Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Віктар Кажура здаў у выдавецтва сур’ёзную кнігу «Азбукоўнік»

З задавальненнем мы прадстаўляем гэту газетную старонку сваім гасцям з гімназіі № 2. Яны – і аўтары, і героі апублікаваных тут матэрыялаў. Спадзяемся, вас, чытачы, зацікавіць творчы «ўхіл» Віктара Кажуры, настаўніка навучальнай установы, пра якога мы ўжо не аднойчы расказвалі ў сваёй газеце.
У гімназіі вывучаюць польскую мову, шануюць імёны, якія па праву належаць усяму свету. Адна з іх – Адам Міцкевіч. Менавіта яму, аўтару знакамітага «Пана Тудэвуша», прысвячаюць свае мерапрыемствы гімназісты. А яшчэ… Словам, знаёмцеся з наведвальнікамі нашай гасцёўні і іх адметнымі справамі.

Пісаць вершы ён пачаў яшчэ малым хлапчуком. А недзе ў класе сёмым адважыўся ды накіраваў свой жартоўна-парадыйны твор у «Сельскую газету». Тады верш не надрукавалі, але даслалі хлопчыку ліст з рэкамендацыямі больш чытаць класікаў, вывучаць фальклор роднага краю. І Віктар не апусціў рукі, наадварот, было радасна, што яму напісалі, не абышлі ўвагай.

– Калі вучыўся на філалагічным факультэце педінстытута імя Горкага, – узгадвае далей герой гэтага матэрыяла Віктар Кажура, настаўнік гімназіі № 2, вядомы на Вілейшчыне і не толькі паэт, а з нядаўняга часу член ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі», – лёс звёў з Міколам Шабовічам, вядомым зараз нашым літаратарам. Цікавы чалавек, таленавіты паэт. Мае творы друкаваліся ў студэнцкіх насценных газетах. А пасля – перапынак ледзь не на два дзясяткі гадоў. Не пісалася чамусьці і ўсё. І толькі ў 1999 годзе, калі адзначалі юбілей Вілейкі, мой конкурсны верш да гэтай падзеі з’явіўся ў «Шляху перамогі». З таго часу пачаў пісаць многа. Спачатку, як кажуць, у стол, пасля пачаў дасылаць вершы ў рэдакцыі. Іх друкавалі. Асаблівы творчы ўздым адчуў у 2009-ым, калі на свет з’явілася мая муза – унучачка Ангелінка. Недзе прыкладна за год напісаў мноства вершаў – і ўсе для яе. Тыя вершычкі сабраны ў першую маю кніжку «Гэта ўсё – Радзіма наша», якая выйшла ў свет у мінулым годзе. А сёлета да Дня абароны дзяцей убачыла свет яшчэ адна кніжка – «Азбука ў вершах і малюнках». Прыемна, што вершамі зацікавіліся, ацанілі, іх чытаюць не толькі мае блізкія, мае ўнукі.
Раённую газету, на старонках якой з’явіўся яго першы верш, а затым іх было надрукавана вельмі многа, Віктар Віктаравіч лічыць своеасаблівым трамплінам, з якога пачаўся яго шлях у творчасць. Вось і выразкі вершаў з раёнкі за многія гады ён беражліва захоўвае. А яшчэ – зборнічкі твораў Мінскага абласнога клуба самадзейных кампазітараў і паэтаў «Жывіца», дзе сярод твораў іншых таленавітых людзей (у тым ліку і віляйчан з творчага калектыву «Элегія») друкуюцца і яго. Менавіта адсюль, з «Жывіцы», віляйчане Уладзімір Цанунін, а крыху пазней і ён, Віктар Кажура, былі рэкамендаваны ў Саюз пісьменнікаў Беларусі. У верасні членам арганізацыі стаў Цанунін, а затым – Кажура.
– А што наперадзе? О-о, задумак нямала, і самых нечаканых, – падзяліўся паэт. – Будуць новыя вершы для дзетак, бо ў мяне ж цяпер ужо дзве музы – Ангелінка і маленькі Цімоша. Ужо і загаловак прыдумаўся: «Ангеліне і Цімошку – пра машыны і дарожку», гэта будуць творы па правілах дарожнага руху для дзяцей. Здаў у выдавецтва сур’ёзную кнігу «Азбукоўнік», у якой сабраны багаты матэрыял для дзяцей, моладзі і дарослых. Ужо ёсць і будуць сур’ёзныя творы для дарослых – натхненне чэрпаю ў родных Карпавічах, дзе жыве матуля, да якой наведваюся штодня.
Многа цікавага расказаў Віктар Віктаравіч і пра дзень сённяшні, і пра планы на будучыню. Чалавек з вялікай практыкай (у школе працуе з 80-ага года), ён лічыць, што патрэбны яшчэ больш грунтоўныя веды, таму сёлета завочна паступіў вучыцца ў магістратуру. І вельмі гэтым задаволены.
Пакінуць след праз мову – вось галоўная мэта настаўніка, паэта і чалавека Віктара Кажуры. І ў яго, безумоўна, усё атрымаецца, будзе той след яркі, выразны – для нашчадкаў.
Ірына БУДЗЬКО.
На здымку: Віктар Кажура са сваёй музай Ангелінкай.
Фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 133 queries