У мінулую суботу на плашчадцы ля Лыцавіцкага Дома культуры было мнагалюдна і весела. Іграла музыка, чуліся гамонка і смех, разгортваліся цікавыя спаборніцтвы. Тут праходзіла мерапрыемства, прысвечанае Дню абаронцаў Айчыны і 70-годдзю Вялікай Перамогі.
Пяць каманд – Чурлёнскай, Іжскай школ, ААТ «Чурлёны», Іжскага лясніцтва і «Чурлёнская моладзь» (а ёй у Год моладзі, што называецца, і карты ў рукі) – ва ўпартай барацьбе дэманстравалі сваё ўменне ў стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі, разборцы – зборцы аўтамата, веды ўсіх тонкасцяў хімабароны, у дастаўцы «параненых»…
Урачыстым было адкрыццё мерапрыемства – з прывітальным словам да ўсіх звярнулася старшыня Іжскага сельсавета Валянціна Навасёлак. Па добрай традыцыі ўдзел у свяце (а гэта і сапраўды было свята) прынялі госці з Вілейкі – прадстаўнікі РОС ДТСААФ на чале з кіраўніком Васілём Гулецкім, старшыня раённай арганізацыі воінаў-інтэрнацыяналістаў Ілья Малахаў, воін-інтэрнацыяналіст Валерый Сакаленка са сваімі юнымі памочнікамі Аняй Грынцэвіч і Дзімам Сакаленкам.
Але ж да канкрэтных конкурсаў і іх пераможцаў. У асабістых заліках па стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі сярод мужчын пераможны п’едэстал быў такім: Ігар Кібалка, Міхаіл Русаковіч і Віктар Казлоўскі, якія занялі адпаведна першае, другое і трэцяе месцы. Сярод жанчын лепш за ўсіх страляла Наталля Більдзюг (у яе першае месца), Іна Місюліна прызнана другой, а на трэцім месцы Марына Алешка. Пераможцам у разборцы-зборцы аўтамата стаў Дзяніс Бандарэнка, толькі крышку адсталі ад яго Ігар Роліч і Аляксей Роліч. У камандным заліку першае месца прысуджана Іжскай школе, другое – Чурлёнскай, а трэцюю прыступку заняла каманда чурлёнскай моладзі.
Трэба адзначыць, што сапраўдным упрыгожваннем мерапрыемства было выступленне ўдзельнікаў мясцовай самадзейнасці і юных удзельнікаў клуба «Патрыёт». А каб свята яшчэ больш запомнілася, каманды атрымалі ў падарунак сувеніры і торты (спонсарамі сталі раённае аддзяленне Чырвонага Крыжа (С. І. Лях) і Вілейскі хлебазавод (А. П. Сяргей). Камандзе-пераможцы – Іжскай школе – ДТСААФ уручаны пераходны кубак. Думаецца, утрымаць яго будзе не вельмі проста – спартыўных і энергічных людзей у Лыцавічах многа. І гэта мерапрыемства – таму пацвярджэнне.
Ірына БУДЗЬКО.
Фота прадастаўлены Дзянісам ШАРАФАНОВІЧАМ










