Што і казаць, прыемна кожнаму, калі яго праца цэніцца. Вось і вадзіцелю ААТ «Даўгінава» Дзмітрыю Рысіку імпанавала, што з першай перавезенай ім тысячай тон збожжа на днях яго ўрачыста павіншавалі. І не толькі кіраўніцтва гаспадаркі ды калегі, але і дэлегацыя з Вілейкі – старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Леанід Радзевіч, самадзейныя артысты. Цёплыя словы, найлепшыя пажаданні, музычны падарункі – усё гэта надзвычайна прыемна. Слухаў Дзмітрый Віктаравіч, а ў думках міжволі вяртаўся ў мінулае…
Ужо ў такім далёкім 1983-ім ён, учарашні салдацік, прыйшоў працаваць у родную гаспадарку. Маладому вадзіцелю даверылі тады новую машыну «ГАЗ», на якой ён і адпрацаваў 27 гадоў. Нельга падлічыць, колькі кіламетраў скалясіў на гэтай машыне Дзмітрый Віктаравіч, колькі грузаў перавёз! У тым ліку і збожжа, якога, здаралася, на яго рахунку было і па 1700 тон. Што і казаць, сумленную працу Рысіка заўсёды цанілі, адзначаючы яе граматамі, падзячнымі лістамі, ганаровымі званнямі. Машыну сваю Дзмітрый заўсёды даглядаў і шанаваў. Таму і не падводзіла яна яго.
На дваццацітонным «МАЗе» Рысік ужо восьмы год. І па добрай традыцыі, якая склалася за гады яго працы ў гаспадарцы, заўсёды ў лідарах. Вось і сёлета – таксама.
– Вясной вазіў зялёную масу, цяпер вось – збожжа, а пазней сілас пачнецца, – разважае Дзмітрый Віктаравіч. – І так год за годам. Зімой, праўда, крышку адпачнеш, сілы набярэшся. Я, дарэчы, люблю яе, зіму, ды каб марозная была… Мусіць, таму, што нарадзіўся ў лютым, маці расказвала, што мароз-траскун стаяў тады…
Акрамя працоўных клопатаў, падзяліўся вадзіцель, ёсць у іх з жонкай Святланай Рыгораўнай вялікая гаспадарка (ужо адно тое, што на падворку дзве каровы, пра многае гаворыць), агарод, соткі.
– У пяць гадзін падымаемся – і па гаспадарцы, – падзяліўся Дзмітрый Віктаравіч. – Пакуль на працу, спіна, як кажуць, ужо мокрая. Увечары прыходжу позна, дык мая Рыгораўна ўжо стараецца сама ўправіцца.
Вельмі цёпла, з любоўю гаворыць мой суразмоўца пра сваю спадарожніцу жыцця, адзначаючы, што яму з ёй пашанцавала. І сыны, якія жывуць у гарадах, часта наведваюцца да бацькоў, дапамагаюць ва ўсіх справах. А калі ўсё разам робіцца ды з розумам, дык і ладзяцца справы.
Нашу кароткую размову перарвала звыклае – бункер камбайна напоўніўся збожжам.
– Выбачайце, – развёў рукамі Дзмітрый Віктаравіч,— я – загружацца. Можа, іншым разам болей паразмаўляем.
Упэўнена, што сустрэчы з перадавым вадзіцелем будуць і падставы для размоў –таксама. А пакуль – поспехаў вам усім, хлебаробы. Людзі самай высакароднай прафесіі.
Ірына БУДЗЬКО.
На здымку: падзячны ліст перадавому вадзіцелю ўручае Леанід Радзевіч.
Фота Аляксея КАМІНСКАГА