Гарчыць паветра, натоленае пахам чаромхі. Ёсць асаблівая горыч у гэтых веснавых майскіх днях, на якія прыпадае свята Перамогі. З пакалення ў пакаленне пераходзіць яна як плынь невычэрпнага вытока, спакваля запаўняючы рэчышча новых берагоў. Расплываецца па зямлі боль людскога смутку. І іншыя яго носьбіты з’яўляюцца на свет. А вечнаму кругазвароту памяці не будзе канца… Думкі трывожаць свядомасць, як і гэтыя вершаваныя радкі, што ляжаць на маім рабочым стале. Яны прадыктаваны сэрцамі ўдзельнікаў раённага конкурсу на лепшы літаратурны твор пра чалавека і вайну.
Прымаліся таксама публіцыстыка і проза. Але найбольш было вершаў. Паэзія – не самы лёгкі жанр. Хутчэй, гэта вяршыня творчай дасканаласці стваральніка. Але калі душа яго прагне ўзлёту, творца ў літаральным сэнсе слова становіцца на крыло. Няхай не кожнаму наканавана лунаць у паднябессі, дасягнуўшы вышынь у паэтычным майстэрстве, але так вабіць паспрабаваць свае сілы ў палёце, ахапіць поглядам распрасцёртыя пад крыламі аблокі і ўявіць сябе мілагучнай струной Сусвету.
Спадзяюся, што гэтае святое імгненне перажылі ўсе ўдзельнікі літаратурнага конкурсу. Як і тыя члены журы, хто, пэўна, не адзін вечар прысвяцілі знаёмству з іх творчымі вопытамі. У некаторых, мяркуючы па заяўках на ўдзел, яны былі першымі. Большасць удзельнікаў – дзеці. Хоць умовы конкурсу не абмяжоўвалі яго ўзроставы састаў. Атрымалася даволі прадстаўнічая аўдыторыя: 41 удзельнік вынес на суд журы 48 мастацкіх твораў ва ўсіх трох, вызначаных заснавальнікамі, жанрах.
Перад журы стаяла даволі складаная задача. Патрабавалася пазнаёміцца з конкурснымі матэрыяламі, прааналізаваць іх і вынесці свой справядлівы вердыкт. Хоць, безумоўна, фактар суб’ектыўнасці, асабістага ўспрыняцця твора, з рахунку ніколі не скідваецца. Зноў гартаю свае нататкі, напісаныя ў ходзе знаёмства з творчасцю ў асноўным маладых аўтараў. «Пасвячэнне майму прадзеду» – Можа быць тэмай для глыбокай журналісцкай працы»; «Ружы і крапіва» – Арыгінальна. Публіцыстычна. Лепшае з таго, што да гэтага ўдалося прачытаць»; «У жыцці заўсёды ёсць месца подзвігу» – Вельмі асабістае, шчырае. Без прэтэнзій на арыгінальнасць. Але хвалюе мяне як чытача». «Вайна ў лёсе маёй сям’і» – Пра карову Зорку… такое не прыдумаеш». Аб «Таццяне Цвятковай і яе вершах – «Гэта – паэзія! Безумоўна, прэтэндуе на званне лаўрэата». Нядаўна ў газеце «Шлях перамогі» выйшла літаратурная старонка з творамі гэтага цікавага аўтара. І чалавека, і паэта вельмі сціплага, уражлівага і далікатнага. Яе вершы «шчымяць» душу, калі можна ўжыць гэты выраз у такім словазлучэнні. Няхай ужо прабачаць мне лінгвісты.
«Дождавшихся счастья, не встретивших горе…
Со смертью любовь – в нескончаемом споре.
В честь тех, кому доля досталась лихая
По осени гроздья рябин полыхают.
Рябина-рябинушка – горькая доля
Зазноба-зазнобушка, встретимся ль боле?»
У якім настальгічным міноры гучаць гэтыя радкі – пасвячэнне жанчынам, што не дачакаліся каханых з вайны! Колькі пачуцця трансфармавана цераз уласнае ўспрыняцце, уласны перажытак і, магчыма, уласны боль…
Юная душа ўспрыймае мінулае на генным адчуванні. І, гэта так важна, – насіць у сабе эмацыянальнае суперажыванне. Яно выражаецца ў радках шчырых, ненадуманых, недэклараваных, няхай сабе і не віртуозна адточаных, як гэта назіраецца ў масцітых майстроў пяра.
Уражвае прапанаваны на конкурс дакументальна-мастацкі зборнік, створаны ўдзельнікамі літаратурнай гасцёўні «На Парнасе», вілейскай гімназіі № 2. Рэдактар-укладальнік – вядомы паэт, член Саюза пісьменнікаў Беларусі Віктар Кажура. Ён жа – кіраўнік гасцёўні. Зборнік складзены з трох раздзелаў, кожны з якіх нясе сваю сэнсавую нагрузку. «Залатыя зоркі Вілейшчыны», зразумела пра герояў Савецкага Саюза, нашых землякоў, пазначаных высокімі званнямі за подзвіг і самаахвярнасць. Вайна нараджала масавы гераізм, бо раптам і адразу выплёсквала з сэрца самыя адчайныя і неўтаймаваныя парывы. Бо на зломе гістарычнага лёсу краіны супрацьстаялі свабода і рабства, адчай і ўпэўненасць у будучым, жыццё і смерць .
Раздзел «Вайна ў лёсе маёй сям’і» – гэта тая самая трансфармацыя трагічнай дзеі свету праз сваё ўласнае адчуванне, аб якім мы ўжо гаварылі вышэй. Арганічным пазітыўным працягам ваеннай тэматыкі служыць трэці раздзел – «Люблю цябе, чыстая Белая Русь». Тая Беларусь, за якую змагаліся і паміралі, са сваім адноўленым і светлым абліччам прадстае ў творчасці юных: «Твой небакрай – празрыста-чысты, у небе сонца гарыць агніста. А ў чыстым полі цвітуць рамонкі, вітае ранак салоўка звонка».
Падвядзенне вынікаў конкурсу, заснавальнікамі якога з’явіліся аддзелы ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, адукацыі,спорту і турызму райвыканкама, раённае грамадскае аб’яднанне «БРСМ», раённы дзіцячы фонд і рэдакцыя газеты «Шлях перамогі», адбылося ў гарадской бібліятэцы № 1. У рамках літаратурна-музычнай кампазіцыі, прысвечанай юбілейнай гадавіне Вялікай Перамогі. У яго сюжэтнай канве была сустрэча з вязнямі фашызма Надзеяй Дуровіч і Нонай Цепляковай. Гучалі музычныя нумары ў выкананні ўдзельніц вакальнай групы «Натхненне» пад кіраўніцтвам Сяргея Рудніцкага. Пра безымяннага салдата, што здзейсніў вялікі подзвіг і з полымем вечнага агню зрабіў крок у бяссмерце, спявала чацвёртае пасляваеннае пакаленне нашчадкаў Вялікай Перамогі. Лагічным працягам дзеі стаў конкурс і яго вынікі, словы члена журы, паэта Міколы Кутаса:
– Крануты тым, што вы, малайцы, знайшлі ў сваіх сэрцах такі эмацыянальны парыў. Не падводзячы вынікі, я вас пакуль віншую з удзелам… – Мікола Кутас заўважыў, што ўсе ўдзельнікі ў сваіх літаратурных вопытаў змаглі па-мастацку ўвасобіць тэму вайны. Што, не робячы скідкі на ўзрост аўтараў, журы адзначае сюжэтную вартасць твораў і нават добрае валоданне юных паэтаў тэхнікай вершаскладання.
У апошнім, відавочна, заслуга іх настаўнікаў-філолагаў, якія ў межах школьнай праграмы і нават па-за ёй фарміруюць эстэтычныя схільнасці сваіх выхаванцаў.
Памяць – найвялікшы дар, спасланы чалавецтву нябёсамі. «Няма забыцця на свеце…» – пісаў Іван Лашутка, вядомы паэт вілейскай зямлі. Няма і не будзе, бо ў свет прыходзяць пакаленні, сэрцы якіх навечна засмужаны непераходзячы шэрым, колеру горкай травы палыну, попелам вайны.
У намінацыі «Паэзія» першае, другое і трэцяе месца журы вызначыла для Святланы Вансовіч (СШ № 3), Веранікі Батура (Пагосцкая школа), Мацвея Караля (Даўгінаўская СШ);
У намінацыі «Проза» – для Валерыі Кабак (гімназія № 2), Дзіяны Паўлоўскай і Яны Вайда (СШ № 3). У раздзеле публіцыстыкі сімпатыі журы аддадзены зборніку твораў вучняў гімназіі № 2 «Была вайна», Лізавеце Арцішэўскай (Сцешыцкая СШ), Паліне Гардзевіч (гімназія № 1 «Логас»).
Сярод дарослых удзельнікаў пераможцы вызначыліся наступным чынам: «Паэзія» – Таццяна Цвяткова, «Проза» – Любоў Краўчонак, «Публіцыстыка» – Клаўдзія Дубовік. Віншуем!
Марыя КУЗАЎКІНА.
Фота аўтара





