Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

В Забродье на Вилейщине прошла реконструкция боя Первой мировой войны

У вёсцы Заброддзе Вілейскага раёна на базе мемарыяльнага комплексу «Памяці Першай сусветнай вайны» 11 лістапада было арганізавана традыцыйнае мерапрыемства, прымеркаванае да міжнароднага Дня прымірэння і памяці ахвяр Першай сусветнай вайны і да 100-годдзя падпісання перамір’я ў Солах. У гэты дзень адбылася і рэканструкцыя эпізоду боя Віленскай аперацыі 1915 года Першай сусветнай вайны.
Дзень памяці і прымірэння адзначаецца ва ўсім свеце 11 лістапада, бо ў гэты дзень у 1918 годзе было заключана Камп’енскае перамір’е, якое азначала капітуляцыю Германіі і заканчэнне Першай сусветнай вайны. Гэта вайна доўжылася чатыры гады і тры месяцы і была самай крывавай па колькасці страт, па колькасці параненых і пакалечаных і па колькасці бежанцаў, якія былі вымушаны пакінуць свае родныя вёскі і гарады і адыходзіць у глыб Расіі.

 

IMG_a5631

IMG_a5632

Вёску Заброддзе на Вілейшчыне звыкла называюць вёскай-музеем, або ваенна-этнаграфічным музем, музем Першай сусветнай вайны, музем рэтра-тэхнікі, музейным комплексам і г.д. І ўсё гэта, сапраўды, Заброддзе. Невялічкая вёсачка, якая месціцца на беразе хуткаплыннай Нарачанкі, можа здзівіць бывалага турыста і  нават гісторыка, бо прапануе такі шэраг цікавых і разнастайных экспазіцый, што па праву можа насіць статус рэспубліканскага музейнага комплексу. Але сюды імкнуцца не толькі паглядзець на ўнікальныя выставы, што багата аздоблены экспанатамі больш як стогадовай даўніны. А  яшчэ гэта месца, кажучы без лішняга пафасу, усенароднай памяці.

Вось і ў мінулую суботу Заброддзе сабрала вялікую колькасць прыхільнікаў рэканструктарскіх баталіяў, а таксама тых, хто штогод збіраецца на гэтым месцы, каб аддаць даніну памяці ўсім загінуўшым у гады Першай сусветнай вайны. Тут, на базе мемарыяльнага комплексу «Памяці Першай сусветнай вайны»,адбылося традыцыйнае мерапрыемства, прымеркаванае да міжнароднага Дня прымірэння і памяці ахвяр Першай сусветнай вайны, што адзначаецца ва ўсім свеце 11 лістапада і да 100-годдзя падпісання перамір’я ў Солах. Падзеі, якія, упэўнены, не кожны з нас ведае, бо ў школьных праграмах такой старонкі гісторыі нашай краіны не вывучаецца, ды і нават вузкае кола гісторыкаў, што даследуюць перыяд Першай сусветнай на Беларусі, не змогуць падрабязна распавесці пра Сольскае перамір’е.

IMG_aa5630

IMG_a5633

Аднак 11 лістапада ў многіх краінах – гэта Дзень памяці загінуўшых у Першай сусветнай вайне, афіцыйна вядомы як Дзень памяці, Дзень прымірэння. Першая сусветная вайна лічыцца адным з самых шырокамаштабных ўзброеных канфліктаў у гісторыі чалавецтва, які доўжыўся з 28 ліпеня 1914 года па 11 лістапада 1918 года. Удзельніцамі вайны сталі 38 краін свету. У выніку гэтай вайны спынілі сваё існаванне чатыры імперыі: Расійская, Германская, Аўстра-Венгерская і Асманская. 11 лістапада 1918 года падпісаннем Камп’енскага перамір’я ў Францыі, азначаным капітуляцыяй Германіі, скончылася Першая сусветная вайна, якая доўжылася чатыры гады і тры месяцы. У яе агні загінула амаль 10 мільёнаў чалавек, каля 22 мільёнаў было паранена. Такіх страт чалавецтва да гэтага часу не ведала. У адпаведнасці з умовамі перамір’я Нямеччына прызнала сябе пераможанай, яе арміі пачалі раззбройвацца, нямецкія войскі выводзіліся з усіх акупаваных тэрыторый, у тым ліку і з беларускіх земляў.

IMG_a5634

Другая, не менш важная дата, – 100-годдзе падпісання перамір’я ў Солах. Гэта было першае перамір’е ў Першай сусветнай вайне, гэта была першая спроба прымірэння. І вельмі важна, што гэта адбывалася на беларускай зямлі. Прайшло сто гадоў, як прадстаўнікі 3-й, 10-й і 2-й армій Заходняга фронту і ўпаўнаважаныя галоўнага камандавання нямецкай арміі падпісалі 4 снежня 1917 года ў мястэчку Солы былога Ашмянскага павета (цяпер Смаргонскі раён) дагавор аб перамір’і. Часовае спыненне ваенных дзеянняў на нашай тэрыторыі ў ходзе Першай сусветнай вайны стала адным з першых крокаў насустрач доўгачаканаму міру. Сольскае перамір’е ўступіла ў сілу з 12 гадзін 6 снежня 1917 года на ўсім Заходнім фронце, ад мястэчка Відзы да ракі Прыпяць, гэта значыць у межах сучаснай Беларусі, у тым ліку і на Вілейшчыне. Паводле дамовы неадкладна на пэўным участку фронту спыніліся ўсе баявыя дзеянні ўсімі відамі зброі і сродкамі масавага знішчэння, мінныя і сапёрныя работы, паветраныя палёты над пазіцыямі праціўніка.

IMG_a5635

IMG_a5636

Борыс і Валянціна Цітовічы, якія ўжо больш за чатыры дзясяткі гадоў займаюцца справай вяртання памяці аб несправядліва забытай вайне, аб тых салдатах і афіцэрах, якія паклалі галовы за наша будучае, аб тых падзеях, што адбываліся на нашых землях, змаглі арганізаваць разам з дабрачынным культурна-гістарычным фондам памяці Першай сусветнай вайны «Крокi», аграсядзібай «Заброддзе» вельмі цікавае, разнастайнае і важнае мерапрыемства. Пры падтрымцы гісторыка-культурнага комплексу «Лінія Сталіна», Вілейскага краязнаўчага музея і ваенна-гістарычных клубаў Беларусі, Расіі і Украіны мерапрыемства прайшло на высокім узроўні, што дало магчымасць віляйчанам адзначыць традыцыйна міжнародны Дзень прымірэння і памяці герояў і ахвяр Першай сусветнай вайны, а таксама 100-годдзе падпісання перамір’я ў Солах.

IMG_a5658

 

IMG_a5660

IMG_a5672

IMG_a5674

Пачалося мерапрыемства каля Барыса-Глебскай капліцы, дзе ўсіх прысутных прывітаў Барыс Цітовіч, які прадставіў слова лаўрэату прэміі Прэзідэнта Беларусі «За духоўнае адраджэнне», знакамітаму калекцыянеру і, можна лічыць, нашаму земляку Уладзіміру Ліхадзедаву. А земляку, таму што ў Вілейцы Уладзімір Аляксеевіч з’яўляецца ініцыятарам шматлікіх важных падзей, у тым ліку арганізацыі выстаў, узвядзення помніка 1812 года, а ў будынку былой друкарні па вуліцы Вадап’янава ён стварае ўнікальны музей кнігадрукавання. На мерапрыемстве ў Заброддзі Уладзімір Ліхадзедаў прэзентаваў сваю новую кнігу «Палігон: гісторыя Скобелеўскага ваеннага лагера». Гэтая кніга стала вынікам першага даследавання, прысвечанага гісторыі Скобелеўскага ваеннага лагера, які размяшчаўся ў часы Расійскай імперыі і, як ваенны палігон,існуе і зараз, пад Баранавічамі. Кніга заснавана на ўнікальных зборах фатаграфічных і архіўных матэрыялаў вядомых беларускіх гісторыкаў і калекцыянераў Уладзіміра Ліхадзедава, Уладзіміра Пефціева і доктара царкоўнай гісторыі іерэя Гардзея Шчаглова.
Па традыцыі ў міжнародны дзень памяці і прымірэння ахвяраў і герояў Першай сусветнай вайны ў Заброддзі схіляюць галовы ў памяць аб усіх загінуўшых і адпраўляюць памінальную службу. На пачатку памінальнага малебна благачынны цэркваў Вілейскай акругі, настаяцель храма Прападобнай Марыі Егіпецкай г.Вілейкі іераманах Аляксандр Шмырко,звярнуўшыся да ўсіх прысутных,адзначыў, што Першая сусветная вайна многія дзесяцігоддзі была выкрэслена з памяці пакаленняў і вельмі важна, калі мы можам у сумеснай малітве ўшанаваць памяць воінаў, якія з’яўляюцца воінамі-героямі, што абаранялі нашу радзіму. Затым благачынны сумесна з клірыкам храма іерэем Уладзімірам Ганчаруком і рэгентам царкоўнага хору адправілі памінальны малебен аб загінуўшых воінах. Кожны прысутны на малебне разам са святарамі мог зачытаць імёны загінуўшых у баях на вілейскай зямлі, што вядомыя нам па архіўных дакументах, а потым прымацаваць палоскі паперкі з імёнамі да сцяны капліцы. Вельмі уражвала, як белыя паперкі трапяталі на ветры, быццам белыя матылькі – сімвалы душ загінуўшых.
Пасля памінальнай малітвы ўсе прысутныя перайшлі да новага музейнага аб’екта «Эшалон», які ствараецца на базе мемарыяльнага комплексу ў Заброддзі. Тут разгарнуліся дзеянні першага эпізоду рэканструкцыі. Галоўны, другі, эпізод рэканструкцыі адбыўся на полі за вёскай, дзе быў паказаны фрагмент бою Віленскай аперацыі 1915 года з наступленнем кайзераўцаў, атакай рускай пяхоты і кавалерыі, кулямётнымі і мінамётнымі разлікамі і многім іншым. Удзел у боі прынялі рэканструктары з ваенна-гістарычных клубаў Беларусі, Расіі і Украіны: «54-ы Мінскі пяхотны полк», «250-ы Бадэнскі пяхотны полк» (г. Мінск), «Кулямётная каманда» 4-га Какорскага пяхотнага палка» (г. Мінск), «Грэнадзёрскі Нясвіжскі пяхотны полк», «119-ы Каломенскі пяхотны полк» (г. Мінск), «120-ы Серпухаўскі пяхотны полк» гісторыка-культурны комплекс «Лінія Сталіна», «112-ы Уральскі пяхотны полк» (г. Мінск), ваенна-гістарычны клуб «Рубеж» (г. Брэст), «5-ы Александрыйскі гусарскі полк» (г. Масква), «Данская кулямётная каманда» (г. Масква), Санкт-Пецярбургскія палкі і шпіталь, нямецкія кірасіры, драгуны, «116-ы Абхазскі полк», цэнтр верхавой язды «Двор Старынкі» Вілейскага раёна і іншыя.

IMG_a5645

IMG_a5647

IMG_a5651

IMG_a5653

IMG_a5681

Трэба адзначыць, што ў гэтым годзе ў Заброддзе прыехала больш за 90 рэканструктараў, з якіх 10 былі кавалерыстамі. Такога ў рэканструкцыі эпізодаў Першай сусветнай вайны на Вілейшчыне яшчэ не было. Галоўным арганізатарам рэканструкцыі выступіў Андрэй Аралін, актыўны сябра дабрачыннага фонда «Крокі» і ўдзельнік ваенна-гістарычнага клуба «Эпоха». Ён сабраў рэканструктараў не толькі з Беларусі, але і Расіі і Украіны. Унікальным з’яўляецца і тое, што за дзень да пачатку мерапрыемства рэканструктары-кавалерысты зрабілі конны пераход па Вілейскім раёне, з вёскі Старынкі ў Заброддзе, а гэта больш за 40 кіламетраў верхам. Хаця, як адзначалі ўдзельнікі пераходу, па кавалерыйскіх мерках мінулага стагоддзя гэта стандартны марш. А ў наш час – сур’ёзнае выпрабаванне для мужчын-вершнікаў. Аднак, і тут нароўні з мужчынамі гэты паход пераадолелі дзве ўдзельніцы. Гэта Алена – гаспадыня цэнтра верхавой язды «Двор Старынкі» і інструктар цэнтра – Ксенія. І трэба адзначыць, што маршрут па праходнасці быў даволі цяжкі нават для машыны, але кавалерысты пераадолелі ўсе цяжкасці.

IMG_a5705

IMG_a5713

Трэцім эпізодам рэканструкцыі стаў паказ працы палявога шпіталя і сясцёр міласэрнасці. Кожны эпізод, дарэчы, быў насычаны цікавымі і змястоўнымі каментарыямі яшчэ аднаго актыўнага сябры дабрачыннага фонда «Крокі» Вячаслава Бандарэнкі – вядомага тэлевядучага, пісьменніка, гісторыка, журналіста, кінасцэнарыста, радыёвядучага, аўтара кінарамана-бэстсэлера «Ліквідацыя». Гледачы з захапленнем назіралі за ўсім, што адбывалася падчас рэканструкцыі і слухалі каментарыі вядучага, нават часам незважаючы на зменлівае восеньскае надвор’е, якое пераходзіла ад яснага да дажджлівага неба. Нічога не змагло зменшыць цікавасці ні дзяцей, ні дарослых. Дарэчы, што вельмі прыемна, на гэты раз мерапрыемства ў Заброддзі наведала шмат дзяцей і моладзі, што былі і разам з бацькамі, і з арганізованымі школьнымі групамі, і паасобку. Гэта вельмі важна, бо прывіваць шанаванне памяці продкаў, асабліва тых, хто паклаў галовы на полі брані, трэба з маленства. У завяршэнні мерапрыемства Вячаслаў Бандарэнка, падводзячы вынікі і выказваючы падзяку ад імя ўсіх прысутных, у першую чаргу галоўным і даўнім арганізатарам падобных мерапрыемстваў, сям’і Цітовічаў, адзначыў і тое, што падобныя падзеі вельмі важкія ў нашыя дні і асабліва ў такіх фарматах.

– Сёння ў Заброддзі сабралася шмат моладзі, дарослых людзей. Кожны з нас, хтосьці ўпершыню, а хто ў чарговы раз, змог дакрануцца да часцінкі памяці аб усіх загінуўшых. Магчыма, хтосьці змог усвядоміць і тое, што кожная падзея, кожная старонка нашай айчыннай гісторыі павінна быць адзначана, павінна захоўвацца ў памяці і павінна асэнсоўвацца. Многія мяркуюць, што рэканструкцыя – гэта такія гульні дарослых мужчын. Аднак, заўважу, што гэта адна з сур’ёзных гістарычных дысціплін, якая дазваляе на свае вочы ўбачыць сапраўдныя ваенныя падзеі. Бо, на першы погляд, адбываецца пастаноўка фрагмента боя, а на самой справе старанна падрыхтаваная, даследаваная і вывучаная частка нашай гісторыі. І нават тое адзенне, гузікі, пятліцы, спражкі, не гаворачы пра ўзбраенне, з’яўляюцца ці сапраўднымі рарытэтамі, ці дакладнымі копіямі. Гэта цэлая навука, гэта наглядная гісторыя.

 

IMG_a5688

IMG_a5722

IMG_a5725

IMG_a5726

IMG_a5734

На мерапрыемстве ў Заброддзі было шмат прысутных з усёй Беларусі і замежжа. Былі сярод іх і людзі знакамітыя, і прафесійныя гісторыкі, і музейшчыкі з Пастаў, Мінска, Нарачы, выкладчыкі навучальных устаноў і звычайныя грамадзяне. А вось з адным з прысутных замежных турыстаў, жыхаром Ірландыі, нам давялося пазнаёміцца і пачуць найцікавейшую гісторыю яго падарожжа на Вілейшчыну. Гэта прыклад, які яшчэ раз пацвярджае тое, што памяць пакаленняў жыве, і ёсць тыя нашчадкі, што імкнуцца дазнацца і вывучыць гісторыю сваіх дзядоў і прадзедаў, свайго рода, як гэта належыць кожнаму свядомаму чалавеку. Наш суразмоўца, Пётр Ваявудскі, нарадзіўся ў Польшчы, год дванаццаць таму пераехаў у Ірландыю. Вельмі даўно хацеў наведаць Беларусь, але заўжды паўставала пытанне з візамі. І вось цяпер, калі дазволена знаходжанне ў нашай краіне пяць дзён без візы, Пётр прыехаў на радзіму сваіх продкаў. Ён яшчэ памятае рускую мову, якую некалі вывучаў у польскай школе ў савецкі час, і таму сам змог зарыентавацца ў нашым горадзе, даведаўся пра мясцовы музей, сустрэў у кнігарні людзей, якія дапамаглі наведаць яму вёску Располле Вязынскага сельсавета, дзе да 1939 года жылі яго дзядуля з бабуляй, дзе нарадзіліся яго бацька і цётка. Дзед нашага суразмоўцы, Канстанцін Ваявудскі, быў асаднікам, салдатам войска Пілсудскага. Калі прышлі Саветы, то яго арыштавалі і пасадзілі ў Вілейскую турму. А было гэта ў Вілейцы, куды ён прывёз сваю жонку на настаўніцкі сход, бо яна была выкладчыцай у школе вёскі Рэдзькавічы. Пакуль Канстанцін Ваявудскі чакаў на вуліцы сваю жонку, яго арыштавалі. Пасля гэтага яшчэ некаторы час у турме прымалі для яго перадачы, адзенне, ежу, а потым сказалі жонцы, што больш хадзіць сюды не трэба. Яго далейшы лёс не вядомы. А ў лютым 1940 года арыштавалі і бабулю з яе дзецьмі – бацькам і цёткай нашага суразмоўцы. Іх вывезлі ў Казахстан. Пасля доўгіх выпрабаванняў у 1947 годзе яны ўсё ж змаглі вярнуцца ў Польшчу, дзе і па сёння жывуць тата і цётка Пятра.
– Мой бацька хацеў прыехаць са мною, але былі пэўныя пытанні па выезду нашага ўласнага аўтамабіля,і мне прышлося прыехаць без бацькі. У Вілейскім раёне жывуць вельмі добрыя людзі, і мне тут вельмі спадабалася. Дзякуючы дапамозе віляйчан я змог наведаць родную вёску майго бацькі, паглядзець, дзе жыў мой дзед, дзе працавала мая бабуля. Я вельмі ўдзячны ўсім, хто дапамагаў мне. Цяпер я больш ведаю пра тое, дзе жылі мае продкі, адкуль мой род. Мяне вельмі ўразіў ваш горад, вашы памятныя месцы, дагледжаныя вайсковыя могілкі, гістарычная вуліца Савецкая. Дарэчы, тут жыў і працаваў мой другі дзед, Ян Юрэвіч, ён трымаў на вуліцы Пілсудскага (цяпер Савецкая) кніжную і канцылярскую краму. Мне пашанцавала, што я наведаў вёску Заброддзе, тым больш падчас такога цікавага і значнага мерапрыемства. Вы ўмееце шанаваць сваю гісторыю.
Вось такія сустрэчы падаравала мерапрыемства ў Заброддзі. А словы Пятра Ваявудскага аб тым, што мы ўмеем шанаваць гісторыю, няхай будуць падзякай ад нас усіх Барысу і Валянціне Цітовічам і ўсім, хто мае дачыненне да вялікай справы вяртання памяці.

IMG_a5739

IMG_a5740

IMG_a5744

IMG_a5745

IMG_a5748

IMG_a5751

IMG_a5761

IMG_a5763

IMG_a5771

IMG_a5777

Сяргей ГАНЧАР, фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 134 queries