілейка супрацоўнічаюць па розных напрамках. Пасля Чарнобыльскай катастрофы актыўныя грамадзяне Аберхаўзэна вырашылі дапамагаць беларускім дзецям у аздараўленні, і тады яны выпадкова выбралі на карце Беларусі невялікі горад Мінскай вобласці, якім аказалася Вілейка. З таго часу сотні дзяцей, большасць з якіх ужо самі зараз бацькі, на працягу 25 год мелі магчымасць наведваць галандскі востраў Шарандайка і аздараўляцца ёдным паветрам.
Удзельнікі абшчыны Аберхаўзэна займаюцца да сённяшняга часу аздараўленнем дзяцей, дапамогай вілейскаму аддзяленню Дзіцячага фонду, дзецям і дарослым інвалідам, людзям састарэлага ўзросту і многім іншым катэгорыям насельніцтва. Каля чатырох гадоў запар нашы нямецкія сябры дапамагаюць аздараўляць дзяцей у дзіцячым лагеры «Лясная казка».
Аб гэтым і многім іншым казалі на сустрэчы, якая адбылася ў мінулы чацвер у Вілейскім райвыканкаме. Прадстаўнікоў абшчыны Аберхаўзэна прымалі старшыня райвыканкама Алег Бегунец, старшыня Савета дэпутатаў Алена Чабатар і намеснік старшыні райвыканкама Святлана Дзяруга.
– Дазвольце ад імя віляйчан падзякаваць вам за ўдзел у аздараўленні дзяцей, – адзначыў падчас сустрэчы старшыня райвыканкама Алег Бегунец. – Мы ўдзячны за сяброўскую падтрымку, якая часам больш значна, чым за фінансавая. Мы заўжды рады бачыць вас на вілейскай зямлі.
У сваю чаргу прадстаўнікі дэлегацыі нямецкага горада Аберхаўзэн зачыталі прывітальны ліст ад бюргермейстра (гарадскога кіраўніка) свайго горада да Алега Бегунца, у якім ён адзначаў, што каля трыццаці гадоў нашы гарады і жыхары сябруюць і супрацоўнічаюць. А гэта вельмі важна ў наш час, калі ёсць такое сяброўства, што на працягу многіх дзесяцігоддзяў існуе паміж народамі.
– Шмат гадоў мы наведваем Вілейку. І кожны раз захапляемся вашым горадам і штогод бачым нешта новае ў яго абліччы. Сёння, напрыклад, мы пазнаёміліся з алеяй Герояў, дзе ўбачылі былую нашу знаёмую, Героя працы Марыю Касяк, з якой яшчэ ў 90-я гады мінулага стагоддзя сустракаліся на партызанскай базе ў Лясках. Для нас заўжды вялікі гонар, што ў першы дзень нашага наведвання нас вітаюць на такім вялікім узроўні, – адзначылі госці з Аберхаўзэна.
Сустрэча ў райвыканкаме доўжылася больш гадзіны, і нямецкія сябры і кіраўніцтва раёна паразмаўлялі на самыя розныя тэмы. Наперадзе ў нашых гасцей наведванне «Лясной казкі», азнаямленне з гурткамі па інтарэсах для сталых людзей у Шылавіцкім Доме культуры, наведванне карэкцыйнага цэнтра і сустрэчы з актывам раённага адзялення Чырвонага Крыжа і Дзіцячага фонду.
На развітанне кожны з прысутных адзначыў, што вельмі важна, каб супрацоўніцтва паміж нашымі гарадамі працягвалася. А гэта супрацоўніцтва вельмі важнае, бо заснавана на дапамозе дзецям.
Сяргей ГАНЧАР. Фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 149 queries