Мы працягваем серыю аповедаў пра адметныя аб’екты сакральнай і грамадскай архітэктуры, што напаткаў лёс забыцця: яны былі спалены падчас войнаў, разбураны ці сышлі ў нябыт са знікненнем паселішчаў, зменай дзяржаў і па многіх іншых прычынах. У серыі артыкулаў «Страчаная спадчына Вілейшчыны» мы распавядаем пра ўнікальныя будынкі драўлянага і мураванага дойлідства нашага краю: касцёлы і цэрквы, сінагогі і капліцы, што існавалі на нашай тэрыторыі і пра якія мы ведаем цяпер толькі па старых фотаздымках, з надрукаваных і вусных успамінаў, з навуковых даследаванняў.
Невялічкая вёска Спягла, што размяшчаецца ў Іжскім сельсавеце, на самым ускрайку Вілейскага раёна, некалі было мястэчкам, а ў 17 стагоддзі тут існаваў нават манастыр базыльянаў. Першыя ўзгадкі аб мястэчку датуюцца 1503-1504 гадамі, калі паселішча ўзгадваецца як воласць Спягло (Спегляны) у Крэўскім павеце, якую вялікі князь Аляксандр падараваў князю Міхаілу Іванавічу Заслаўскаму і Мсціслаўскаму, уладальніку Мсціслаўскага княства. Аднак яшчэ ў 1414 годзе Зяновій Братоша атрымаў пацвярджэнне права валодання бацькоўскімі маёнткамі, сярод якіх былі Чурлёны і Вішнева над возерам Спягла (зараз воз. Вішнеўскае). Гэта гаворыць аб тым, што Спягла існавала значна раней за пералічаныя маёнткі. У 1523 годзе Спягла – маёнтак, уласнасць князя Міхаіла Іванавіча Заслаўскага і Мсціслаўскага: дварэц Спягла і людзі спягольскія. Гэтую ўласнасць атрымала ад князя ў пажыццёвае карыстанне яго другая жонка – княгіня Васіліса Іванаўна Гальшанская. У жніўні 1653 года ўладальнік Спягла Крыштаф Кеўліч склаў тэстамент, у якім адпісваў свой маёнтак (коштам у 26000 польскіх злотых) Віленскаму базыльянскаму манастыру Св. Тройцы. Кеўліч агаворваў, што жадае, каб у Спягле быў утвораны базыльянскі манастыр на 6 манахаў, якія апрача іншага павінны ўтрымліваць у Спягле школку для пяці вучняў розных саслоўяў. У хуткім часе пан Крыштаф памёр, і ўжо праз некалькі месяцаў віленскія манахі ўзвялі пры Успенскай (Прачысценскай) царкве, што вядома з 17 стагоддзя, невялікі «манастырок». Але спакойна маліцца Богу базыльянам у Спягле не давялося.
Нашчадкі пана Крыштафа былі далёка не такімі набожнымі. 10 сакавіка 1654 года ў Спягла прыбыла ўзброеная харугва на чале з Міхалам і Станіславам Кеўлічамі, якая пад барабанны бой учыніла «ўзорнае» разрабаванне манастыра. Манахі былі жорстка збітыя і выкінутыя з маёнтка, царкоўнае начынне Кеўлічы забралі сабе, а салдаты войска вынеслі нават Святыя Дары разам з каштоўнай даразахавальніцаю – святую святых любога храма! Гэтае цяжкае злачынства атрымала шырокі рэзананс на той час. Віленскія базыльяне выклікалі Кеўлічаў на суд змешанага Трыбунала, які перадаў справу ў гродскі крымінальны суд. Троцкі гродскі суд за знішчэнне Спяглаўскага манастыра і здзекі над манахамі асудзіў Кеўлічаў на смяротнае пакаранне. Але выкананню прысуда перашкодзіла вайна Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай, якая пачалася ў траўні 1654 года. Пасля вызвалення Вілейшчыны ад маскоўскіх войскаў у 1661 годзе Кеўлічаў ужо не было ў жывых. Таму вясной 1662 года Спягла бесперашкодна перайшло ў валоданне Віленскіх базыльянаў, якія аднаўляюць пры мясцовай царкве манастыр. Аднак у кастрычніку таго ж года на Спяглаўскі манастыр зноў напалі ўзброеныя шляхціцы. Цяпер гэта былі войскі ашмянскага маршалка Мікалая-Уладзіслава Пшаздзецкага, сваяка нябожчыкаў Кеўлічаў. Маёнтак быў чарговы раз разрабаваны, а манахі выгнаныя ў Вільню.
Нягледзячы на знішчэнне манастыра, Успенская царква ў Спягле заставалася добраўпарадкаваным і заможным храмам. У ёй знаходзіўся вельмі багаты іканастас, два прыгожа аздобленыя бакавыя алтары. Царква валодала апраўленым у срэбра напрастольным Евангеллем – выключна дарагой на тыя часы рэччу. На царкоўнай званіцы было аж шэсць званоў. У канцы 17 стагоддзя парафія Спяглаўскай царквы складалася з 80-ці дробных вёсак і налічвала аж 3000 душ! Велізарная колькасць насельніцтва для спустошаных вайной 1654–1667 гадоў беларускіх земляў. Яна з’яўлялася адной з самых вялікіх на абшарах тагачаснай Цэнтральнай Беларусі. У 1760-я гады на сродкі Андрэя Зянковіча быў ўзведзены новы будынак царквы – на каменным падмурку, з дзвюма вежачкамі. Побач з царквой месцілася званіца з чатырма рознай велічыні званамі. Фундуш царквы быў таксама даволі значным. Так, на 1776 год ён ацэньваўся ў 14000 польскіх злотых.
Паступова царква ў Спягле прыходзіла да заняпаду. Багатае начынне амаль не абняўлялася. Да пачатку 19 стагоддзя дажылі толькі тры званы, адзін з якіх быў разбіты і не выкарыстоўваўся. Шпіталь, які існаваў тут з сярэдзіны 18 стагоддзя, праз пяцьдзесят гадоў утрымліваў толькі аднаго жабрака. Да Спяглаўскай царквы з 17 cтагоддзя былі прыпісаныя дзве каплічкі – у Вішневе і Занарачы (абедзве пад тытулам Св. Пятра і Паўла). Сярод старадаўніх дакументаў захаваліся да нашых дзён праект і фотаздымкі Спяглянскай драўлянай царквы Успення Прасвятой Багародзіцы 1758 года са званіцай, калі яе даследвала Маскоўская археалагічная камісія ў 1908 годзе. Камісія павінна была даць заключэнне: ці можна здзяйсняць рамонт. Вынікі былі наступныя: «…рамонт не магчым, трэба будаваць новую царкву». На той час Спяглянская царква прадстаўляла сабой прамавугольнае ў агульных рысах збудаванне, якое мела двухсхільны дах і невялікую галоўку над франтонам на барабане. Будынак быў вертыкальна ашаляваны і мае лучковыя вокны на галоўным і бакавых фасадах. Галоўны фасад меў квадратныя ў плане аб’ёмы, якія, магчыма, з’яўляліся ў мінулым першымі ярусамі веж. Царкоўны двор быў абнесены агароджай з валуноў, на двары стаялі магутныя драўляныя крыжы. Цікавым фактам з’яўляецца падабенства завяршэння даха з купалам спяглянскай брамы-званіцы з унікальнай капліцай-ратондай у Каралеўцах. Гэта гаворыць аб сталай школе дойлідства на Іжаншчыне і яе традыцыях мясцовых майстроў.
Адна са значных падзей ў жыцці Спяглы было набыццё ў 1859 годзе ёй статуса мястэчка. Яшчэ праз год, 1 красавіка 1860 года, быў выдадзены ўказ аб зацвярджэнні ў мястэчку Спягла штотыднёвых таргоў па панядзелках і 6 разоў на год кірмашоў у першыя панядзелкі пасля Новага года, Грамніц, Успення Багародзіцы, Пакрова Багародзіцы, у дзень Барыса і Глеба і ў першы аўторак пасля Ушэсця Святога Духа. Хаця Спягла і мела статус мястэчка, але спачатку тут забаранялася сяліцца яўрэям. Як і ў любым мястэчку, тут дзейнічала школа, гандлёвыя крамы, карчма, шынкі, піцейныя дамы. Мястэчка Спягла вылучалася сярод іншых тым, што было намнога меншым за іншыя. Так, у 1886 годзе ў 22 дварах пражывала ўсяго 93 праваслаўныя жыхары і 4 яўрэі.
Прыход Спяглянскай царквы ў сярэдзіне 19 стагоддзя аб’ядноўваў праваслаўных вернікаў, якія жылі ў блізкіх і далёкіх паселішчах, сярод іх – Болькава, Дабраўляны, Шэмятаўшчына і нават мястэчка Свір. Усяго ў 215 сем’ях гэтых прыхаджан пражывалі 910 мужчын і 972 жанчыны. 22 ліпеня 1866 года ў Спягле была закладзена новая капліца, а тутэйшыя сяляне адвялі частку сваёй зямлі для могілак побач з царквой. Раней нябожчыкаў хавалі на могілках каля вёскі Балтагузы. Такім чынам спяглянская царква стала могілкавай, а побач была ўзведзена яшчэ і капліца. Захаваўся да нашых дзён фотаздымак 1912 года, на якім відаць царква са званіцай 1758 года і капліца. Успенская царква, якая прастаяла больш 150 гадоў, на пачатку 20 стагоддзя прыйшла ў непрыгоднасць. Таму Сінодам былі адпушчаны крэдытныя грошы сумай 5 тысяч рублёў на будаўніцтва новага мураванага храма, узвядзенне якога пачалося ў 1914 годзе. Аднак Першая сусветная вайна, распачатая 1 жніўня, замарудзіла будаўніцтва. У верасні 1915 года руска-германскі фронт на два з паловай гады стаў у непасрэднай блізкасці ад мястэчка Спягла, і незакончаны храм, як і іншыя будынкі, быў разабраны на ўзвядзенне фартыфікацыйных збудаванняў. Цікавы факт, што на заканчэнне Першай сусветнай, калі на франтах пачаліся стыхійныя хваляванні салдат, тут, каля Спяглы, адбыліся першыя масавыя братанні рускіх з аўстрыйскімі і германскімі салдатамі.
Толькі ў 1923 годзе удалося адкрыць у Спягле новую невялікую драўляную Свята-Успенскую царкву, якая дзейнічае і сёння. Да рамонта 2010 года яна прадстаўляла сабой трохзрубны храм, што складаўся з невялікага квадратнага бабінца, над якім ўзвышаецца званіца, нефа, над франтонам якога невялікая галоўка, а таксама квадратнай абсіды пад аднасхільным дахам. Уваход і аконныя праёмы маюць лучковыя формы. Сцены нефа зроблены «у вугал» з астаткам і ўмацаваны лісіцамі – гэта прадстаўляе рэдкую з’яву для сакральнага драўлянага дойлідства Беларусі. Царква была абшалявана на ўзроўні цокаля і франтона вертыкальна, прасценкі – гарызантальна. Намаганнямі навакольных жыхароў і мецэнатаў у 2010 годзе храм быў адрамантаваны і набыў зменены выгляд і новае жыццё.
Сяргей ГАНЧАР.
Фота прадстаўлена вілейскай суполкай Таварыства аховы помнікаў імя Аляксея Лужынскага
Дзякуй вам за змястоўны артыкул,вельмі цікава было дазнацца пра гістарычнае мінулае мястэчка. Некаторыя факты ўжо і не памяталі нашыя бабулі,таму нам не распавядалі ў савецкім дзяцінстве.Засталіся толькі нейкія маленькія часткі інфармацыі,якія цяжка было змясціць ў адно цэлае.Мы заўсёды былі упэўнены,што мястэчка мае сваю гісторыю,якую вядома трэба шукаць у архівах,ці краязнаўцаў,гісторыкаў. Шчырае,дзякуй вам!